Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энтузіяст аднаўляе Горадню мінулых стагодзьдзяў


Ігар Лапеха зь яшчэ ня скончаным макетам габрэйскага раёну Горадні ў ХІХ стагодзьдзі
Ігар Лапеха зь яшчэ ня скончаным макетам габрэйскага раёну Горадні ў ХІХ стагодзьдзі

Ігар Лапеха — вядомы ў Горадні краязнаўца, экскурсавод па старым горадзе і навакольлях. А яшчэ ён шмат часу аддае стварэньню макетаў асобных будынкаў і цэлых кварталаў старой Горадні.

У кватэры Ігара Лапехі стаіць яшчэ не дапрацаваны макет габрэйскага квартала Горадні. Ігар кажа, што праца вельмі карпатлівая.

На макеце можна лёгка пазнаць толькі харальную сынагогу і будынак габрэйскай школкі, якая была перад вайной. Пра іншыя дамы аўтар распавядае:

Макет габрэйскага раёну Горадні ХІХ ст.
Макет габрэйскага раёну Горадні ХІХ ст.

Так, насамрэч, цікава. Бо ад габрэйскага квартала да сёньняшняга дня засталася толькі сынагога і будынак школкі. Ну вось бачыце, на макеце Мясны рынак — цяпер на ягоным месцы будынак банка. А астатняя досыць шчыльная забудова — гэта жылыя дамы, якіх цяпер не пабачыш у рэальнасьці. Вось зьвярніце ўвагу тут на вуліцу Крывую, як зь яе цікава разьвівалася пэрспэктыва, архітэктурныя акцэнты — адразу можна акунуцца ў жыцьцё гэтага квартала пачатку ХХ стагодзьдзя, які ён быў у эпоху свайго максымальнага разьвіцьця. І такіх раёнаў у Горадні шмат, якія цалкам страчаныя.

Гэты квартал быў зьнішчаны яшчэ напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Аўтар макета тлумачыць, якім чынам яму ўдалося аднавіць яго рэальны выгляд:

— Сапраўды, гэты раён загінуў ад пажару напрыканцы ХІХ ст. Аднавіць яго было даволі праблематычна, бо цяжка далося адшукаць крыніцы пра тое, як ён тады насамрэч выглядаў. У літаратуры найчасьцей сустракаецца ягоны від у перадваенны час, але гэта ўжо нешта іншае. Хоць у вайну і тое зьнікла, на ягоным месцы стаялі баракі для гета. Дарэчы, у савецкія часы тут павінна была праходзіць транзытная магістраль, якая закранала ўвесь цэнтар, але гэтым плянам збыцца не давялося.

Сваю заўзятасьць Ігар тлумачыць наступным чынам:

Так выглядаюць макеты асобных гістарычных будынкаў Горадні
Так выглядаюць макеты асобных гістарычных будынкаў Горадні

— Ведаеце, нехта ў гэтым жыцьці становіцца мэляманам, нехта спартовым заўзятарам, а я вельмі люблю архітэктуру. А гэтая праца па стварэньні макетаў пачалася ўжо каля 10 гадоў таму. Яна вельмі складаная і патрабуе вельмі шмат часу, бо дзеля таго, каб макет зрабіць, найперш патрэбна дакапацца да яго гістарычнай тоеснасьці. І вось гэты падрыхтоўчы этап займае найболей часу. А Горадня для гэтага — адзін з найцікавейшых гарадоў, магчыма, нават ва ўсёй Усходняй Эўропе.

— А які пэрыяд Горадні, на твой погляд, у архітэктурным сэнсе найбольш цікавы? Што б хацелася аднавіць?

Макет Рынку (цяперашняй Савецкай плошчы) за царскай уладай
Макет Рынку (цяперашняй Савецкай плошчы) за царскай уладай

— Я ўжо даўно скіраваўся на тое, каб па магчымасьці аднавіць горад пачатку ХVІІ стагодзьдзя. Гэта рэнэсансны сталічны горад часоў Боны Сфорцы і караля Стэфана Баторыя, у які ішлі інвэстыцыі і дзе архітэктура, на мой погляд, дасягнула найбольш цікавага разьвіцьця. У такім стане ён праіснаваў да 1655 году, калі быў разбураны вайной. Уявіце, што тут існавалі дзьве водаправодныя сыстэмы. А прыклады Рэнэсансу, які ўжо потым ніколі не паўторыцца — Стары замак, Ратуша, Фарны касьцёл, Бэрнардынскія касьцёлы, праваслаўныя цэрквы, пляніроўка горада, дзе вуліцы сканчаліся дамінантамі храмаў... Гэта вельмі б хацелася вярнуць, хоць бы на макетах.

Макет Новага замка
Макет Новага замка

— Вядома, аднаўленьнем ты займаесься не адзін, на гэта працуе цэлы калектыў...

— Так, я займаюся гэтым зь дзецьмі, вяду ў Палацы дзіцячай і юнацкай творчасьці гурток, і ў нас склаўся вельмі зацікаўлены калектыў, многія вельмі захопленыя гэтай справай. А многія, нават навучаючыся цяпер у ВНУ, не пакідаюць свайго юнацкага занятку. Некаторыя з вучняў самастойна аднаўляюць таксама цэлыя старыя раёны Горадні. Я, вядома, імкнуся дапамагаць.

Макет Бэрнардынскага касьцёла
Макет Бэрнардынскага касьцёла

— А ці знаходзяць прымяненьне вашы працы ў горадзе?

— Канечне, мару, каб некалі ўлады зацікавіліся і пачалі па маіх гатовых макетах аднаўляць стары горад. Але з гэтага боку ніякай цікавасьці няма. А так наагул працы нашы выстаўляюцца ў музэях, на розных выставах і маюць папулярнасьць у людзей. Бо гарадзенцы вельмі любяць гісторыю свайго горада і цікавяцца помнікамі, якіх ужо ў рэальнасьці няма.

Макет чыгуначнага вакзалу ў Горадні, зруйнаванага савецкімі ўладамі ў 80-я гады
Макет чыгуначнага вакзалу ў Горадні, зруйнаванага савецкімі ўладамі ў 80-я гады

Ігар Лапеха паводле адукацыі біёлаг-эколяг, выкладаў у школе геаграфію, а цяпер працуе ў гарадзенскім Палацы дзіцячай і юнацкай творчасьці. Арганізаваў краязнаўчую школу для дзетак, якая называецца «Прысак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG