Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хочам ведаць, куды ідуць нашы грошы за паслугі ЖКГ...»


Подпісы да Міністэрства ЖКГ і ўраду ў Слоніме зьбірае актывіст Алесь Масюк
Подпісы да Міністэрства ЖКГ і ўраду ў Слоніме зьбірае актывіст Алесь Масюк

Жыхары Слоніма патрабуюць ад Міністэрства ЖКГ і ўраду празрыстага налічэньня за камунальныя паслугі, а таксама магчымасьці карыстацца альтэрнатыўнымі службамі, якія б маглі абслугоўваць іхнія дамы.

Актывісты БХД у Слоніме аднесьлі ў райвыканкам пэтыцыю да Міністэрства камунальнай гаспадаркі, ураду Беларусі, а таксама мясцовых уладаў з патрабаваньнем палепшыць якасьць камунальных паслугаў у горадзе. За некалькі дзён пад пэтыцыяй падпісаліся 430 чалавек.

Мясцовы актывіст Іван Бедка распавядае, што ініцыятыва пайшла ад саміх слонімцаў пасьля таго, як кіраўніцтва краіны зьмяніла тарыфы ЖКГ. Паводле Бедкі, да іх з прапановамі збору подпісаў пачалі зьвяртацца незадаволеныя новаўвядзеньнямі слонімцы.

— Людзі пачалі наракаць на ўсе гэтыя зьмены і прапанавалі, каб мы склалі зварот, а подпісы, маўляў, пачнём зьбіраць усе разам. Перш за ўсё людзей турбуе празрыстасьць фармаваньня новых тарыфаў. Людзі не разумеюць дагэтуль, за што яны плацяць грошы з сваіх невялікіх заробкаў і пэнсіяў. Многія прапаноўвалі, каб улады арганізавалі альтэрнатыўныя ЖЭСы, каб была канкурэнцыя па абслугоўваньні нашых дамоў.

Подпісы да Міністэрства ЖКГ і ўраду ў Слоніме зьбірае сябра БХК Іван Бедка
Подпісы да Міністэрства ЖКГ і ўраду ў Слоніме зьбірае сябра БХК Іван Бедка

Пэнсіянэр спадар Павал кажа, што пэнсіі атрымлівае 2 мільёны 100 тысяч, а за двухпакаёвую кватэру давялося аддаць амаль 500 тысяч, і гэта пры тым, што ацяпленьне ўжо амаль не працавала.

— Сам прэзыдэнт казаў, што немагчыма разабрацца, як фармуюцца гэтыя тарыфы, чаму мы плацім столькі за ацяпленьне, за ваду, за іншае. Мае суседзі маладыя і таксама не маглі мне патлумачыць, адкуль бяруцца гэтыя лічбы.

Ягоная суседка па доме, спадарыня Тацяна дадае, што кожны месяц бяруць за капітальны рамонт, а калі парамантуюць, ніхто ня кажа.

— У нас ужо старая хрушчоўка, трэба ўсё мяняць. Мы хадзілі цікавіліся, калі паставяць наш дом на капітальны рамонт. Але ніхто нічога ня ведае, нідзе ні ў якіх сьпісах няма. То навошта тады з нас гадамі вылічваюць на той капітальны рамонт? Куды тады ідуць нашы грошы? Пад’езд таксама ніхто не прыбірае, а трэба плаціць. Вунь ходнікі, якія побач з домам, што па іх не прайсьці. Калюгі стаяць, ямы, выбоіны ў двары.

Спадар Іван сярэдняга ўзросту. Ён кажа, што таксама ня можа зразумець гэтых тарыфаў. Ён перакананы, што манапольная ЖКГ не зусім па-гаспадарску распараджаецца тымі рэсурсамі, якія людзі пералічваюць за паслугі.

Мы патрабуем, каб стварылі альтэрнатыўныя ЖКГ, каб гэта нейкім чынам стымулявала і кіраўнікоў, і іх работнікаў.

— Ну вось мы надалей бачым, як рамантуюць трубу, якая пацякла на вуліцы: трое стаяць балбочуць, а адзін нешта капае. І так робіцца гадамі. Гэта ўжо трэба зьмяняць. У нас няма грошай, каб аплочваць гэтую безгаспадарчасьць. Сёньня возьмуць закапаюць, а празь месяц на тым самым месцы раскопваюць ізноў. Вось мы і патрабуем, каб стварылі альтэрнатыўныя ЖКГ, каб гэта нейкім чынам стымулявала і кіраўнікоў, і іх работнікаў.

Алесь Масюк, мясцовы актывіст, які таксама далучыўся да збору подпісаў, кажа, што насамрэч людзі вельмі ўважліва ставяцца да гэтае праблемы і падпісваюцца як ніколі актыўна.

— Адзінае, многія задаюцца пытаньнем — навошта альтэрнатыўныя службы ЖКГ, ды яшчэ прыватныя? Часам даводзілася чуць такія меркаваньні, што калі разгоняць адзінае ЖКГ, то прыватныя не дадуць рады нас абслугоўваць, маўляў, у Расеі такія службы дрэнна сябе зарэкамэндавалі. Многія людзі, нягледзячы на тое, што бачаць безгаспадарчасьць цяперашняй ЖКГ, усё ж баяцца яшчэ прыватных арганізацыяў.

Многія людзі, нягледзячы на тое, што бачаць безгаспадарчасьць цяперашняй ЖКГ, усё ж баяцца яшчэ прыватных арганізацыяў.

А вось што тычыцца таго пункту, у якім прапаноўваецца, каб як мага болей людзей маглі ўдзельнічаць у абмеркаваньні фармаваньня тарыфаў, то за гэта кожны чалавек падтрымку выказваў. І многія паўтаралі словы чыноўніка, які казаў, што новыя тарыфы ўзялі ад балды.

Алесь Масюк дадае, што амаль аднагалосна людзі выказваюцца за аптымізацыю ЖКГ. У прыватнасьці, за скарачэньне чыноўнікаў у гар- і аблвыканкамах.

— Не аднойчы даводзілася чуць ад людзей, што ў падобных канторах сядзяць нейкія людзі і гуляюць у гульні на кампутары. Гэта вельмі абурае. І цяпер людзі, выдаткоўваючы немалыя грошы за камунальныя паслугі, хочуць мець адказы на ўсе пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG