Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў нядзелю распачынае двухдзённы афіцыйны візыт на Кубу. Крок ужо названы гістарычным — гэта першая паездка дзейнага кіраўніка Белага дому ў суседнюю дзяржаву, пачынаючы ад 1928 году, паведамляе ВВС.
Дзеля справядлівасьці, у 2002 годзе на Кубе пабываў Джымі Картэр, але ўжо ў статусе экс-прэзыдэнта сваёй краіны. У сваю чаргу, кубінскія кіраўнікі наведваліся ў ЗША, але выключна для ўдзелу ў сэсіях Генэральнай асамблеі ААН.
Мяркуецца, што ў Гаване Барак Абама правядзе перамовы з кубінскім калегам Раулем Кастра, сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і выступіць у наўпроставым эфіры мясцовага тэлебачаньня. Як удакладнілі ў прэзыдэнцкім атачэньні, сустрэчы зь «лідэрам кубінскай рэвалюцыі» Фідэлем Кастра не плянуецца.
Летам мінулага году Вашынгтон і Гавана абмяняліся дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі, аднак цалкам адмяніць абмежаваньні на эканамічныя і гуманітарныя кантакты з Кубай мае права толькі Кангрэс. Але пакуль ён кантралюецца рэспубліканцамі, якія пярэчаць супраць такіх «пасьпешлівых крокаў».
Тым ня меней, як падкрэсьліваецца ў камэнтарах міжнародных аналітыкаў, нармалізацыя адносінаў з Кубай, як і ядзерная зьдзелка ў адносінах да Ірану, стане бясспрэчным дыпляматычным посьпехам зьнешнепалітычнай спадчыны адміністрацыі Абамы.