Марк Фейгін, адвакат грамадзянкі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі, якая ўтрымліваецца ў расейскім СІЗА, заявіў, што прызнаньне прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным факту перамоваў аб вызваленьні ўкраінкі Надзеі Саўчанкі дае шанцы на канчатковае рашэньне. Пра гэта ён заявіў у камэнтары Радыё Свабода.
«Пуцін пацьвярджае, што прамыя перамовы з Кіевам вядуцца. Гэта ўжо нядрэнна само па сабе. Прызнаньне перамоваў на дыпляматычнай мове азначае, што перамовы павінны скончыцца нейкім рашэньнем. Зь іншага боку, гэтая фраза пра „забяганьне наперад“, якая нічога ня значыць, хутчэй за ўсё тычыцца таго, што Пуцін не сьпяшаецца з рашэньнем праблемы Саўчанкі. То бок, гэта ня значыць, што Саўчанку адпусьцяць празь дзень, два, тыдзень», — сказаў Фейгін.
Па словах адваката, у пытаньні вызваленьня Надзеі Саўчанкі для Пуціна, як і раней, ключавым застаецца пытаньне выгады.
«Гэта, безумоўна, спроба даказаць, што момант яе вызваленьня будзе зьвязаны з выгадай для яго, Пуціна, і зусім не для Ўкраіны ці Саўчанкі... Гэта значыць, што яны будуць шукаць рашэньне, выгаднае для іх, але не цяпер» , — дадаў адвакат.
14 красавіка ў адказ на пытаньні журналістаў пасьля «прамой лініі» Пуціна з народам расейскі прэзыдэнт заявіў, што Расея знаходзіцца ў кантакце з украінскай уладай па пытаньні далейшага лёсу ўкраінскай грамадзянкі Надзеі Саўчанкі. «Мы ў кантакце па гэтым пытаньні з кіраўніцтвам Украіны, нашы партнэры ведаюць нашу пазыцыю, і ў такіх пытаньнях лепш не забягаць наперад», — сказаў Пуцін.
22 сакавіка Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай у забойстве расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы Расеі і прысудзіў яе да 22 гадоў зьняволеньня. Надзея Саўчанка катэгарычна адпрэчыла абвінавачваньні.
Сёньня, 15 красавiка — 10 дзень сухога галаданьня ўкраінскай лётчыцы. Яе стан адвакаты напярэдадні ацанілі як дрэнны.