Трайны ўдар для трох аналітыкаў: Валера Карбалевіча, Алега Грузьдзіловіча, Яна Максімюка:
Грузьдзіловіч: Як ні парадаксальна, як гэта ні супярэчыць агульна прынятаму ў нас меркаваньню, што нічога не адбываецца бязь веданьня Аляксандра Лукашэнкі, безь ягонага дазволу, тут, на маю думку, цалкам магчыма, што Вакульчык дзейнічаў самастойна. Безумоўна, з пэўнымі агаворкамі. Пачну з таго, што Вакульчык у сваёй размове з журналістамі выкрыў парадкі затрыманьня: ёсьць пэўнае кола, нейкая лукашэнкаўская намэнклятура, якую чапаць без фармальнай санкцыі «самога» нельга, але Чыж ў такую намэнклятуру не ўваходзіў, бо ня быў вышэйшым чыноўнікам, хаця лічыўся вышэйшым алігархам, і таму яго затрымаць было магчыма і без санкцыі.
Добра, мы цяпер ведаем пра тое, пра што здагадваліся, з вуснаў старшыні КДБ. І вось ён дзейнічае самастойна, калі зьяівіліся неабвержныя доказы «злачыннай» дзейнасьці Чыжа. Верагодна. Але, па-першае, мяркую, ён таму стаў такі сьмелы, што дакладна ведае, што ўплыў Чыжа ў атачэньні Лукашэнкі зьменьшыўся. І зьменьшыўся настолькі, што ён асабіста нічым не рызыкуе. Пытаньне: чаму адбылася такая мэтафарфоза з Чыжом? Некалі кавуны разам з кіраўніком дзяржавы зьбіраў, а цяпер уцякае з хуткасьцю 220 км і яго можна як зайца гнаць уздоўж мяжы? Мяркую, Лукашэнка мог бы дараваць што заўгодна, як дараваў калісьці сваёй пратэжэ, кіраўніцы спраў Жураўковай, крадзеж больш як мільёна даляраў, але ён не даруе таго, што разумее як здраду. Маўляў, табе давалі ўсё, каб багацеў, зарабляў, але дамаўляліся, што будзеш грошы трымаць тут, а ты пачаў вывозіць за мяжу, пачаў запасы рабіць. Дык усё паміж намі скончана, сяброўства больш няма. Магчыма пра такія размовы, ці настроі Вакульчык дакладна зьведаў, тэхнічныя магчымасьці дазваляюць, і таму быў такі сьмелы адносна Юрыя Чыжа. Але другое пытаньне – чаму ён гэта так дэманстрацыйна выстаўляе, агучвае? Даўно ўсталявалася практыка, паводле якой Лукашэнка ад найбольш непапулярных захадаў дыстанцыруецца, нібыта гэта ня ён вырашыў гэтак рабіць. Гэтак і тут. Бо, канешне, для простага электарату гэта добрая навіна, што як зайцоў ганяюць па краіне алігархаў, але для бізнэс-супольнасьці – гэта вельмі кепскі сыгнал. Сам Лукашэнка яго падаваць не хацеў бы. Мінуў час, калі Лукашэнка казаў, што не шукайце, што здарылася з Ганчаром і Захаранкам, я нясу за ўсё адказнасьць. Цяпер у рэпрэсіях вінаватыя пэўныя службоўцы. Згадайце, як пасьля Плошчы 2010 году міністар ўнутраных спраў Куляшоў браў ня сябе ўсю адказнасьць за брутальны разгон мітынгу, праўда, яму гэтак ніхто і не паверыў. Цяпер на сябе бярэ ўсю адказнасьць за рэпрэсіі супроць бізнэсоўцаў старшыня КДБ. Яго чарга. Відаць, спадар Вакульчык добра разумее цяперашнія правілы. Таму не выключаю, што тут ён быў сапраўды шчырым, калі прызнаваў, што дзейнічаў самастойна, але пры гэтым трымаў на ўвазе настроі Лукашэнкі. Дарэчы, той дагэтуль не сказаў пра Чыжа ані слова, і гэта вельмі паказальна. Значыць, пагаджаецца і пакуль заступацца ня думае.
Максімюк: Прыгадваецца сытуацыя 5 ці 6 гадоў таму, калі Лукашэнка хваліўся, як ён пачынае свой працоўны дзень – з чытаньня справаздачаў і дакладаў, таксама з КДБ, у якіх уся сытуацыя ў рэпубліцы расьпісаная падрабязна. Я дапускаю, што ініцыятыва арышту Чыжа магла выйсьці з КДБ, магчыма да Вакульчыка, але ўсё ж Лукашэнка пра гэта ведаў, якія меры будуць прымацца. І Лукашэнка мог зрабіць адмашку. Я ня думаю, што калі Вакульчык дакладвае, што вось Чыж ня плаціць падаткаў і выводзіць грошы, дык Лукашэнка напісаў на гэтым дакладзе «арыштаваць» ці «прыняць меры». Ён проста мог зрабіць адмашку, сказаць сакратару ці каму, ну калі ў Вакульчыка ёсьць доказы, дык няхай ён дзейнічае і гэтыя доказы ўсім нам пакажа. Так што Лукашэнка напэўна пра гэта ведаў, але санкцыю афіцыйную не рабіў. І магчыма зараз чакае, што з гэтага ўсяго будзе. Я пагаджаюся, што Лукашэнка не прабачае, калі нехта яму здраджвае ці проста гуляе не па правілах, якія прынятыя ў яго атачэньні. А тут яшчэ такая сытуацыя, калі грошы выводзяцца, а яны патрэбныя ў дзяржаўнай казьне. Яшчэ адзін магчымы фактар у справе арышту Чыжа – змаганьне за ўплыў у атачэньні Лукашэнкі. Як пісаў Ю.Дракахруст, гэта можа быць змаганьне Вакульчыка з Макеем. Я думаю, што гэтыя фактары ўзаемна не выключаюцца.
Карбалевіч: Думаю, старшыня КДБ быў не зусім шчыры. Такія рашэньні без санкцыі Лукашэнкі не прымаюцца. Дарэчы, тое, што ў Беларусі ёсьць асобы, недатыкальныя для крымінальнага перасьледу, замацавана юрыдычна. Ёсьць сьпіс асобаў, якіх праваахоўныя органы ня могуць перасьледаваць бяз санкцыі кіраўніка дзяржавы. А ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра багатага чалавека, які ўваходзіў ў бліжняе кола Лукашэнка, гуляў з кіраўніком дзяржавы ў хакей, знаходзіўся побач зь ім у замежных паездках, падчас адпачынку. У Беларусі статус чалавека, які гуляе з Лукашэнкам у хакей – супадае з статусам чальца каапэратыву «Возера» ў Санкт-Пяцербургу ў 1990-х гадах, у які ўваходзіў Уладзімер Пуцін.
Шмат прыкладаў, калі чалавека арыштоўвалі па наўпроставым публічным загадзе Лукашэнкі. Апошні любіць даваць загады, кшталту «у кайданкі». Нешта падобнае было некалькі гадоў таму і вылілася ў скандал, калі КДБ вырашыла «наехаць» на старшыню камітэту дзяржаўнага кантролю Ломаця, гэта было ў Магілёве, ён нават сіняк атрымаў на твары. І чым гэта закончылася? Гэта закончылася адстаўкай ўсяго кіраўніцтва КДБ! А старшыня КДБ Сухарэнка некалькі тыдняў, нават месяцаў, сядзеў на дачы і чакаў арышту. І толькі потым Лукашэнка зьміласьцівіўся і накіраваў яго амбасадарам у Армэнію. Я думаю, што гэты ўрок добра сабе засвоіла і сёньняшняе кіраўніцтва КДБ, і таму разумее, каго чапаць можна, каго нельга. А тое, што ініцыятарам, магчыма, было КДБ і яно прынесла Лукашэнку факты – ну так, тут абсалютна няма з чым спрачацца. Іншае пытаньне, навошта Вакульчык увогуле ўзгадаў пра гэтую акалічнасьць? Здаецца, тут агаворка пра Фрэйду.