Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Што б сказаў Каліноўскі, калі б даведаўся, што яго імя пішуць па-расейску»


У Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы нагадалі жыхарам вуліцы імя Каліноўскага хто такі Кастусь Каліноўскі.

ТБМаўцы раздалі мінакам і раскідалі па паштовым скрыням інфармацыйныя ўлёткі пра нацыянальна-вызвольнае паўстаньне 1863-64 году. Сваю акцыю актывісты прысьвяцілі дню нараджэньня і гвалтоўнай сьмерці Каліноўскага.

«Мы ня першы год праводзім такія асьветніцкія акцыі. Пачалі іх, як даведаліся, што жыхары вуліц, названых імёнамі славутых беларусаў, ня ведаюць хто яны такія», — апавядае старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.

«Сёньня выбраліся на вуліцу імя Каліноўскага. 2 лютага ў яго быў дзень нараджэньня, а 22 сакавіка яго пакаралі сьмерцю, — зазначае актывіст. — Вуліца названая ў гонар кіраўніка паўстаньня даволі вялікая. Давялося пабегаць, але ўсё ж нагадалі хто ён такі жыхарам і ўшанавалі такім чынам ягоную памяць. У 26 год ён аддаў жыцьцё за Беларусь і беларускі народ».

Вуліца імя Каліноўскага ў мікрараёне Казіміраўка. Гэта выезд з абласнога цэнтру ў бок Менску. Назва вуліцу на шыльдах пададзена выключна па-расейску. Інфармацыйнай дошкі пра нацыянальнага героя, у гонар якога названая вуліца, няма.

«Гэта вуліца старая і шыльды вывешваліся, відаць, яшчэ за Савецкім часам па-расейску. Аднак шыльды выглядаюць новымі. Ёсьць тут нядаўна створная вуліца, названая ў гонар Скарыны. Шыльды на ёй таксама расейскамоўныя, — абураецца ТБМавец. — Трэба будзе зьвярнуць увагу чыноўнікаў гарвыканкаму на гэтую прыкрую акалічнасьць. Калі б Каліноўскі і Скарына ўбачылі, што іх імёны пададзеныя на расейскай мовы, дык пэўна дужа зьдзівіліся б».

Жыхары знойдуць улётку і, можа, пачытаюць пра Каліноўскага
Жыхары знойдуць улётку і, можа, пачытаюць пра Каліноўскага

«Што да інфармацыйных, ці мэмарыяльных дошак, дык яны вывешаныя ў Магілёве пераважна на вуліцах названых у гонар савецкіх герояў Другой усясьветнай вайны, — працягвае Алег Дзьячкоў. — А вось Каліноўскі — ён жа быў ня дужа шанаваным і ў Савецкія часы партнамэклятурай, хоць яго імя і выкарыстоўвалі па-свойму. Цяпер жа сытуацыя іншая. Каліноўскі разглядаецца ні як рэвалюцыянэр, а як нацыянальны дзеяч і да гэтага чынавенства ставіцца зь перасьцярогай».

ТБМаўцы за працай. Раскідваюць улёткі па паштовых скрынях
ТБМаўцы за працай. Раскідваюць улёткі па паштовых скрынях

Акцыя ТБМаўцаў доўжылася больш за гадзіну. Інцыдэнтаў ні з жыхарамі, ні зь міліцыяй не было. Жыхары ў гутарцы з журналістам называлі Каліноўскага — рэвалюцыянэрам, пісьменьнікам, паўстанцам. Заяўлялі, што ён змагаўся за свабоду і незалежнасьць айчыны.

«Ён здаецца пісаў некаму лісты. Змагаўся, як я памятую, з Расейскай імпэрыяй, але за што канкрэтна ня памятую», — паспрабавала ўзнавіць з школьных ведаў, хто такі Каліноўскі, адна зь першых апытаных жыхароў вуліцы.

Невялікая асьветніцкая грамада магілёўскага ТБМ
Невялікая асьветніцкая грамада магілёўскага ТБМ

"Гэта беларускі пісьменьнік Кастусь Каліноўскі, — упэўнена заявілі трое сябровак школьніц.

«Напісаў ён, здаецца, як я памятую пра... «Уб’ём фашысцкую гадзіну!», — выказала здагадку адна з суразмоўніц. «Ды не ў школе мы чыталі нейкія лісты. Здаецца «З-пад... шыбеніцы», умяшалася ў гутарку яе сяброўка. «Вось таму ён і пісьменьнік», рэзюмавала яшчэ трэцяя сяброўка.

«Ён рэвалюцыянэр 1863 году. Паўстаньне тады было ў Беларусі. Каліноўскі, здаецца, сказаў: «Не народ для ўлады, а ўлада для народу», — зазначыў наступны суразмоўца.

Да акцыі на вуліцы Каліноўскага магілёўскія актывісты ТМБ расказалі жыхарам на іншых вуліцах хто такі Віктар Тураў, Аляксей Пысін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG