Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс Статкевіча пройдзе. Нават калі ў парку


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Месца пад Кангрэс можа быць вызначанае Менгарвыканкамам. А можа і не. Але Беларускі нацыянальны кангрэс, кажа Статкевіч, адбудзецца ў любым разе.

Мікола Статкевіч склікае 15 траўня а 12-ай гадзіне Беларускі нацыянальны кангрэс. Арганізатары разьлічваюць на памяшканьне на 500-600 чалавек. Сёньня Статкевіч чакае афіцыйнага рашэньня ад Менгарвыканкаму — магчыма, Кангрэс дазволяць правесьці ў нейкай канфэрэнц-залі, а магчыма, што і не.

«Мы, безумоўна, спадзяемся, што будзе месца, але гатовыя да іншага варыянту, — кажа Статкевіч. — Кангрэс пачнецца а 12-й 15 траўня ў Менску — гэта адзінае, што я магу сказаць. Калі ня будзе памяшканьня, то мусім ладзіць гэты Кангрэс пад адкрытым небам. Але ён павінен адбыцца. І ён адбудзецца».

Сам Кангрэс, кажа Статкевіч, ня будзе азначаць аб’яднаньня дэмакратычных сілаў Беларусі, але мусіць стаць пачаткам гэтага аб’яднаньня. Разбураць партыі Кангрэс ня будзе, ён мусіць стаць надпартыйным аб’яднаньнем. У Радзе Кангрэсу першы кіраўнік незалежнай Беларусі, чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты розных часоў, пяць былых вязьняў сумленьня.

Мікола Статкевіч перакананы, што колькасьць дэлегатаў будзе дастатковай, каб Кангрэс стаў масавай і знакавай падзеяй. Дэлегаты могуць вылучацца ад сходаў, праз збор подпісаў ці праз квоты, якія будуць вызначаныя ў найбліжэйшыя дні. Да таго ж, у радзе Кангрэсу будуць зарэзэрваваныя месцы для ўдзельнікаў розных палітычных партыяў і рухаў, якія пакуль не далучыліся, але могуць далучыцца да Кангрэсу. Дакумэнты Кангрэсу ўжо даступныя для абмеркаваньня — і, як кажа Статкевіч, дакумэнты пакуль не выклікаюць спрэчак.

«У Беларусі занадта рана паспрабавалі ўтварыць партыйную сыстэму»

Раней Статкевіч казаў, што гатоўнасьць да супрацы ён заўважыў толькі ў малых і раённых гарадах, а нават на абласным узроўні адчуваецца «ўплыў партыйных кіраўнікоў зь Менску». І цяпер ён найбольш спадзяецца на рэгіянальныя дэмакратычныя сілы, якія маюць скласьці большую частку рады Кангрэсу:

Нам трэба вярнуцца назад, мы ў Беларусі, магчыма, занадта рана паспрабавалі ўтварыць партыйную сыстэму. Трэба нешта большае, чым кансультацыйная рада з дарадчымі рашэньнямі.

«Асноўны цяжар барацьбы за дэмакратыю на гэтых людзях [з рэгіёнаў], бо дэмакратыя ў Беларусі цяпер — гэта яны, — тлумачыць Статкевіч. — Мы такім чынам вяртаем сытуацыю да нармальнай, ліквідуем цяперашні разрыў, і стымулюем да ўтварэньня такіх кааліцыяў, утварэньня аб’яднаньняў у рэгіёнах.

Па-сутнасьці, нам трэба вяртаньне да той мадэлі, калі беларусы змагаліся супраць камуністычнага таталітарызму, калі ўсе народы Ўсходняй Эўропы змагаліся. Згадаем „Салідарнасьць“, Народныя фронты — гэта былі аб’яднаньні самых розных людзей самых розных палітычных арыентацыяў. Яны зрабілі сваю справу і распаліся на розныя накірункі. А нам трэба вярнуцца назад, мы ў Беларусі, магчыма, занадта рана паспрабавалі ўтварыць партыйную сыстэму. Трэба нешта большае, чым кансультацыйная рада з дарадчымі рашэньнямі».

Апазыцыя можа дапамагчы ўладам з прызнаньнем выбараў

Статкевіч шкадуе, што дэмакратычныя сілы не абмеркавалі саму мэтазгоднасьць удзелу ў восеньскіх парлямэнцкіх выбарах і ўмовы ўдзелу ў іх (як зьмены ў выбарчае заканадаўства), а адразу пачалі складаць свае сьпісы на выбары. Такіх сьпісаў Статкевіч налічыў ужо сем. А рада Кангрэсу мае навесьці парадак і ў кожнай акрузе вызначыць кандыдата, якога Кангрэс будзе падтрымліваць, «сьцягваць» да яго галасы. Альбо нават дамовіцца з усімі партыямі і рухамі на аднаго кандыдата ад дэмакратычных сілаў на кожнай акрузе.

Цяпер на першым месцы ператварэньне палітычных сілаў у суб’ект палітыкі. Бо цяпер яны аб’ект — аб’ект для маніпуляцыяў улады і каго заўгодна.

З улікам таго, што выбары цяпер будуць праходзіць у адзін тур, і для перамогі трэба толькі адносная большасьць, шмат кандыдатаў ад апазыцыі на адным участку могуць аддаць перамогу праўладнаму кандыдату без фальсыфікацыяў (нават калі кандыдат ад уладаў набярэ 25%, а пяць апазыцыянэраў разам 75%, ды паасобку меней за 25%, то праходзіць кандыдат ад уладаў). І такім чынам абраны парлямэнт, кажа Статкевіч, нават мае шанцы на прызнаньне Захаду.

«Я ня стаў бы ставіць пытаньне выбараў на першае месца, — удакладняе Статкевіч. — Цяпер на першым месцы ператварэньне палітычных сілаў у суб’ект палітыкі. Бо цяпер яны аб’ект — аб’ект для маніпуляцыяў улады і каго заўгодна. А павінныя стаць суб’ектам, здольным да дзеяньня, а ня толькі да грызьні між сабой».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG