Беларускі вытворца транспартных сродкаў «Белкамунмаш» да канца 2016 году мае выпусьціць два экспэрымэнтальныя электробусы мадэлі E433, а ў першым квартале 2017 году паставіць для Менску яшчэ 18 электробусаў.
«Тралейбус на батарэйках» не патрабуе кантактнай лініі электраперадач (як аўтобус) і не забруджвае паветра выхлапамі (як тралейбус). Супэркандэнсатары кітайскай вытворчасьці будуць зараджацца на канцавых пунктах. Для таго каб «заправіць» электробус, дастаткова падключыць яго да зараднага слупа на 7 хвілін.
Прадпрыемства пакуль ня кажа пра пастаўкі электробусаў далей за беларускую сталіцу. Але калі ўжо аўтобусы МАЗ пачалі зьбіраць у Польшчы, можна паспрабаваць і для электробусаў атрымаць неабходныя для эўрапейскіх паставак сэртыфікаты. Адпаведныя нормы Эўразьвязу, кажуць на прадпрыемстве, ня надта адрозьніваюцца ад нормаў Мытнага саюзу, адрозьненьні тычацца пераважна камплектацыі.
У афіцыйных публікацыях згадваецца толькі індэкс мадэлі, Е433, але ня брэнд, пад якім будуць выпускаць электробусы. Ранейшыя аўтобус-гібрыд і тралейбус з запасам аўтаномнага ходу прадстаўляліся пад брэндам Vitovt — гэта беларускае імя, перапісанае лацінкай з расейскай транскрыпцыі.
Так і будзе — Vitovt, а ня Vitaŭt? На прадпрыемстве ня ўпэўненыя, бо «трэба зьверыцца з дакумэнтамі», але «напэўна, праз О, лацінскімі літарамі праз расейскую транскрыпцыю». Верагодна, такой назва і застанецца, калі ўжо выкарыстоўвалася раней і была зарэгістраваная на расейскай мове. Зрэшты, законы не абавязваюць пісаць назвы беларускіх электробусаў па-беларуску.