Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведкі-міліцыянты бачаць тых, каго няма, і чуюць крык тых, хто крычаць ня можа


Акцыя салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай каля амбасады Расеі ў Менску 9 сакавіка
Акцыя салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай каля амбасады Расеі ў Менску 9 сакавіка

Два міліцыянты сталі сьведкамі адразу на 7 працэсах і заблыталіся ў паказаньнях. Але судовы канвэер не забуксаваў.

25 сакавіка ў Цэнтральным судзе Менску міліцыянты Ігар Дземʼянюк і Сяргей Калюбка сьведчылі супроць удзельнікаў пікету салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай, які прайшоў каля расейскай амбасады 9 сакавіка.

«Працэсы над сямю ўдзельнікамі акцыі пачаліся а 10 гадзіне раніцы, адначасова праходзіла па два ці нават тры працэсы. Да 12 гадзіны суды скончыліся, а гэтыя два сьведкі пасьпелі выступіць на ўсіх сямі працэсах», — паведамілі Свабодзе актывісты.

Паводле праваабаронцаў, зь сямі працэсаў сама меней тры засьведчылі, што пратаколы на ўдзельнікаў пікету 9 сакавіка былі складзеныя з грубымі памылкамі, а то і проста сфальшаваныя.

У прыватнасьці, паўтарылася сытуацыя з мэтадолягам Уладзімерам Мацкевічам, якога хацелі судзіць за акцыю, у якой ён ня браў і ня мог браць удзелу. Гэтак, паводле аднаго з пратаколаў, Сяргей Пальчэўскі браў удзел у пікеце 9 сакавіка. Пра гэта казалі сьведкі — міліцыянты Ігар Дземʼянюк і Сяргей Калюбка, якія спасылаліся і на фатаздымак зь пікету. Але Пальчэўскі настаяў на тым, што 9 сакавіка каля расейскай амбасады яго не было, а на прадʼяўленым здымку — іншы чалавек. Судзьдзя Дзянкевіч з гэтым пагадзіўся і накіраваў справу на дапрацоўку.

Усім вядомы факт з канца 1990-х гадоў, калі ў Беларусі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі быў прыцягнуты да адказнасьць глуханямы чалавек, які, паводле пратаколу міліцыі, «выкрыкваў лёзунгі і размахваў рукамі». Падобная гісторыя паўтарылася сёньня з Натальляй Саматыяй, якую судзіў судзьдзя Міхаіл Хома. Сьведкі-«чаўнакі» Дземʼянюк і Калюбка засьведчылі, што жанчына падчас пікету нібыта «выкрыквала лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Свабоду Саўчанцы!». Але Натальля Саматыя іх словы абвергла. Жанчына патлумачыла суду, што з-за анкалягічнага захворваньня ёй была зробленая апэрацыя на горле, былі моцна парэзаныя галасавыя зьвязкі, і таму выкрыкваць нешта яна ўвогуле ня можа.

Суд, тым ня менш, пакараў інваліда штрафам у 15 базавых велічынь.

Абвяргала паказаньні сьведак-міліцыянтаў і грамадзкая актывістка Натальля Гарачка-Басалыга. «Увесь час, калі я была на пікеце, я трымала ўкраінскі сьцяг, але сьведкі, якія мяне нібыта бачылі, чамусьці гэтага не заўважылі. І час пераблыталі. Карацей, хлусяць як заўсёды», — казала Свабодзе Натальля Гарачка-Басалыга, якую судзьдзя Тацяна Рак аштрафавала на 15 базавых велічынь.

Ці мусіў суд зьвярнуць увагу на хібы ў паказаньнях міліцыянтаў?

Былы адвакат, праваабаронца Павал Сапелка гэтак пракамэнтаваў сытуацыю.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Усе абставіны ў пратаколе аб адміністрацыйным парушэньні павінны быць выкладзеныя дакладна. У тым ліку — месца, час зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага праступку. А ў прынцыпе, калі пратакол мае недакладнасьці, гэта падстава для суду адправіць яго на дапрацоўку. Безумоўна, гэта суд вырашае, якія недакладнасьці істотныя, а якія ня вартыя ўвагі. Але я лічу, што максымальна трэба быць дакладным. У Беларусі бывала, што чалавек прызнае ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але кажа, што затрымлівалі яго ня тыя людзі, якія пазначаныя ў пратаколе, і таму не пагаджаецца з пастановай. Лічу, што мае права, бо гэта сапраўды істотна. Вядома, юрыспрудэнцыя — не матэматыка, не дакладная навука, але ўсё ж патрэбна і тут дакладнасьць, інакш законам можна будзе як заўгодна распараджацца», — сказаў Павал Сапелка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG