Пра гэта Свабодзе паведаміла прадстаўніца ініцыятывы StudWatch.by, дырэктарка Цэнтра разьвіцьця студэнцкіх ініцыятыў Аляксандра Кузьміч.
«Да нас зьвярнулася дзяўчынка (Ульяна Трэгубава), на якую пачаў ціснуць дэканат праз выклікі яе і яе бацькоў за ўдзел у Дні Волі і мітынгу прадпрымальнікаў. Гэтая дзяўчына атрымала адміністратыўнае спагнаньне за мітынг прадпрымальнікаў, але перад гэтым яе яшчэ ў дэканаце прымусілі напісаць тлумачальную запіску. Таму калі яе выклікалі на камісію па пропусках, стала зразумела, што гэта хутчэй за ўсё зьвязана менавіта зь яе грамадзянскай пазыцыяй, а ня з пропускамі. Акрамя таго, як кажуць самі студэнты, такая ўвага да пропускаў пачалася толькі з апошняга сэмэстру, акурат пасьля Маршу студэнтаў. Тады таксама была вялікая камісія, куды склікалі каля 30-40 студэнтаў», — распавядае актывістка.
Аляксандра Кузьміч разам з Ульянай Трэгубавай прыйшла на камісію, але ёй не дазволілі прысутнічаць пры разглядзе справы. Аднак, на думку актывісткі, увага да гэтай сытуацыі з боку незалежных студэнцкіх ініцыятыў станоўча паўплывала на вынік: Ульяна атрымала самае мяккае з магчымых спагнаньняў — заўвагу дэкана.
«Але гэта не паказчык таго, што справа скончаная, — мяркуе Аляксандра Кузьміч. — Дакладна такая ж сытуацыя была ў мінулым сэмэстры з Глебам Вайкулем на тым жа самым філялягічным факультэце. Магчыма, пакараньне будзе толькі адтэрмінаванае, бо дзяўчыне далі зразумець, што ён не дадуць давучыцца. Таму зараз наша задача ў тым, каб не дапусьціць далейшага ціску, а дзяўчыне трэба быць вельмі пільнай, бо можа быць, што яе ў выніку адлічаць не праз адміністрацыйныя спагнаньні, а праз акадэмічную запазычанасьць».
У яшчэ адной студэнткі філялягічнага факультэту Аляксандры Лашук пасьля Дня Волі выклікалі ў дэканат бацькоў.
«Магчыма, яе проста намагаліся ідэнтыфікаваць. Бо дзяўчаты на акцыі ішлі з плякатамі і закрытымі тварамі, а бацькам Сашы паказалі фатаграфію з Дня Волі і спыталі, ці іх гэта дачка», — распавяла Аляксандра Кузьміч. Аляксандра Кузьміч заклікае студэнтаў не замоўчваць выпадкі парушэньня сваіх правоў, а зьвяртацца да ініцыятыў, якія займаюцца маніторынгам парушэньняў у ВНУ.