Міністар юстыцыі Ўкраіны Паўло Пятрэнка паведаміў, што яго ведамства атрымала ад Надзеі Саўчанкі, асуджанай у Расеі на 22 гады калёніі, зварот з просьбай аб вяртаньні ва Ўкраіну.
Пра гэта міністар напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ён адзначыў, што зробіць «усё магчымае» згодна міжнародных канвэнцый для вяртаньня Саўчанкі на радзіму. Міністар нагадаў, што Саўчанка была незаконна выкрадзеная з тэрыторыі Ўкраіны і падвергнутая ня суду, а судзілішчу, якое Надзея не прызнае, а таму нават забараніла адвакатам зьвяртацца з апэляцыяй на гэты ганебны прысуд.
Міністар паведаміў, што заўтра сустрэнецца зь яе сястрой Верай Саўчанкай. Між тым Мінюст Украіны праінфармаваў, што ў аўторак, 19 красавіка, пад старшынствам Пятрэнкі адбудзецца міжведамасная нарада адносна вяртаньня Саўчанкі ва Ўкраіну.
Старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій заявіў на пасяджэньні лідэраў парлямэнцкіх фракцый у Кіеве, што таксама будзе рабіць усё магчымае для вяртаньня Надзеі Саўчанкі на радзіму.