Судовы працэс за акцыю ў Слоніме ў падтрымку Надзеі Саўчанкі перанесены.
Сёньня ў Слоніме меліся судзіць грамадзкага актывіста Паўла Севасьцяна за ўдзел у акцыі, якая адбылася ў мінулым месяцы. Некалькі сябраў Слонімскага згуртаваньня дэмакратычных сіл сталі перад дарожным знакам на ўезьдзе ў горад з боку Ліды, трымаючы ў руках плякаты зь літарамі, якія складваліся ў заклік «Свабоду Надзеі Саўчанцы!». Гэтым нібыта яны зьвярталі на сябе ўвагу тых, хто ехаў па трасе.
Паводле Севасьцяна, судзьдзя, перагледзеўшы матэрыялы справы, прыняў рашэньне адправіць пратакол на дапрацоўку назад у міліцыю.
— У матэрыялах справы, па сутнасьці, і быў толькі адзін здымак, які міліцыянты раздрукавалі з інтэрнэту і на падставе гэтага склалі пратакол. Праўда, яшчэ была папера з райвыканкаму, што дазволу на правядзеньне акцыі не давалі. Але ніякіх паказаньняў сьведак ці яшчэ нечага істотнага, што магло б быць сьведчаньнем правядзеньня акцыі — нічога такога не было.
Павал Севасьцян кажа, што ня вельмі верыць у тое, што ў нашай краіне могуць судзіць толькі за тое, што людзі зрабілі здымак, прычым нікога пры гэтым не абражаючы, а проста выказаўшы сваё стаўленьне да бягучых падзей.
— Я, вядома, разумею, што нашы міліцыянты не са сваёй ініцыятывы складалі гэты пратакол ды яшчэ накіроўвалі ў суд. Відавочна, што гэта нечы палітычны заказ. Некаму не падабаецца, што мы тут наагул можам падтрымліваць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку, якую, на нашу думку, несправядліва асудзілі ў Расеі. Некаму вельмі не падабаецца, што ў нас такія думкі. І вось на падставе гэтага і складаюць пратаколы, не зважаючы на існуючыя законы.
Іван Бедка, які таксама ёсьць на гэтым здымку, кажа, што з гэтае нагоды да яго дахаты прыходзілі міліцыянты. Ён патлумачыў ім, што ніякага пікета яны не праводзілі і, натуральна, не зьвярталіся па дазвол у райвыканкам. А здымак з інтэрнэту, як ён патлумачыў міліцыянтам, толькі пацьвярджае, што група аднадумцаў правяла флэшмоб.
— Тады міліцыянты пайшлі, але абяцалі прыслаць позву ў суд. Мы ўсе перакананыя, што заканадаўства беларускага ў дадзеным выпадку не парушалі. І калі справу ўсё ж будуць разглядаць у судзе, то яна папросту рассыплецца, бо ня мае пад сабой аніякай прававой асновы. Зрэшты, быў выпадак, калі нас хацелі прыцягнуць да адказнасьці, калі мы запускалі ў паветра на Дзень Волі бел-чырвона-белыя балёнікі. Праўда, тады нас толькі без падставаў выклікалі ў міліцыю і пра нешта пагаварылі.
Гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель глядзіць на працэс даволі пэсымістычна і кажа, што ён можа мець працяг. Юргель узгадвае, як некалькі гадоў таму ў Горадні двойчы асудзілі праваабаронцаў за тое, што яны зьмясьцілі ў інтэрнэце свае здымкі: першы раз — у падтрымку Бяляцкага, а другі — выказаўшы салідарнасьць з Украінай.
— Нас тады судзілі таксама на падставе адных толькі здымкаў, прычым яшчэ ў памяшканьні РАУС, і ніводзін журналіст ня мог туды трапіць. Так што са справай слонімскіх актывістаў яшчэ, на маю думку, нічога ня скончана. Можна колькі заўгодна казаць, што гэта абсурдныя абвінавачаньні, але справа ў тым, што палітычна матываваныя справы ў нашых судах вырашаюцца ў аднабаковым парадку. Так што думаю, што падобная справа цалкам залежыць толькі ад палітычнай волі ўладаў.