Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама паставіў на прымірэньне з Гаванай


Першы за амаль 90 гадоў візыт амэрыканскага прэзыдэнта ў Гавану вянчае пачаты Абамам працэс нармалізацыі амэрыкана-кубінскіх адносінаў, якія на працягу паўстагодзьдзя былі вельмі напружанымі.

Супрацьстаяньне было настолькі вострым, што часам пагражала перарасьці ў адкрыты ўзброены канфлікт паміж Вашынгтонам і Гаванай і нават сусьветную вайну з удзелам Савецкага Саюза. Аднак у ацэнцы карыснасьці візыту Абамы на Кубу амэрыканскія экспэрты разыходзяцца. Няма сярод іх згоды і адносна доўгатэрміновых пэрспэктываў амэрыкана-кубінскіх кантактаў.

У першыню з 1928 году

Апошнім амэрыканскім прэзыдэнтам, які наведаў Кубу, быў Калвін Кулідж ў 1928 годзе. Але гэта нават ня быў дзяржаўны візыт: Кулідж прыбыў на міжнародную канфэрэнцыю, якая праходзіла ў Гаване. Прычым, прыплыў ён на амэрыканскім лінкоры, што выглядала вельмі грозна. Паездка Абамы, з пункту гледжаньня піяру, аформленая зусім інакш, як яшчэ адзін крок да прымірэньня двух старых непрыяцеляў. Амбасады ў сталіцах абедзьвюх краінаў ужо працуюць. На днях Абама абвясьціў пра новыя паслабленьні ў візавым рэжыме, якія дазволяць кубінскім спартсмэнам і артыстам працаваць у ЗША.

Два ўдзельнікі цяперашняй прэзыдэнцкай гонкі, сэнатары-рэспубліканцы Тэд Круз і Марка Рубіё, абодва — дзеці кубінскіх палітімігрантаў, выступілі з адкрытай крытыкай паездкі Абамы ў Гавану. У самой ідэі саміту, паводле іх словаў, няма нічога ганебнага, але прэзыдэнт не запатрабаваў ад кубінцаў за візыт ніякіх саступак, нягледзячы на тое, што Кубе ён абяцае нашмат больш рэальных выгодаў, чым Вашынгтону. Саступак у пляне абяцаньня захоўваць нэўтралітэт у зьнешняй палітыцы; або ў сэнсе выплаты матэрыяльнага пакрыцьця амэрыканцам-уладальнікам уласнасьці, канфіскаванай рэжымам Кастра; альбо ў частцы экстрадыцыі амэрыканскіх грамадзянаў, якія ўчынілі злачынствы ў сябе дома і хаваюцца ад правасудзьдзя на востраве. Абаму таксама абвінавачваюць у тым, што ён амаль нічога не дамогся ад Гаваны ў пляне паслабленьня рэпрэсіяў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў. Жменька апазыцыянэраў была вызваленая, прычым ня да, а пасьля таго, як прэзыдэнт абвясьціў пра свой візыт. Некаторым зь іх дазволілі паехаць у ЗША пры ўмове, што яны ня будуць задаваць пытаньні на прэс-брыфінгах у Дзярждэпартамэнце, з чым адміністрацыя Абамы пагадзілася. У той жа час агульная колькасьць палітвязьняў на Кубе напярэдадні саміту рэзка вырасла і дасягнула паўтары тысячы.

Барак Абама ў аэрапорце Гаваны, 20 сакавіка 2016 году
Барак Абама ў аэрапорце Гаваны, 20 сакавіка 2016 году

У сярэдзіне сьнежня мінулага году, нагадваюць крытыкі, Абама заявіў, што калі і паедзе на Кубу ў якасьці прэзыдэнта, то толькі пасьля выхаду з турмаў палітвязьняў. Праз два месяцы ён паведаміў, што візыт яго ўзгоднены, але пра вязьняў сумленьня не абмовіўся. Больш за тое, яшчэ празь некалькі дзён прэзыдэнт накіраваў заканадаўцам прапанову закрыць ня толькі турму Гуантанама на Кубе, дзе ўтрымліваюцца самыя небясьпечныя баевікі-ісламісты, але і саму базу ВМФ ЗША, на тэрыторыі якой разьмешчаная турма. Гэта выклікала абурэньне рэспубліканскай большасьці ў абедзьвюх палатах Кангрэсу.

Прыхільнікі Абамы ў экспэртнай супольнасьці і на левым флянгу Дэмакратычнай партыі парыруюць, што ЗША не здабываюць з Гуантанамы ніякай карысьці. Што наогул погляды рэспубліканцаў безнадзейна састарэлі, паколькі, паводле апытаньняў, амэрыканцы ў масе сваёй безадносна ўзросту, маёмаснага становішча, партыйнай ці нацыянальнай прыналежнасьці падтрымліваюць нармалізацыю амэрыкана-кубінскіх адносінаў. Таму паездка Абамы не адаб’ецца адмоўна на выніках маючых адбыцца ў лістападзе выбараў прэзыдэнта і чальцоў Кангрэсу. Словам, ні ўзброенае супрацьстаяньне, ні эканамічнае эмбарга сябе не апраўдалі, камуністычны рэжым на востраве выстаяў, ніякіх прыкмет яго хуткага краху не назіраецца, дзеля чаго, тэарэтычна, можна было б пакінуць санкцыі ў сіле. А таму, як неаднаразова заяўляў Абама, «надышоў час праверыць альтэрнатыўную гіпотэзу аб тым, што прымірэньне з супернікам мае большую верагоднасьць, чым канфрантацыя, заахвоціць яго да рэформаў і да адказных паводзінаў на міжнароднай арэне». Гісторыя, праўда, не багатая довадамі на карысьць гэтай тэзы, асабліва калі гаворка ідзе пра суперніка ня зрынутага, а цалкам жыцьцяздольнага.

«Для Абамы гэта як візыт Ніксана ў Кітай»

Пітэр Корнблюх, старэйшы аналітык Нацыянальнага архіву бясьпекі, дырэктар праекту Чыле і Кубы, нагадвае, што гаворка ідзе пра першы візыт прэзыдэнта ЗША ў Гавану пасьля кубінскай рэвалюцыі.

«Для кубінцаў гэта ў нейкай ступені зьяўляецца прызнаньнем іх рэвалюцыі і таго, што ЗША гатовыя жыць у міры з кубінцамі і фармальна прызнаюць мясцовы ўрад, — кажа ён. — Краіны сапраўды пачалі збліжацца — і візыт прэзыдэнта Абамы на Кубу закліканы паскорыць гэты працэс».

За апошнія 15 месяцаў шмат што зьмянілася — у абедзьвюх краінах працуюць амбасады, існуюць фармальныя дыпляматычныя адносіны, адбыўся істотны рост у колькасьці паездак амэрыканцаў на Кубу, куды зачасьцілі ня толькі шараговыя грамадзяне, але і бізнэсмэны, артысты, рэлігійныя лідэры. Ідзе працэс рэстаўрацыі гатэляў, пачаліся рэформы, якія дазваляюць кубінцам раскруціць свой дробны бізнэс — але на думку жадаючых вазіць круізы на Кубу, працэс ідзе вельмі марудна. Праўда, зь бізнэс-інвэстыцыямі пакуль усё яшчэ складана — з пачатку працэсу паслабленьня санкцыяў супраць Гаваны на Кубу зьезьдзілі каля 500 амэрыканскіх бізнэсмэнаў — але высьветлілася, што будаваць бізнэс-партнэрства з кубінскай бюракратыяй ня так проста, як хацелася б.

Барак Абама з жонкай Мішэль і павераны ў справах ЗША на Кубе Джэфры Дэларэнціс сустракаецца з супрацоўнікамі амбасады ЗША ў Гаване, 20 сакавіка 2016 году
Барак Абама з жонкай Мішэль і павераны ў справах ЗША на Кубе Джэфры Дэларэнціс сустракаецца з супрацоўнікамі амбасады ЗША ў Гаване, 20 сакавіка 2016 году

У цяперашняй паездцы Абаму суправаджаюць дзясяткі кангрэсмэнаў і кіраўнікі некалькіх камэрцыйных кампаніяў, у тым ліку прэзыдэнт сеткі гатэляў Marriott Арні Сорэнсан і Браян Чэскі, заснавальнік інтэрнэт-пляцоўкі для арэнды кватэр Airbnb. Для іх гэта — новы шматспадзеўны рынак.

Чаму Абама едзе цяпер?

Крытыкі новай амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Кубы сьцьвярджаюць, што Абама паехаў на Кубу занадта рана — без дастатковых саступак з боку рэжыму Кастра ў сфэры выкананьня правоў чалавека. За лічаныя гадзіны да пачатку візыту амэрыканскага прэзыдэнта, у нядзелю ў Гаване былі арыштаваныя некалькі ўдзельнікаў пратэсту «Жанчын у белым» — праваабарончай групы, якая штотыдзень мітынгуе супраць таталітарызму рэжыму Кастра. У адміністрацыі Абамы лічаць, што галоўнае — запусьціць працэс і паспрабаваць зрабіць яго незваротным, — і далейшыя паляпшэньні прыйдуць паступова. ЗША, далі зразумець у Белым доме, не зьбіраюцца здымаць гэтае пытаньне з парадку дня — менавіта таму Барак Абама плянуе сустрэцца падчас візыту з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці на Кубе і з дысыдэнтамі.

Для кубінскага боку галоўным пытаньнем застаецца магчымасьць поўнай адмены эканамічнага эмбарга — але гэты крок зьяўляецца прэрагатывай амэрыканскага Кангрэсу. Прыхільнікі «кубінскай адлігі» лічаць, што эмбарга перажыло сябе і што большасьць амэрыканцаў, уключаючы кубінскіх уцекачоў, падтрымліваюць новую палітыку, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю двух кандыдатаў у прэзыдэнты — Тэда Круза і Марка Рубіё, бацькі якіх у свой час беглі з Кубы.

«Паглядзім, што адбудзецца зь лідэрствам Кангрэсу на выбарах у лістападзе 2016 году — калі кантроль пяройдзе да дэмакратаў, думаю, што будзе галасаваньне на гэтую тэму, і эмбарга адменяць, — лічыць Пітэр Корнблюх. — Нават многія рэспубліканцы не разумеюць, у чым сэнс гэтага эмбарга — па сутнасьці, мы ізалюем самі сябе».

Абама, паводле словаў Пітэра Корнблюха, прыяжджае цяпер, калі ў яго яшчэ ёсьць час выкарыстоўваць імпульс, створаны гэтай паездкай. Ён можа вярнуцца ў Вашынгтон, і адправіць бізнэсмэнаў-рэспубліканцаў лабіяваць лідэраў Рэспубліканскай партыі ў Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў.

«Нармалізацыя адносінаў з Кубай створыць спадчыну прэзыдэнта Абамы, якую ніколі не забудуць. Для Абамы гэта накшталт візыту прэзыдэнта Ніксана ў Кітай».

«Бэйсбольная дыпляматыя»

Завершыцца візыт Абамы на Кубу ў аўторак днём гульнёй дзьвюх бэйсбольных камандаў — нацыянальнай камандай Кубы і амэрыканскай «Тампа Бэй Рэйс». «Бэйсбольная дыпляматыя» ў адносінах з Кубай — прыём ня новы, у 2002 годзе Джымі Картэр, насуперак рэкамэндацыям сваіх целаахоўнікаў, усё ж выйшаў на поле на Кубе зрабіць першую падачу. Але Картэр у той час быў ужо былым прэзыдэнтам ЗША.

«Гэтая гульня пакажа фанатам бэйсбола ў ЗША і на Кубе, што гаворка ідзе ня проста пра адносіны паміж урадамі, але што ў людзей у гэтых дзьвюх краінах ёсьць нешта агульнае — напрыклад, любоў да бэйсболу», — лічыць Пітэр Корнблюх.

Кубінскія грамадзяне глядзяць на мабільным тэлефоне трансьляцыю прыбыцьця прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў аэрапорт Гаваны
Кубінскія грамадзяне глядзяць на мабільным тэлефоне трансьляцыю прыбыцьця прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў аэрапорт Гаваны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG