У аўторак Злучаныя Штаты і Куба дасягнулі пагадненьня аб аднаўленьні поўнамаштабных дыпляматычных адносінаў, разарваных у 1961 годзе, і аб адкрыцьці сваіх амбасадаў у сталіцах абедзьвюх краінаў.
Чакаецца, што ў сераду раніцай прэзыдэнт Абама і дзяржаўны сакратар Кэры зробяць адпаведныя заявы. Сур’ёзнай перашкодай на шляху да пагадненьня былі спрэчкі аб тым, ці змогуць амэрыканскія дыпляматы зьдзяйсьняць паездкі па краіне, ня просячы папярэдняга дазволу кубінскіх уладаў.
У мінулым месяцы прэс-сакратар Абамы Джош Эрнэст выказаў надзею на тое, што прэзыдэнт Абама зможа наведаць Кубу да заканчэньня тэрміну сваіх паўнамоцтваў, і адкрыцьцё амбасадаў ліквідуе адзін з апошніх бар’ераў на шляху да рэалізацыі гэтай мэты.
Нават пасьля адкрыцьця амбасадаў спатрэбіцца рашэньне Кангрэсу, каб зьняць эмбарга на гандаль ЗША з Кубай, якое дзейнічае больш за паўстагодзьдзя. Рэспубліканцы, якія валодаюць большасьцю ў абедзьвюх палатах вышэйшага заканадаўчага органу, заяўляюць, што не прагаласуюць за адмену эмбарга.