Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не аб’екты, а паўнавартасныя грамадзяне» — інваліды выходзяць на мітынг у Менску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

5 траўня 2016 году пройдзе мітынг, які арганізуе грамадзкае аб’яднаньне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў».

Мітынг пройдзе ў парку Дружбы народаў з 12.00 да 15.00.

Мэта мітынгу — падтрымка міжнароднага руху інвалідаў Эўропы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі, зварот ўвагі грамадзтва да праблем безбар’ернага асяродзьдзя для інвалідаў.

Як заяўляюць арганізатары, мітынг ня носіць палітычнага характару і зьяўляецца знакам салідарнасьці інвалідаў-вазочнікаў у імкненьні да годнага жыцьця.

Кіраўнік «Офісу па правах інвалідаў» Сяргей Драздоўскі сказаў Свабодзе, што фармат мітынгу быў зацьверджаны яшчэ пару год таму — калі аб’яднаньне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў» стварала плян дзейнасьці:

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

«Тое, як мы плянуем правесьці гэты мітынг, як хочам зьвярнуцца да грамадзтва і дзяржавы, — гэта вельмі мяккі варыянт. Але мітынг сам па сабе крытычная зьява, і калі яго ладзіць, то трэба ўсьведамляць усе моманты адказнасьці, зьвязаныя зь яго правядзеньнем. Я асабіста лічу, што патрабаваць толькі безбар’ернага асяродзьдзя — гэта вельмі нязначна для мітынгу. Значна большая праблема — гэта тое, як рэпрэзэнтуецца інваліднасьць у грамадзтве. Нам трэба вельмі рэзка адмаўляцца ад гэтых рэпрэзэнтацыяў — як грамадзтву, так і дзяржаве».

Сяргей Драздоўскі адзначыў, што акурат у сфэры стварэньня безбар’ернага асяродзьдзя ёсьць падставы гаварыць пра пэўныя посьпехі дзяржавы. Чаго ня скажаш пра стаўленьне да інвалідаў:

«Зрухі па стварэньні безбар’ернага асяродзьдзя сутыкаюцца з больш значнымі праблемамі — з дыскрымінацыяй. І пра гэта трэба казаць — што ніхто ні на якім узроўні не займаецца праблемай дыскрымінацыі інвалідаў у Беларусі. У нас чалавек з інваліднасьцю — не суб’ект, а аб’ект, непаўнавартасны грамадзянін. Трэба казаць пра гэта. Я лічу, што, праводзячы мітынг за безбар’ернае асяродзьдзе для інвалідаў, трэба быць гатовымі пайсьці і далей. На жаль, я такой гатоўнасьці ў „Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў“ пакуль ня бачу».

Мітынг у парку Дружбы народаў санкцыянаваны гарадзкімі ўладамі, але Сяргей Драздоўскі кажа, што гэтае месца не прыстасаванае для гуртаваньня вялікай колькасьці людзей на вазках:

«Гэта фармальнае месца, якое ўлады дазваляюць для правядзеньня мітынгаў. Туды адпраўляюць усіх — і палітычных, і непалітычных. Калі казаць пра зручнасьць гэтага парку для вазочнікаў, то ёсьць праблемы. Напрыклад, ёсьць праблемы з прыбіральнямі — іх і мала, і яны не прыстасаваныя для вазочнікаў».

У мітынгу возьмуць удзел інваліды-вазочнікі, а таксама людзі зь іншымі формамі інваліднасьці, якім хочацца абмеркаваць іх праблемы. Таксама будуць прадстаўнікі арганізацый, якія працуюць з інвалідамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG