Інфармацыю аб стане здароўя грамадзянкі Ўкраіны Надзеі Саўчанкі, заснаванай на выніках аналізаў і абсьледаваньняў, па стане на вечар 12 красавіка мае толькі расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў. Пра гэта Радыё Свабода распавёў адвакат украінкі Мікалай Полазаў.
«Надзеі не даюць вынікаў аналізаў, не даюць вынікаў абсьледаваньняў. Іх не прадстаўляюць ні родным, ні адвакатам Надзеі Саўчанкі. Нам прапануюць верыць толькі на словы ФСВП», — падкрэсьліў Мікалай Полазаў.
13 красавіка ў СІЗА Новачаркаску Надзею Саўчанку плянуе наведаць яе адвакат Ільля Новікаў, а 14 красавіка з Надзеяй спадзяецца ўбачыцца яе сястра Вера Саўчанка.
22 сакавіка Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай у саўдзеле ў забойстве расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы Расеі і прысудзіў да 22 гадоў зьняволеньня. 5 красавіка прысуд уступіў у сілу. Надзея Саўчанка катэгарычна адпрэчыла абвінавачваньні. З 6 красавіка яна абвясьціла сухую галадоўку.