Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эксклюзіў: Арганізатар расьсьледаваньня «Панамскага скандалу» абяцае працяг


Сяргей Ралдугін, галоўная дзеючая асоба расьсьледаваньня OCCRP, і яго сябар Уладзімір Пуцін.
Сяргей Ралдугін, галоўная дзеючая асоба расьсьледаваньня OCCRP, і яго сябар Уладзімір Пуцін.

Заснавальнік праекту, які апублікаваў «Панамскія дакумэнты», адказаў на пытаньні тэлепраекту Радыё Свабода «Настоящее время».

Цэнтар расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) сумесна зь некалькімі выданьнямі, у тым ліку з расейскай «Новай Газэтай», у нядзелю, 3 красавіка, апублікаваў вынікі расьсьледаваньня на аснове маштабнай уцечкі дадзеных панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca & Co — чацьвёртай па велічыні у сьвеце афшорнай юрыдычнай арганізацыі.

У публікацыях прыводзяцца дадзеныя аб афшорах дванаццаці сусьветных лідэраў, сотняў чыноўнікаў і знакамітасьцяў з усяго сьвету, у тым ліку футбаліста Леанэля Мэсі і актора Джэкі Чана. Вялікі матэрыял прысьвечаны найбліжэйшаму колу Пуціна: адзін зь яго сяброў, «захавальнік»-віялянчэліст Сяргей Ралдугін кантралюе афшоры, празь якія прайшло ня менш за 2 млрд. даляраў.


Заснавальнік «журналісцкага цэнтру дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці» (OCCRP) Дру Саліван адказаў на пытаньні «Настоящего времени» пра тое, як вялося гэтае расьсьледаваньне.

— Як доўга доўжылася расьсьледаваньне? Колькі чалавек было задзейнічана ў праекце? Калі я не памыляюся, у ім прынялі ўдзел больш за 400 журналістаў.

— Ня проста журналісты. Калі думаеш аб усіх людзях, якія працавалі над гэтым праектам, разумееш, што колькасьць іх як мінімум удвая больш. На гэтае расьсьледаваньне ў нас сышоў амаль год, у ім удзельнічалі больш за сотню навінавых арганізацый, то бок, гэта вялікая група людзей, унутры якой трэба было наладзіць камунікацыю, дзеяньні якіх трэба было каардынаваць. І нам вельмі дапамог Міжнародны кансорцыюм журналістаў-сьледчых, стварыўшы агульную рамку для гэтай велізарнай працы.

— Як я разумею, сёньняшнія гісторыі — гэта вяршыня айсбэрга. Што яшчэ плянуецца апублікаваць у наступныя дні?

— Праца ішла над 30 гісторыямі — яны будуць публікавацца на працягу бліжэйшых двух тыдняў. Акрамя таго, ёсьць праекты, якімі мы нават яшчэ не пачалі займацца. Будзем разьбірацца ў іх, шукаць неабходную Вам інфармацыю, то бок усё гэта можа працягвацца яшчэ шэсьць месяцаў, а сабранымі намі дадзенымі будуць карыстацца яшчэ многія гады.

— Можаце хоць бы намякнуць, чаго нам чакаць?

— Баюся, што не. Гэтымі людзьмі цікавяцца ва ўсім сьвеце. З намі супрацоўнічаюць іншыя навінавыя арганізацыі, у нас шчыльны графік публікацый. Вы ўжо бачыце ў гэтых расьсьледаваньнях гучныя імёны, але калі вы пачняце ва ўсім гэтым разьбірацца, знойдуцца куды больш цікавыя людзі — нават пры тым, што спачатку гэтыя імёны вам нічога ня скажуць. Сёньня ў нас выйшла гісторыя пра ўнука прэзыдэнта Казахстану Назарбаева. У Казахстане яго, вядома, ведаюць — але толькі ў Казахстане, хоць гэта пэрсанаж вельмі цікавы.

— А як адбывалася расьсьледаваньне? Як вы правяралі інфармацыю, атрыманую ад ананімнай крыніцы?

— Як толькі мы атрымалі інфармацыю, стала ясна, што верыфікаваць яе будзе цяжка, таму што ў нас не было магчымасьці зьвярнуцца да Mossack Фонсека з прамым пытаньнем: «Хлопцы, а гэта дакладна вашы дакумэнты?». Таму мы стараліся зьмясьціць гэта ўсё ў кантэкст. Выпускаць гісторыю, заснаваную на адной крыніцы інфармацыі, мы ня можам, таму калі мы бачылі па дакумэнтах Mossack Фонсека, што рабілася нейкая зьдзелка, мы высьвятлялі, ці сапраўды яна мела месца, стараліся даведацца ўсё пра кампаніі, якія ў ёй удзельнічалі, глядзелі, дзе і кім яны зарэгістраваныя і г.д.

Як толькі вакол усяго гэтага ўтвараецца кантэкст, становіцца зразумела, што ўсё гэта праўда, таму што падрабіць такую колькасьць самых розных дадзеных было б немагчыма. То бок, у нас добрыя доказы праўдзівасьці дадзеных, на якіх грунтаваліся расьсьледаваньні. Дадзеныя гэтыя вельмі дэталёвыя, унутры сябе яны адно аднаму не супярэчаць: імэйлы супадаюць, усе даты адпавядаюць адзін аднаму і іншае.

Гэта таксама ўскосна пацьвярджае сапраўднасьць дакумэнтаў. Тыя зьвесткі, якія мы атрымалі першапачаткова, былі толькі часткай вялікай загадкі — адштурхваючыся ад яе, мы самастойна сабралі масу іншых зьвестак. У выніку ў нас зьявілася магчымасьць злучыць гэта ўсё разам, каб паказаць, што адбылося.

— Наколькі цяжка было арганізаваць такое маштабнае расьсьледаваньне? Ці ўпершыню над адным праектам працавала столькі чалавек?

— Яны ня толькі супрацоўнічалі — яны маўчалі на працягу цэлага году! Сапраўдныя прафэсіяналы. Ніхто не даваў ніякіх камэнтараў. Міжнародны кансорцыюм журналістаў-сьледчых праявіў сябе з самага лепшага боку: праграмнае забесьпячэньне, якім яны карыстаюцца, давала журналістам магчымасьць бесьперашкодна мець зносіны адзін з адным. Менавіта таму Sueddeutsche Zeitung і прыцягнула іх да супрацоўніцтва. Яны сабралі выдатную міжнародную каманду журналістаў і навінавых арганізацый, і мы шчасьлівыя, што нас таксама запрасілі. Думаю, што гэта сапраўды першы ў гісторыі агульнасусьветны расьсьледчыцкі праект.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG