Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аманда Палмэр — дрэздэнская лялька, жонка тэрарыста і голас цуду 


Аманда Палмэр і Браян Вільёнэ з дуэту The Dresden Dolls
Аманда Палмэр і Браян Вільёнэ з дуэту The Dresden Dolls

Чаму варта слухаць скандальную панк-кабарэ-сьпявачку, якой 30 красавіка спаўняецца сорак гадоў.

«Пра што сьпявае гэтая Аманда Палмэр з рознымі „дрэздэнскімі лялькамі“ і „злодзейскімі аркестрамі“? Яна заклікае амэрыканскую моладзь: Прадаць бы даляры, набыць бы рублі, а потым падалей ад гэтай зямлі».

Голас вядоўцы тэлеканалу Fox News быў суворы, быццам бы ён зьвяртаўся да амэрыканскіх дзяцей, якія толькі што на ягоных вачах зьелі пару-тройку пацукоў.

Добра, прызнаю: Пра даляры і рублі вядоўца, вядома ж, не прамаўляў. Замест гэтага ён казаў, што Аманда Палмэр — ідыётка і напісала верш для тэрарыста, за якога напэўна хоча замуж. Сьпявачка чамусьці яго не паслухалася і праз пару гадоў выйшла замуж за брытанскага пісьменьніка Ніла Геймана ды нарадзіла ад таго дзіця.

Вядоўца тады пытаўся ў калегі:

— Як вы ацэньваеце жахлівы верш Аманды Палмэр?
— Перш за ўсе, я ня мела ані найменшага паняцьця, хто гэта такая.
— Так, так...

Сапраўды, у нашы часы лёгка ня ведаць сьпявачку, якая мае ў твітэры толькі мільён зь невялікім хвастом падпісчыкаў. Але параўнальна, напрыклад, зь Біёнсэй, у якой такіх 14 мільёнаў, былая палова панк-кабарэ-дуэту The Dresden Dolls мае адну вялікую перавагу — яна размаўляе са сваімі слухачамі сама.

Таму шмат людзей без дадатковых тлумачэньняў зразумелі няўцямны верш, які зьявіўся ў блогу Аманды Палмэр праз тыдзень пасьля выбуху на Бостанскім маратоне. Сьпявачка, якая доўгі час жыла ў Бостане і была там падчас выбуху, напісала пра ўласныя адчуваньні — злосьць, разгубленасьць, страх. Тым разам атрымалася няўдала, бо для астатніх давялося тлумачыць «Верш для Джахара» яшчэ адным тэкстам. Але сутнасьць нават ня творчага, а, бадай, жыцьцёвага мэтаду Аманды Палмэр — дзяліцца з публікай усім, давяраць сваім слухачам і не баяцца нечага прасіць наўзамен.

Гісторыя зь вершам — ня першы скандал, які з гэтага мэтаду атрымаўся. Калі Палмэр напісала песьню Oasis — часткова з успамінаў пра тое, як яе ў юнацтве згвалцілі — брытанскія тэлеканалы адмовіліся дэманстраваць відэакліп, бо ён «занадта легкадумна паказвае згвалтаваньне, рэлігію і аборт». Палмэр, у адказ, зьдзекліва напісала ў сваім блогу: «Я прапанавала, што можа яны дазволяць гэта прайграць, калі я запаволю песьню і зайграю яе ў міноры».

У 2010 годзе, разышоўшыся з фірмай гуказапісу, Палмэр абвясьціла, што запіша наступны альбом са сваім гуртом The Grand Theft Orchestra на ахвяраваньні слухачоў. У выніку яна сабрала найбольш грошай сярод усіх музычных праектаў у гісторыі інтэрнэт-плятформы Kickstarter — 1.2 мільёна даляраў.

Сама Палмэр у TED-лекцыі «Мастацтва прасіць» тлумачыла гэты посьпех менавіта сваёй вулічнай адукацыяй у часы, калі The Dresden Dolls рабілі першыя крокі ў музыцы, а яна зарабляла на жыцьцё, працуючы «жывой скульптурай».

Але гэта, відаць, праўда толькі часткова. Бо тых, хто спрабуе перарабіць сваё жыцьцё ў мастацкі праект і ўвесь час прысутнічаць у полі чужога зроку і слыху, ня так і мала. Ці атрымаюць яны посьпех, залежыць ня толькі ад правільнага падыходу, але і ад меры таленту. А з гэтым Аманда Палмэр праблемаў ня мела амаль ніколі. І нават тыя яе песьні і вобразы, якія спачатку дратуюць і бянтэжаць, хочацца пачуць ды пабачыць ізноў.

Асьцярожна, у відэакліпах ніжэй прысутнічаюць сцэны гвалту і эротыка!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG