Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аброва — вёска, дзе за ноч ткалі ручнік, каб не паміралі дзеці


Краявід у вёсцы Аброва
Краявід у вёсцы Аброва

Журналісты Свабоды наведалі палескую вёску Аброва, дзе зьберагаюцца традыцыі народнага рамяства і нематэрыяльнай культуры.

Вёска Аброва вядомая тым, што ў 2009 годзе тутэйшы абрад «Намскі Вялікдзень» быў унесены ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў Беларусі. А яшчэ гэтая 500-гадовая вёска славіцца майстрыхай Нінай Тысевіч, якая зьберагае традыцыі мясцовага ткацтва і вышыўкі.

Саткаць за ноч ручнік, каб не паміралі дзеці

Старое дрэва на могілках у Аброве
Старое дрэва на могілках у Аброве

Штогод у Аброве ладзяць абрад, які завецца тут «Намскі Вялікдзень». Слова «намскі» аброўцы тлумачаць як «наш».

У іншых беларускіх вёсках гэтае сьвята памінаньня продкаў называюць «Наўскі Вялікдзень», ад слова «наўе, навец» — душа нябожчыка.

Жанчыны сярэдняга і сталага веку ідуць у гэты дзень па вёсцы шэсьцем з іконаю. Жыхары вёскі сустракаюць іх хлебам-сольлю каля сваіх хат.

Людзі кажуць, што ў цяперашнім выглядзе «Намскі вялікдзень» зьявіўся ў Аброве ў 1920-я, калі, паводле паданьня, у вёсцы ад невядомай хваробы штодня паміралі дзеці. Старыя аброўцы падказалі тады, як адвесьці бяду — сабраліся жанчыны ды за ноч саткалі ручнік, якім ахінулі абраз Багародзіцы. З гэтым абразом абышлі яны кожны двор вёскі, і сьмерці дзяцей спыніліся.

Міхайлаўская царква
Міхайлаўская царква

Пасьля гэтага штогод аброўцы ходзяць з такім шэсьцем у наступны чацьвер пасьля Вялікадня.

Аброўскія жанчыны кажуць, што калі б страшная хвароба паўтарылася, то яны б і цяпер за ноч саткалі ручнік, як раілі старыя ў 1920-х гадах.

Абрад перапыняў сваё існаваньне ў савецкія часы і быў адноўлены ў 90-х.

У часе «Намскага вялікадня» сёньня выкарыстоўваюцца ручнікі, уменьне ткаць якія зьберагае Ніна Тысевіч.

Ніна Тысевіч — знакамітая аброўская ткачыха

Ніна Тысевіч
Ніна Тысевіч

Жыхарка Аброва Ніна Тысевіч першая ў Івацэвіцкім раёне атрымала званьне майстра народнай творчасьці Беларусі. Яе працы — вышываныя, тканыя ручнікі і посьцілкі — трапляюць на самыя розныя выставы, нават за мяжу.

«Возылі і в Мынск з выстаўкою, і ў Іванава, і ў Брэсці колькі раз... І ў тэлевізоры колькі раз показвалі... 22 штукі грамоты і дыпломы далі. На выстаўцы аднойчы жаночына папрасіла прадаць ручніка. Кажа: „Я еду ў Брусель і хочу ў цэркву туды яго“. І вона мне звоныла, і сказала, што повесыла, і за здоров’е будэ правіці той бацюшко...» — распавяла Ніна Мікалаеўна.

Выстава вышыўкі і ткацтва Ніны Тысевіч у сельскім доме культуры
Выстава вышыўкі і ткацтва Ніны Тысевіч у сельскім доме культуры

78-гадовая майстрыха кажа, што вышывае з раньняга юнацтва і аж да сёньня. У Аброўскім доме культуры захоўваюцца яе ручнікі, якім больш за 50 гадоў.

«Вышываю. Вэчорамі до часу ночы сэдзю. Зрок слабоваты ўжэ, але ў очках... Гето бы п’яніца ў гарэлку, то я ге ў вышыўку», — жартуе спадарыня.

Ніна Тысевіч кажа, што ў Аброве некаторыя жанчыны таксама вышываюць, шмат каму яна падказвае, навучае. У яе часта пераймаюць узоры, малюнкі:

«Ідуць і ідуць по сэлэ... Шчэ й зьляцца дажэ, як которого нэ даю».

Кросны Ніны Тысевіч захоўваюцца ў аброўскім доме культуры
Кросны Ніны Тысевіч захоўваюцца ў аброўскім доме культуры

Апроч вышыўкі Ніна Тысевіч займаецца і ткацтвам. Свае кросны яна перадала ў Аброўскі дом культуры, дзе адчынілася Школа народнай творчасьці. У школцы аброўскія дзеці пераймаюць ад Ніны Тысевіч майстэрства ткаць ручнікі.

У Аброве — палешукі, а за Івацэвічамі — ліцьвіны

Аброва — вёска палескай часткі Івацэвіцкага раёну з сваёй адметнай гаворкай. Дагэтуль аброўцы называюць усіх, хто на поўнач ад Івацэвічаў, «літвакамі», «літоўцамі»:

«Я, помню, дзеўчыною завязу гарбузікі ў Івацэвічы прадам. У лапцях. І мы зайдэм туда, там кажуць: „полешкі, полешкі... Полешукі прыйшлі“. А мы кажэм — мы полешкі, кусаем горэшкі. А тых, хто з-за Івацэвіч, называлі літвакі. Літва, там літоўці. Была ў мяне суседка із Сеньковіч, то літоўкою яе і звалі. А ў нас полешукі. На нас заўсёды казалі — полешукі», — апавядае Ніна Тысевіч.

Конь – прыкмета моцнай гаспадаркі на Палесьсі
Конь – прыкмета моцнай гаспадаркі на Палесьсі

Спадарыня Ніна кажа, што ў Аброве «больш правільная» беларуская мова, адрозная ад гаворак суседніх вёсак:

«Спакон вякоў, у нас усэ врэм’я гэтакі разговор. Вось у Спораве, у Моталі, у тым баку, там кажуць «алэээ», так цягнучы. А ў нас «але» кажэмо. Вось Вяліка Гаць, 7 кілометраў, там кажуць «стыл», «кынь», «кыт». А ў нас ужо правільней — «кот», «конь», «стол».

На многіх скрыжаваньнях у Аброве – крыжы
На многіх скрыжаваньнях у Аброве – крыжы

Ніна Тысевіч лічыць, што аброўская гаворка будзе жыць:

«Мы ўдома ўсэ говорымо по-своему. У мэнэ дзеўчата прыедуць з Саратова. То вона з Саратова, ужэ 30 год жыве. То прыедзе — вона по-нашэму говорыць. Я думаю, будэ ў нас свой разговор в сэле».

Чапаеў і Палесьсе

У гэтым годзе Аброва адзначае 500-годзьдзе
У гэтым годзе Аброва адзначае 500-годзьдзе

У гэтым годзе спаўняецца 500 год ад першага ўпамінаньня Аброва ў пісьмовых крыніцах. Паводле адной зь вэрсіяў навукоўцаў, назва зьвязаная з тым, што вёска знаходзіцца «на краю сушы, пачатку балота». Сапраўды, нават пасьля грунтоўнай мэліярацыі на паўднёвы захад ад Аброва — балоты, цяпер там Спораўскі біялягічны заказьнік. У самой вёсцы і каля яе — сажалкі, таму аброўцы трымаюць шмат гусей ды іншых вадаплаўных птушак.

Аброўцы трымаюць шмат вадаплаўных птушак
Аброўцы трымаюць шмат вадаплаўных птушак

З турыстычных цікавостак у Аброве — Міхайлаўская царква 1860 году, унесеная ў сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны.

Зьдзіўляе прыежджых бюст Чапаева каля Дому культуры ў цэнтры Аброва. Аказваецца, імя гэтага чырвонага камандзіра насіў у савецкія часы аброўскі калгас. Цяпер таго калгасу няма, мясцовая гаспадарка завецца СВК «Аброўскі», але помнік Чапаеву на Палесьсі застаўся.

Помнік Чапаеву ў Аброве
Помнік Чапаеву ў Аброве

У Аброве цяпер жыве больш за 1100 чалавек, аднак насельніцтва зьмяншаецца. Жыхары кажуць, што на мінулым вясковым сходзе прадстаўнікі сельсавету распавялі пра 124 пустыя хаты ў Аброве.

Марыя Мігно: амаль сто гадоў жыцьця, больш за сто дзяцей, унукаў, праўнукаў

Марыя Мігно
Марыя Мігно

Старэйшая жыхарка Аброва — 98-гадовая Марыя Мігно. Зрэшты, распавядаючы журналістам, як дайсьці да хаты найстарэйшай жыхаркі, вяскоўцы авансам даюць ёй ужо сто гадоў.

Прыходзім да хаты Марыі Мігно — па надворку бегаюць куры, за плотам ускапаны на зіму гарод. Аказваецца, амаль стогадовая бабуля, хоць і жыве адна, дагэтуль не закідае гаспадаркі.

«Жызьня праходзіла цяжола — войны, да горэ було, да цяжэло було. А цяпер і няма колі й жыці. 9 жывых було дэтэй, сын пом’ёр одын. Дочок много, а сыноў два було. Пораз’яжджалі по всём сьвеце — і в Росіі, і в Белорусі, і всюдою. В Оброві то ніхто нэ жывэ, толькі дзьве дочкі пэршых. Вжэ в мэнэ сто дэтэй, внукоў і правнукоў, о-я-ёй много. Всэ пожаніліса...» — распавядае Марыя Мігно.

У Аброве больш за 120 пустых хат
У Аброве больш за 120 пустых хат

Палеская доўгажыхарка ўжо даўно жыве адна, мужа яна перажыла на 40 гадоў.

«Алэ дзеткі прыяжджаюць, едуць машынамі».

Марыя Мігно памятае і «польскі час», і вайну, і калектывізацыю. Да прыходу саветаў яе сям’я працавала на зямлі:

«Було свое хозяйство, своя зэмля до войны. Кілька й коров було, цяляткі, сьвіньня й куры дэржыш... Зямлі много було. Самі робілі. А потом всэ — у калхоз. Зразу цяжко було, а потом поразжываліса людзі. Не хацелі ісьці зразу ў калхозы, о! А потом сказалі, каб і гонылі, то не схоцелі б ужэ браць зямлю. Прывыкаюць людзі...»

Без ваганьняў Марыя кажа, што аброўская гаворка — беларуская. Перакананая, што тыя, хто застаецца жыць у Аброве, і надалей будуць гаварыць па-мясцоваму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG