Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гронкі гневу» ад неплацяжоў заробкаў


Якая дынаміка запазычанасьці па заробках? Якія наступствы можа мець яе рост?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: У Беларусі трэці месяц запар расьце сума запазычанасьці прадпрыемстваў па выплаце заробкаў. Паводле інфармацыі Белстату, у красавіку арганізацыі не змаглі своечасова выплаціць сваім работнікам 80,9 мільярда рублёў. Гэтая тэндэнцыя выявілася з канца мінулага году. То бок адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі ўлады спынілі жорсткі кантроль за гэтай справай, які быў у перадвыбарны пэрыяд. За красавік сума вырасла больш чым на 12 мільярдаў. Калі перавесьці красавіцкую запазычанасьць у сярэднія заробкі, то атрымліваецца амаль 11,4 тысяч чалавек не атрымалі заробленых грошай. Здавалася б, няшмат ад агульнай колькасьці працуючых.

Але, па-першае, тут важная тэндэнцыя. Доля стратных прадпрыемства ў прамысловасьці складае 48%. Нацбанк імкнецца праводзіць жорсткую манэтарную палітыку, не друкаваць пустых грошай, не раздаваць шмат крэдытаў. У гэтай сытуацыі можна прагназаваць, што тэндэнцыя будзе нарастаць.

Другі момант. Нельга сказаць, што гэта зусім новая зьява. Такія працэсы назіраліся ў крызісныя 90-я гады. Але яны не былі масавымі. У адрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны, дзе ў 90-я гады затрымкі з выплатай заробкаў і пэнсій цягнуліся месяцамі. А беларусы да гэтага не прызвычаіліся. Для іх гэта зьява — нонсэнс.

Вось ў апазыцыйным асяродзьдзі папулярнае пытаньне: дзе мяжа цярпеньня беларусаў? Такое пытаньне мне часта задаюць журналісты. Дык вось, магчыма, і адказ: калі запазычанасьць па заробках пяройдзе нейкую мяжу

Вось ў апазыцыйным асяродзьдзі папулярнае пытаньне: дзе мяжа цярпеньня беларусаў? Такое пытаньне мне часта задаюць журналісты. Дык вось, магчыма, і адказ: калі запазычанасьць па заробках пяройдзе нейкую мяжу. Бо беларусы, паўтараю, да гэтага не прызвычаіліся і лічаць гэта верхам несправядлівасьці.

І калі мы раз-пораз чуем пра нейкія працоўныя канфлікты, то там галоўнай праблемай, як правіла, зьяўляецца не памер заробку, а менавіта яго несвоечасовая.

Вось мінулым тыднем віцебскі будаўнік Дзьмітры Сталяроў узьлез на вежавы кран у Менску, патрабуючы выплаціць больш за 70 млн. рублёў, якія запазычылі яму некалькі фірмаў. Амаль пяць гадзінаў малады чалавек сядзеў на страле крану, патрабуючы сустрэчы з прэм’ер-міністрам, апэлюючы да прэзыдэнта.

Падаецца, гэта вельмі характэрны і знакавы ўчынак. У краіне адсутнічаюць нармальныя мэханізмы вырашэньня падобных праблем, прававога ўрэгуляваньня працоўных канфліктаў. Няма незалежнага суду, чалавек ня можа зьвярнуцца да свайго дэпутата, бо вядома, якія у нас дэпутаты. Ня можа зьвярнуцца да прафсаюзу, бо вядома якія прафсаюзы. Адзіны выхад — сілавое ўзьдзеяньне на ўладу вось такім спосабам. Ці то мітынг, як гэта рабілі ІП, ці пікет, ці галадоўка, ці вось залезьці на кран, ці вось апошні выпадак — чалавек спрабаваў сам сябе спаліць на Кастрычніцкай плошчы, бо яму не даюць сустрэцца зь дзіцём. Увогуле такія сілавыя ўзьдзеяньні на ўлады — гэта такі беларускі мэханізм пратэсту. Магчыма, гэта першая ластаўка?

Дракахруст: Сапраўды, гэтая зьява спараджае больш вострае незадавальненьне, чым іншыя аспэкты крызісу. Вось калі растуць цэны, зьніжаецца рэальны заробак, адпраўляюць людзей у вымушаныя адпачынкі ці на няпоўны працоўны тыдзень — гэта ўсё цяжка і горка, але ўпарадкавана. Дзяржава, якую беларус вельмі паважае, прысутнічае — проста жыцьцё кепскае. Але вось нявыплаты заробкаў падрываюць сьветапогляд, карціну сьвету.

Такая сытуацыя ўзмацняе сацыяльную зайздрасьць, няпрыязь да больш багатых, да начальства: ага, як нам грошы плаціць — дык няма, а на машыны вашы, асабнякі, курорты ёсьць

Гэта зьява з 90-х гадоў, калі ў савецкіх людзей абрынуўся сьвет. Беларусаў гэта менш закранула, Расею і Ўкраіну — больш, і вось гэтыя нявыплаты ў масавай сьвядомасьці асацыююцца з часам хаосу, бязладзьдзя, безуладзьдзя і беспарадку. Мы ж працавалі, а чаму ж нам не даюць нашае заробленае? Гэта вострыя адчуваньні спараджае ў беларусаў адпаведныя рэакцыі — напрыклад, на кран лезуць.

Такая сытуацыя ўзмацняе сацыяльную зайздрасьць, няпрыязь да больш багатых, да начальства: ага, як нам грошы плаціць — дык няма, а на машыны вашы, асабнякі, курорты ёсьць? Складана, канешне, сказаць, што стане апошняй кропляй. Але ў любым выпадку менавіта гэтая форма дыскрымінацыі, пагаршэньня жыцьця з улікам беларускага сьветапогляду, любові да парадку, больш крыўдная, чым нават зьніжэньне рэальных заробкаў.

Цыганкоў: Тут цікавы аспэкт, што ўлады сьвядома пайшлі на зьніжэньне агульнай грашовай масы. Ад пачатку году, як паведамляў былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, яна скарацілася на 15, 5 трыльёнаў рублёў. Гэта ўплывае на рост курсу беларускага рубля ў дачыненьні да даляру і на сытуацыю на прадпрыемствах. Не друкуюцца пустыя грошы і няма адкуль іх узяць, акрамя як зарабіўшы. Улады сёньня макраэканамічную стабільнасьць пакуль паставілі вышэй за сытуацыю на прадпрыемствах, і нават за сацыяльныя пытаньні.

Рост сацыяльнай напружанасьці, які будзе назірацца ў выніку такой макраэканамічнай палітыкі, будзе несьці ёй пагрозу. Пакуль адзін чалавек залез на кран, але такія выпадкі могуць пачаць пашырацца. Ужо зараз на прахадных заводаў людзі выклікаюць мясцовых начальнікаў з патрабаваньнямі аб выплаце заробкаў альбо аб іх падвышэньні.

Стрымліваць людзей ад актыўных выступленьняў можа толькі страх. Але ўзровень страху зараз відавочна меншы, чым, напрыклад, пасьля разгону Плошчы ў 2010 годзе

Безумоўна, рост сацыяльнай напружанасьці праяўляецца ня толькі ў кухонных спрэчках. Сапраўды людзі абураныя, аўтарытэт ва ўлады вельмі нізкі. Апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні паказалі, што адбываецца падзеньне рэйтынгу як Аляксандра Лукашэнкі, там і іншых інстытутаў ўлады.

Стрымліваць людзей ад актыўных выступленьняў можа толькі страх. Але ўзровень страху зараз відавочна меншы, чым, напрыклад, пасьля разгону Плошчы ў 2010 годзе. Нават у 2011 годзе, калі ўсё было замарожанае, калі апазыцыйныя палітыкі сядзелі ў турмах, але адбылася дэвальвацыя — у Беларусі прайшлі славутыя маўклівыя пратэсты. Людзі неарганізавана выйшлі на вуліцы. Таму зараз калі сытуацыя будзе пагаршацца, то ніякіх стрымліваючых фактараў няма, акрамя таго, што беларусы — ня тыя людзі, якія схільныя актыўна пратэставаць на вуліцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG