Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчанка: «Так, як жыве інвалід, — гэта нават не для сабакі»

абноўлена

Пэнсынэрка Галіна больш за год апякуецца бяздомным інвалідам-вазочнікам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:09 0:00
Наўпроставы лінк

Многія жыхары Гомеля, кіруючыся на прыпынак грамадзкага транспарту «Мельнікаў луг» альбо ў краму «Эўраопт», сустракаюць на ходніках інваліда-вазочніка. Ён ужо працяглы час просіць тут міласьціну.

Пад зашмальцаванай чырвонай шапачкай — тужлівы пагляд, няголены твар з плямамі ад нядаўніх балячак. На прыгорбленых плячах — паношаная куртка з настаўленым каўняром, у рукавах інвалід хавае кісьці рук, каб ня так мерзьлі. І пустыя, ажно на паўмэтра, калашыны штаноў, загорнутыя на сядзеньне вазка.

Інвалід: «Зайцаў Эдуард Уладзіміравіч, 1968 году нараджэньня. На вуліцы апынуўся, бо няма ані дома, анічога. Ногі страціў — адмарозіў ужо гады два таму. Во, добры чалавек вазок падараваў. Што яшчэ сказаць? Гаварыць жа няма чаго. Вось так патроху й жыву».

Да нядаўняга часу 47-гадовы інвалід жыў паблізу, пад бальконам шматпавярховіка. Але там пачалі рамонт, і ён мусіў падацца далей ад прыпынку і «Эўраопту». У глыбіні густанаселенага мікрараёну абсталяваў новую ляжанку, таксама пад бальконам:

«У дадзены момант жыву на вуліцы. Пад бальконам расьсьцілаю, курткамі накрываюся — так і начую. Варыянтаў ня густа. Гэта пакуль моцных халадоў няма. А наступяць халады, ня ведаю, што рабіць. Вось каб у дом інвалідаў. Родных няма. Ногі, што засталося ад іх, зноў запаліліся. У шпіталь трэба было б. Ногі гніюць, моцна гніюць. Буду сёньня выклікаць хуткую.

Эдуард нарадзіўся ў Сыктыўкары, на поўначы Расеі. Там яшчэ за савецкім часам апынуўся бацька ў пошуках лепшай долі. Маці Эдуард страціў яшчэ ў маленстве. Мачыха настаяла, каб немаўля аддалі ў дом дзіцяці, а бацька, відаць, і не працівіўся. Потым былі інтэрнаты, калёнія для непаўналетніх у Казані — за крадзеж ровараў ды мапэдаў.

Урэшце бацька з Эдуардам вярнуліся на радзіму, у вёску Дзербічы Буда-Кашалёўскага раёну. Эдуард хадзіў у вячэрнюю школу, скончыў ад саўгаса курсы кіроўцаў. Некаторы час працаваў на аўтамашыне. Але ладу ў доме не было. З Сыктыўкару бацька прывёз шкодныя звычкі — п’янства ў першую чаргу. Уласны дом у Зайцавых згарэў — пасялілі ў саўгасным. Эдзік таксама быў не сьвяты. Калі не было за што выпіць, прыбіраў да рук усё, што кепска ляжала. Зноў пасадзілі — другі, трэці раз:

«З турмы выйшаў, а жыць ужо не было дзе. Паўміралі ўсе. Наш дом згарэў, а іншы нам ад саўгаса давалі. У ім і жылі. А калі я ня стаў працаваць у саўгасе, то хто мяне там трымаць будзе, у тым доме? Так і застаўся на вуліцы. А потым яшчэ й ногі страціў».

Зь Дзербічаў Эдуард перабраўся ў Гомель. Бадзяўся, выпіваў. Дакумэнты згубіў. У моцныя халады адмарозіў ногі — іх ампутавалі да каленяў у шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі.

На інваліда яшчэ мінулай зімой зьвярнула ўвагу пэнсіянэрка Галіна Ўладзіміраўна, якая жыве ў мікрараёне «Мельнікаў луг»:

«Я на яго зьвярнула ўвагу, калі на пачатку мінулага лютага ішла раніцай у царкву. Бачу, пад бальконам стаіць яго старэнькі вазок. Раней, канечне, бачыла, што самі бадзягі яго возяць туды-сюды. Канечне, яны выпівалі іншы раз, грошы ў яго забіралі. Я бачыла гэта і думала: ну, бамжы — яны і ёсьць бамжы. А тут спытала: „Дапамога патрэбна“. Адказаў: „Не“.

Увечары, калі вярталася дамоў, ён зноў стаіць каля дома — ніхто па яго не прыйшоў. І скрушна гэтак кажа: „А каму я патрэбны...“. Я адвезла яго пад балькон, пабачыла, дзе ён жыве. Вось такія ўмовы, у якіх ён знаходзіцца, яны не для чалавека. Гэта нават не для сабакі. Бо сабаку бяруць у прытулак і там яго даглядаюць. З таго моманту і стала думаць, як яму дапамагчы».

Неабыякавая пэнсіянэрка стала апекавацца няшчасным інвалідам. Зварыць што — і яму занясе, каб гарачага пасёрбаў. Праз знаёмых Галіна знайшла ладны ўжываны вазок. Стала турбаваць сацыяльныя службы гораду. Урэшце напісала ліст у Гомельскі аблвыканкам:

«Бяз пашпарта яму ніхто ніякай дапамогі не аказвае. Мой ліст аблвыканкам спусьціў па інстанцыях. З сацыяльнага аддзелу нашага Цэнтральнага раёну дама прыяжджала, паглядзела на Эдуарда й кажа: «Пашпарта ў яго няма — мы нічога ня можам зрабіць».

Ад жніўня, калі жаласьлівая грамадзянка пачала біць трывогу, прайшло багата часу, але ў лёсе Эдуарда Зайцава нічога не зьмянілася:

«Дакумэнты на яго мусіць аформіць аддзяленьне па грамадзянстве і міграцыі Буда-Кашалёўскага РАУСу. Там, як я разумею, сваіх спраў багата. Больш як два месяцы мінула з таго часу, калі атрымалі яго анкету. Я акурат сёньня тэлефанавала супрацоўніцы, якая Зайцавым займаецца. Яна тлумачыла, што з Гомельскай вобласьці, з Буда-Кашалёва, адказы на пацьверджаньне грамадзянства прыйшлі, але няма копіі пасьведчаньня аб нараджэньні з Сыктыўкару, дзе Эдуард нарадзіўся. Запыт даслалі туды толькі тры тыдні таму, хоць гэта можна было зрабіць яшчэ ў жніўні. Зайцаў у нас без дакумэнтаў, бяз дома, без сваякоў. І да таго ж яшчэ й калека».

Новае прыстанішча інваліда — таксама пад бальконам
Новае прыстанішча інваліда — таксама пад бальконам

...Кароткі лістападаўскі дзень хіліцца да зьмярканьня. Азызлымі ад першых марозаў рукамі інвалід падымае з ходнікаў і згортвае ў вузельчык поліэтыленавы пакецік з дробнымі купюрамі — даход за дзень — і запіхвае яго кудысьці за пазуху. Туды ж кладзе і пакет са слоікам супу, прынесены Галінай Уладзіміраўнай — так ён даўжэй будзе цёплы. Звыклымі рухамі круціць колы вазка ўперад-назад — і пачынае рухацца ў бок шматпавярховых гмахаў. Пакуль па дарозе, жанчына дапамагае інваліду, і вазок коціцца шпарчэй да першых дамоў, дзе яшчэ нядаўна інвалід «кватараваў». Далей ён круціць колы сам, каб дабрацца да свайго новага прыстанку — пад бальконам, на самоце з холадам і невясёлымі думкамі, што іншага прытулку больш ня будзе ніколі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG