Два міліцыянты сталі сьведкамі адразу на 7 працэсах
25 сакавіка ў Цэнтральным судзе Менску міліцыянты Ігар Дземʼянюк і Сяргей Калюбка сьведчылі супроць удзельнікаў пікету салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай, які прайшоў каля расейскай амбасады 9 сакавіка.
«Працэсы над сямю ўдзельнікамі акцыі пачаліся а 10 гадзіне раніцы, адначасова праходзіла па два ці нават тры працэсы. Да 12 гадзіны суды скончыліся, а гэтыя два сьведкі пасьпелі выступіць на ўсіх сямі працэсах», — паведамілі Свабодзе актывісты.
Паводле праваабаронцаў, зь сямі працэсаў сама меней тры засьведчылі, што пратаколы на ўдзельнікаў пікету 9 сакавіка былі складзеныя з грубымі памылкамі, а то і проста сфальшаваныя.
Уладзімер Шыпіла аштрафаваны на 20 базавых велічынь (4 200 000 рублёў), Галіна Лукашэвіч атрымала найменшы за сёньня штраф — 10 базавых (2 100 000 рублёў).
Натальля Саматыя аштрафаваная на 15 базавых
«Я ўсё роўна павіншавала судзьдзю з 25 сакавіка, і ён мяне таксама», — сказала Натальля.
Яшчэ адзін «пракол» міліцыі
Судзьдзя А.Дзянкевіч мусіў адправіць на дапрацоўку справу Сяргея Пальчэўскага, які паводле суду браў удзел у пікеце 9 сакавіка. Той настойваў, што ўвогуле ня быў тады на пікеце, а фатаздымак, на які спасылаюцца міліцыянты, не ягоны.
Саматыя вінаваціць міліцыянта ў ілжэсьведчаньні
Сьведка-міліцыянт сказаў, што Натальля Саматыя выкрыквала лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Свабоду Саўчанцы». Натальля Саматыя патлумачыла, што гэта зь яе боку немагчыма, бо яна інвалід з-за анкалёгіі горла, у яе амаль выразаныя галасавыя зьвязкі, крычаць яна дакладна ня можа.
Міліцыянта, які сказаў, што Саматыя нібыта выкрыквала лёзунгі, завуць Сяргей Калюбка.
Зьмітра Захарэвіча аштрафавалі на 20 базавых
«Прысуду чакаў, ведаючы нашу судовую сыстэму, але ўсё ж разьлічваў на меншы штраф, бо для мяне гэта вялікія грошы», — сказаў Зьміцер Захарэвіч. Захарэвіч мае запраціць 4 200 000 рублёў.
Судзьдзя Міхаіл Хома пачаў судзіць Натальлю Саматыя, пэнсіянэрку, інваліда з прычыны анкалёгіі.
«На пікет прыйшла сьвядома, прабыла на пікеце ўвесь дзень. Бо Надзею Саўчанку трэба было ратаваць тэрмінова, ёй пагражала сьмерць у выніку галадоўкі пратэсту. Яна працягвае змагацца з Расеяй, якая напала на Ўкраіну».
Судзьдзя Рак ня хоча беларускай мовы: «Не дазваляю»
Пачалі судзіць барда Зьмітра Захарэвіча. Ён хадайнічаў, каб працэс вёўся па-беларуску, але судзьдзя Тацяна Рак хадайніцтва не задаволіла.
Паводле пытаньняў да судзьдзі зразумела, што яна ня ўсё разумее па-беларуску, але два словы на роднай мове Захарэвічу сказала: «Не дазваляю».
Зьміцер Захарэвіч ня лічыць сябе вінавытым, хаця не адмаўляе, што браў удзел у пікеце ў абарону Саўчанкі.
Міліцыянты хлусілі, як заўсёды, — падсудная Гарачка
Натальля Гарачка-Басалыга, вядомая як назіральніца, якая не паднялася ў прысутнасьці Лукашэнкі, аштрафаваная на 20 базавых велічынь, гэта 4 мільёны 200 тысяч рублёў.
Гарачка заявіла: «Я стаяла асобна з украінскім сьцягам, пра які ніводзін сьведка-міліцыянт не ўзгадаў, а таксама пераблыталі час. Карацей, хлусілі, як заўсёды».
Жызьнеўскія падтрымалі падсудных
Падтрымаць пікетоўцаў у суд прыйшлі бацькі загінулага на Майдане Міхала Жызьнеўскага.
Батуру аштрафавалі на 3 мільёны 150 тысяч
Актывіста Яўгена Батуру аштрафавалі на 15 базавых велічынь — гэта 3 мільёны 150 тысяч беларускіх рублёў.
«Гэта за гадзіну пікету», — пракамэнтаваў Яўген Батура.
Судзьдзя вядзе працэс па-беларуску
Актывіст Яўген Батура, якога пачалі судзіць сярод першых, заявіў суду, што 9 сакавіка скарыстаўся сваім правам на вольнае выказваньне меркаваньняў, а таксама яго натхнілі словы Сьвятланы Алексіевіч, якая падтрымала Саўчанку. Адметна, што судзьдзя Іван Майсейчык, які судзіць Яўгена Батуру, вядзе працэс цалкам па-беларуску.
Акцыя праходзіла 9 сакавіка. На многіх удзельнікаў пікету міліцыянты склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», позвы ў суд атрымалі актывісты Натальля Махнач, Рыгор Чэркан, Натальля Басалыга, Яўген Батура, Галіна Лукашэвіч, Вольга Мікалайчык, Уладзімер Шыпіла, Натальля Міцкевіч, Натальля Саматыя і Алег Гаеўскі.