Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтобусы МАЗ будуць зьбіраць у Польшчы


Тым часам беларускія заводы МАЗ летась адсылалі сваіх супрацоўнікаў у доўгія неаплачаныя адпачынкі.

Зборка беларускіх аўтобусаў МАЗ 203088 мае пачацца каля 15 сакавіка ў Плоньску, што ў польскай Сілезіі, перадае Infobus.pl словы кіраўніка польскага прадпрыемства.

«Мы хочам паказаць прадукты, дзе асноўная канструктарская думка беларуская, але выкананьне ўжо польскае, — казаў на польскай прэзэнтацыі аўтобусаў МАЗ дырэктар польскай Glaspo Motors Пэтэр Опас. — Акрамя таго, у іх будуць ужывацца кампанэнты вядомых кампаніяў, такіх як ZF, Knorr, ACTIA і Mercedes-Benz, што стане гарантыяй, з аднаго боку, надзейнай працы машын, а зь іншага — больш за 50% долі кампанэнтаў Эўразьвязу, што мае значэньне пры выкананьні шмат якіх тэндэраў у ЭЗ. На дадзены момант мы хочам спаборнічаць з такімі кампаніямі, як Solaris, быць такімі ж добрымі».

Рашэньне пра пачатак зборкі МАЗаў у Польшчы было доўгачаканым, піша Infobus. Спачатку гаворка вялася пра чэрвень 2015 году. Для Беларусі запуск вытворчасьці МАЗаў у Польшчы — гэта значны, шматгранны посьпех, таму на адкрыцьці вытворчасьці 15 сакавіка можна чакаць прадстаўнікоў беларускага ўраду.

Што цікава, на сайце МАЗ ёсьць навіна пра польскую прэзэнтацыю аўтобусаў, але ў ёй ня згадваецца запуск вытворчасьці, а толькі апісваюцца характарыстыкі аўтобусаў.

У Польшчы мае зьбірацца гарадзкі пасажырскі МАЗ 203088 — адзіны аўтобус МАЗ, які адпавядае стандарту «Эўра-6». Аўтобус мае рухавік Mercedes-Benz OM 936 LA, 6-ступеневую каробку перадачаў ZF 6AP1400B, электронныя сыстэмы падвескі і прываду тармазоў, новы камфартабэльны і бясьпечны салён са сьвятлодыёдным падсьвятленьнем, кандыцыянэрам і абагравальнікам, а таксама сыстэму кнілінгу — нахіленьня кузава ў бок пасажырскіх дзьвярэй дзеля пасадкі-высадкі людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Тым часам у Беларусі прадпрыемствы МАЗу не заўсёды могуць забясьпечыць працай сваіх рабочых. Неаднаразова на прадпрыемствах спыняліся канвэеры, супрацоўнікаў адсылалі ў неаплачаныя адпачынкі. Рабочыя заводу летась наракалі: цяпер машыны купляюць мала, на заводзе працаваць не даюць, на зарплату ў 200 даляраў жыць цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG