Віцебскія сябры Дзьмітрыя Сталярова Аляксандар і Глеб паведамілі, што іхні сябар цяпер у Віцебску.
Ён адказаў на тэлефанаваньне, але сказаў, што ня можа гаварыць, таму што «разьбіраецца па справе».
Сяброў, як яны сказалі, вельмі зьдзівіла інфармацыя, што Дзьмітры — пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Паводле дакумэнтаў, тэрмін ягонай падпіскі скончыўся 26 красавіка і не працягваўся. Сьледзтва, у зьвязку зь якім Дзьмітры быў пад падпіскай, пачалося ў лютым. У справе ідзецца аб крадзяжы электраінструмэнтаў. Гэты крадзеж Дзьмітры учыніў на будоўлі, дзе ён працаваў. Прычына была тая, што працадаўца не плаціў заробак, і кошт скрадзеных інструмэнтаў цалкам адпавядаў запазычанасьці працадаўцы.
Дзьмітры не сказаў сябрам, што зьбіраецца паехаць у Менск і залезьці на будаўнічы кран. Памкненьняў да экстрэмальных учынкаў за ім не заўважалі.
У Віцебску Дзьмітры ўпарта хадзіў па розных начальніках, спрабаваў трапіць на прыём да мэра горада, але так і ня змог атрымаць заробак за працу на будоўлі гандлёвага цэнтру «Карона» на Ганчарнай вуліцы. Дзьмітры Сталяроў займаўся ўнутранай аддзелкай, яму не заплацілі 40 мільёнаў рублёў. Яшчэ 17 мільёнаў — пеня за затрымку платы.
Суд, куды зьвяртаўся Дзьмітры, прызнаў яго рацыю, аднак грошы будаўніку так і ня выплацілі. Заробак не атрымаў ня толькі Дзьмітры, але і яшчэ некаторыя супрацоўнікі. Але змагацца за свае правы вырашыў толькі Дзьмітры Сталяроў.