Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады павінны праводзіць рэформы, а ня проста падвышаць пэнсійны ўзрост...»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Людзі, якія сёньня ў Горадні ня маюць працы і шукаюць яе ў Цэнтры занятасьці, успрымаюць указ аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту з разгубленасьцю. Але знаходзяцца і тыя, хто дае дзяржаве свае парады.

Паводле ўказу № 137 «Аб удасканаленьні пэнсійнага забесьпячэньня» прадугледжваецца паэтапна штогадова падвышаць на 6 месяцаў агульнаўстаноўлены пэнсійны ўзрост да 63 гадоў для мужчын, 58 гадоў для жанчын; аналягічна падвышаць узрост, які дае права на ільготныя працоўныя пэнсіі і пэнсіі за выслугу гадоў; а таксама, сувымерна агульнаграмадзянскаму, паступова падвышаць узрост, які дазваляе знаходзіцца на вайсковай службе.

Асабліва моцна гэты ўказ закранае людзей, якія цяпер ня маюць працы. У гарадзенскім гарадзкім Цэнтры занятасьці, паводле афіцыйных дадзеных, на ўліку звыш шасьці тысяч чалавек, што ўдвая болей, чым летась. І калі раней на аднаго патэнцыйнага работніка было два месцы, то цяпер наадварот — на адно працоўнае месца па два ахвотных.

Ужо каля трох месяцаў не магу знайсьці працу, нават вакансіяў дворнікаў не засталося.

— Трапіў пад скарачэньне ў будаўнічай фірме і ўжо каля трох месяцаў не магу знайсьці працу, нават вакансіяў дворнікаў не засталося, — распавядае малады чалавек побач з Цэнтрам занятасьці. — Я нават пра тую пэнсію пакуль ня думаю, але вось як цяпер жыць? Мая жонка нібыта перавучылася на цырульніка, а працы таксама знайсьці ня можа. Мы ўдвох ня ведаем, што рабіць. Мы ў поўнай разгубленасьці.

Спадар Іван мае 57 гадоў і кажа, што зь ім не працягнулі кантракт на прадпрыемстве, якому ён аддаў 30 год свайго жыцьця — працаваў сьлесарам-наладчыкам.

— Цяпер наагул не ўяўляю, што рабіць, а тут яшчэ пэнсійны ўзрост працягнулі. Самае страшнае, што працы немагчыма знайсьці, а я ўжо абхадзіў усё на сьвеце. Такіх, як я, не бяруць, кажуць, што патрэбныя людзі маладзейшыя. Разумею, што гэтай пэнсіі мы ўжо не пабачым ніколі. І чаго яны гэтым дамогуцца? Хай бы хто зь іх пайшоў і адпрацаваў на заводзе сьлесарам 30 год — і паглядзеў бы, ці гэта тое самае, што паперкі ў бухгальтэрыі перакладваць. Але ж пра гэта ніхто ня думае... Канешне, чыноўнікі супраць такога не пратэстуюць, бо ім ня трэба цяжка працаваць.

Спадар Валянцін мае вышэйшую вэтэрынарную адукацыю, яму 47 год, па спэцыяльнасьці не працуе каля 10 год. Раней уладкоўваўся то вартаўніком, то яшчэ на нейкіх падсобных працах, а цяпер наагул нічога ня мае.

Мяне найбольш турбуе ня пэнсія, бо адчуваю, што да яе папросту не дацягну, а тое, што напрыканцы году ўваляцца ў кватэру судовыя выканаўцы і пачнуць апісваць маёмасьць, бо ня будзе чым заплаціць падатак за так званае дармаедзтва.

— Мне казалі — едзь дзе на вёску працаваць. Але як я тут кіну кватэру, сям’ю, дзяцей? Пра гэта ніхто ня думае і ня хоча спачуваць. А цяпер нават ня ведаю, што буду рабіць, бо ў Цэнтры занятасьці наагул нічога не прапаноўваюць. Мяне найбольш турбуе нават ня тая пэнсія, бо я адчуваю, што да яе папросту не дацягну, колькі тое, што напрыканцы году ўваляцца ў кватэру судовыя выканаўцы і пачнуць апісваць маёмасьць, бо ня будзе чым заплаціць падатак за так званае дармаедзтва. Яны ж нічога не прапаноўваюць, а толькі забіраюць.

А вось спадар Сяргей кажа, што дзяржава спазьнілася з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту.

— Зразумела, што насельніцтва старэе і трэба рабіць нейкія захады. Але ж хай бы рабілі рэформы, каб дадавалася працоўных месцаў, каб расьлі заробкі, а ня так, што мы боўтаемся па гэтых Цэнтрах занятасьці, а працы знайсьці ня можам. Чаму дзяржава ня думае пра гэта? Тут патрэбна рабіць усё комплексна, бо раз дзяржава хоча, каб людзі болей працавалі, то трэба, каб і мэдыцына адпавядала сёньняшняму дню, каб мы маглі даўжэй жыць, каб дажывалі да гэтае пэнсіі. Я вось яшчэ гляджу, як палякі імкнуцца выправіць дэмаграфічную сытуацыю — даюць «карту паляка», заахвочваюць, каб палякі з былых постсавецкіх краінаў пераяжджалі ў Польшчу. Чаму б нешта падобнае не рабіць беларускім уладам? Беларусаў жа столькі ў краінах СНД цяпер жыве, і многія мараць, каб вярнуцца ў Беларусь. Дык чаму ім не дапамагчы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG