Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі ў першым чытаньні новую вайсковую дактрыну Рэспублікі Беларусь.
Яе прадставіў міністар абароны Андрэй Раўкоў. Папярэдняя дактрына была прынятая ў 2002 годзе, але за гэты час істотна зьмянілася сытуацыя, сказаў міністар, парушаецца балянс, які раней склаўся ў сьвеце і рэгіёнах. Таму новая вайсковая дактрына прадугледжвае кардынальны яе перагляд, і гэта фактычна новы дакумэнт, а ня новая рэдакцыя старой дактрыны.
Міністар абароны сказаў, што ў новай дактрыне значна пашырана кола магчымых пагроз для Беларусі, у прыватнасьці, правакаваньне з-за мяжы каляровых рэвалюцыяў. Ён зазначыў, што галоўныя саюзьнікі Беларусі ў вайсковай галіне — Расея і краіны АДКБ.
«Аднак, — падкрэсьліў міністар, — мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве і зь любымі вайсковымі арганізацыямі, у тым ліку і НАТО. Але з улікам нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».
Адказваючы на пытаньні дэпутатаў, міністар абароны Раўкоў сказаў, што «Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з Расеяй і АДКБ, не адварочваецца ад тых структур, якія традыцыйна лічацца не зусім для нас сяброўскімі: напрыклад, НАТО і ЗША. Мы ніводную краіну, якія нас акружаюць, ня лічым праціўнікам, пакуль яны не пагражаюць нашым нацыянальным інтарэсам».
Міністар абароны зазначыў, што Ўзброеныя сілы Беларусі маюць мінімальна неабходны склад, на сёньня ў іх служаць каля 65 тысяч чалавек. Найбольшая канцэнтрацыя вайскоўцаў прыпадае на гарнізоны ў Менску, Барысаве і Баранавічах.
Журналісты спыталі міністра абароны, ці магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у збройным канфлікце ў Нагорным Карабаху, бо адзін з бакоў гэтага канфлікту — Армэнія — як і Беларусь, уваходзіць ў АДКБ. Міністар абароны адказаў:
«Гэта пытаньне не да мяне — зьвярніцеся да кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў».