Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус і кітаец — браты назаўжды. Але тэхналёгіі паасобку


Смалявічы, Індустрыяльны беларуска-кітайскі парк
Смалявічы, Індустрыяльны беларуска-кітайскі парк

Чаму Аляксандар Лукашэнка незадаволены працай Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Трэцяга траўня прэзыдэнцкім указам вызвалены ад пасады кіраўнік кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Андрэй Галь. Як напісана ў дакумэнце — «за грубае парушэньне працоўных абавязкаў». Незадаволенасьць працай гэтага аб’екта Лукашэнка выказаў, калі выступаў з пасланьнем у Нацыянальным сходзе 21 красавіка. Ён сказаў: «Праца вядзецца надзвычай дрэнна. Бліжэйшым часам там будуць прынятыя самыя жорсткiя меры, у тым ліку кадравыя». На яго думку, у парку трэба ствараць «прадпрыемствы пасьлязаўтрашняга дня... Прадпрыемствам учорашняга і сёньняшняга дня на гэтай пляцоўцы рабіць няма чаго».

Гэты праект рэалізуецца з 2012 году. Зь ім беларускія ўлады зьвязваюць вялікія надзеі. Ён, паводле плянаў, павінен стаць пунктам росту беларускай эканомікі. Дзяржаўныя мэдыі казалі, і сам Лукашэнка казаў, што парк прыцягне 50 млрд даляраў інвэстыцыяў. У пасланьні Лукашэнка назваў гэты тэхнапарк разам з Паркам высокіх тэхналёгіяў драйвэрам інавацыйнага разьвіцьця эканомікі. Рэзыдэнты парку атрымліваюць вялізарныя льготы — гэта фактычна афшор.

Гэта галоўны праект беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. «Вялікі камень» быў урачыста адкрыты падчас візыту сюды старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Другая кампанія плянуе будаваць тут лягістычны цэнтар, калі казаць груба, вялікі склад. Кампанія «Зумліён» плянуе будаваць завод па вытворчасьці аўтакранаў і камунальнай тэхнікі. Якая гэта інавацыйная прадукцыя? Думаю, менавіта гэтым Лукашэнка незадаволены

У парку зарэгістраваныя восем кампаніяў, найперш кітайскіх. Але што яны там зьбіраюцца вырабляць? Аказваецца, зусім не інавацыйную прадукцыю. «Цзюйсінь Солад Тэхналёгія» прыступіла восеньню да будаўніцтва заводу па вытворчасьці прадуктаў зь ячменю і соладу. Другая кампанія плянуе будаваць тут лягістычны цэнтар, калі казаць груба, вялікі склад. Кампанія «Зумліён» плянуе будаваць завод па вытворчасьці аўтакранаў і камунальнай тэхнікі. Якая гэта інавацыйная прадукцыя? Думаю, менавіта гэтым Лукашэнка незадаволены. А таксама тым, што беларускія чыноўнікі і дырэктарат ня могуць асвоіць кітайскую крэдытную лінію ў суме 7 млрд даляраў. Ужо больш за паўгода ў гэтым тэхнапарку не рэгіструюцца новыя рэзыдэнты.

Падобных тэхнапаркаў у сьвеце сотні. Недзе яны эфэктыўныя, недзе — не. Іх посьпех залежыць ад шмат якіх чыньнікаў. Відавочна, што пакуль кітайскія кампаніі безь вялікага энтузіязму ідуць сюды. Думаю, на гэта ўплывае і стан беларускай эканомікі, і неспрыяльны бізнэс-клімат.

Цыганкоў: Гісторыя з кітайскім паркам — такі ж самы паказьнік стану беларускай эканомікі, як і мадэрнізацыя. Яна не ўдалася, гэта прызналі нават улады. А для некаторых кіраўнікоў мадэрнізацыя скончылася сумна — іх адправілі за краты. Вялікія грошы былі выдаткаваныя ўпустую —прычым гэта ўзятыя з боем і шумам заходнія валютныя крэдыты.

Яны самі маюць пэўную тэхналягічную адсталасьць ад Захаду, яны гэта прызнаюць і імкнуцца яе пераадолець, не заўсёды джэнтльмэнскімі сродкамі

Парадаксальная і сытуацыя з кітайскімі крэдытамі. Грошы ёсьць, 7 мільярдаў, але няма прыдатных праектаў. Парк павінен быў стаць вялікім інавацыйным прарывам, прынамсі так заяўлялася. Але людзі, якія знаёмыя з кітайскай спэцыфікай, тут сказалі б: навошта кітайцам дзяліцца інавацыямі зь беларусамі? Яны самі маюць пэўную тэхналягічную адсталасьць ад Захаду, яны гэта прызнаюць і імкнуцца яе пераадолець, не заўсёды джэнтльмэнскімі сродкамі. Па ўсім сьвеце бізнэсмэны ведаюць, што кітайцы схільныя пазычаць, ці красьці, інтэлектуальную ўласнасьць, прыжыўляць яе на сваёй тэрыторыі і выпускаць такую самую ўласную прадукцыю. Намеру дзяліцца новымі тэхналёгіямі зь беларусамі ў кітайцаў, безумоўна, няма. Таму і вырастаюць такія вытворчасьці ў гэтым парку, ад соладу і так далей, што ніяк не назавеш інавацыйным прарывам.

Людзі, якія абазнаныя ў кітайскім мэтадзе вядзеньня спраў і ўвогуле ў кітайскай філязофіі, прадказвалі гэта загадзя. Але ў Аляксандра Лукашэнкі была палітычная звышыдэя — абаперціся на Кітай. Яна знайшла сваё адлюстраваньне і ў эканамічнай сфэры. Беларусь ішла насустрач Кітаю па ўсіх кірунках, не зважаючы ці не жадаючы зважаць на асаблівасьці кітайскага бізнэсу.

Дракахруст: Яшчэ адзін момант, які ляжыць на паверхні, — гэта крызіс кітайскай эканомікі. У мінулым годзе валіліся кітайскія біржавыя індэксы, былі праблемы ў эканоміцы. Ну, і калі ў эканоміцы крызіс, то капітал не ідзе ў тыя месцы за мяжой, дзе ня самы высокі прыбытак. А Беларусь якраз ня самае ласае месца. Так што кітайскім крызісам накрыла і Беларусь. І я мяркую, што калі гэты праект распачынаўся, у Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт былі геапалітычныя ідэі. Ён заўсёды на эканоміку, асабліва міжнародную, глядзіць з палітычных пунктаў гледжаньня. Што Кітай — гэта нібы такая ж Расея, толькі далёкая.

Меркавалася, што Кітаю патрэбны пункт у Эўропе, каб на яго абаперціся — такога кшталту. Тут не былі ўлічаныя такія простыя меркаваньні, што Беларусь — не адзіны і не такі ўжо важны пункт

Меркавалася, што Кітаю патрэбны пункт у Эўропе, каб на яго абаперціся — такога кшталту. Тут не былі ўлічаныя такія простыя меркаваньні, што Беларусь — не адзіны і не такі ўжо важны пункт. Стасункі паміж бізнэсам і ўладай у Кітаі не такія, мякка кажучы, як у Беларусі. Так, там камуністычная сыстэма, партыя трымае руку на пульсе, але сказаць, што кожны юань Палітбюро вызначае, куды ідзе, нельга. Бізнэс там прыватны, ён кіруецца меркаваньнямі прыбытку.

Ня так у Беларусі мёдам памазана. Тое ж было з той жа дрэваапрацоўкай, з мадэрнізацыяй. Вось грошы ўклалі, а высьвятляецца, што збыту няма.

Не выключаю, што яшчэ такая звышыдэя, — часта пра яе гавораць кітайцы, Сі Цзіньпін, — гэта новы Шаўковы шлях. І вось, маўляў, Беларусь на гэтым шляху, і менавіта таму кітайцы будуць укладаць. Ну, шляхі ёсьць розныя, праз Украіну, праз мора. Беларусь — гэта не перашыек паміж Эўропай і Азіяй. Калі ідзе размова пра Шаўковы шлях, тут, хутчэй, будзе транспартная лягістыка, каб празь Беларусь нешта везьці, а не будаваць тут тэхналягічны сад.

Кітай, зразумела, магутная, разьвітая эканоміка, але калі браць тэхналягічна, то гэта аўтсорсінг. Браць высокія тэхналёгіі ў Кітаі — гэта крыху аксюмаран.

Крабалевіч: Беларусі б такі эканамічны крызіс, як у Кітаі — гэта рост на 6% валавога прадукту ў год! А раней там былі больш высокія лічбы.

Дракахруст: ВУП — адна справа, а каціроўкі акцыяў — зусім іншая. І бізнэс, калі прымае свае рашэньні, больш арыентуецца на каціроўкі, чым на агульныя лічбы ВУП.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG