У Польшчы адкрыты доступ для журналістаў і гісторыкаў да часткі знойдзеных нядаўна дакумэнтаў (750 старонак), якія могуць сьведчыць пра тое, што ў 1970-1976 гадах Лех Валэнса быў агентам спэцслужбаў ПНР.
Сярод дакумэнтаў — падпісаная Лехам Валэнсам згода на супрацоўніцтва са спэцслужбамі і ведамасьці, якія пацьвярджаюць выплату яму грошай (каля 1500 злотых у месяц — у той час прыкладна сярэдні заробак у ПНР).
«Я найперш чакаю ацэнкі гісторыкаў і экспэртаў. Мы павінны ведаць праўду: палякі маюць на гэта права. Важна вырашыць любыя сумневы, а гэта павінны зрабіць гісторыкі і экспэрты», — заявіла прэм’ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла.
Стаў вядомы таксама зьмест запіскі нябожчыка генэрала Чэслава Кішчака, у доме якога былі знойдзеныя дакумэнты, — у ёй гаворыцца, што «матэрыялы могуць быць апублікаваныя праз 5 гадоў пасьля сьмерці Леха Валэнсы».
Між тым былы прэзыдэнт Польшчы, а ў мінулым актывіст апазыцыі Браніслаў Камароўскі, заявіў: «Спадар прэзыдэнт, вы не адзін — мы будзем абараняць добрае імя Леха Валэнсы, паколькі гэта абарона добрага імя Польшчы».
Характэрна, што прадстаўленыя Інстытутам нацыянальнай памяці дакумэнты яшчэ не прайшлі графалягічнай экспэртызы, іх сапраўднасьць пацьвердзіў архіварыюс інстытуту.
Тэкст згоды на супрацоўніцтва:
«Я, ніжэйпадпісаны Валэнса Лех, сын Баляслава і Фэліксы, народжаны ў 1943 годзе ў Папове, абавязваюся захоўваць у строгай таямніцы ўтрыманьне праведзеных са мной гутарак з супрацоўнікамі службы бясьпекі. Адначасова абавязваюся супрацоўнічаць са службай бясьпекі ў тым, што тычыцца знаходжаньня ворагаў ПНР і барацьбы зь імі. Інфармацыю буду перадаваць у пісьмовай форме, і яна будзе праўдзівай. Факт супрацоўніцтва са службай бясьпекі абавязуюся захаваць у строгай таямніцы і не адкрываць яго нават перад сям’ёй. Інфармацыю, якую перадаю, буду падпісваць псэўданімам „Болек“. Лех Валэнса, Болек».
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1