Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На пачатку 90-х у нас былі свабода і надзея. Цяпер няма ні таго, ні другога...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Галоўнай тэмай у пошце Свабоды застаецца сумная эканамічная рэчаіснасьць сёньняшняй Беларусі. Некаторыя параўноўваюць цяперашнюю сытуацыю з той, якая была ў краіне на пачатку 90-х гадоў, калі толькі што разваліўся Савецкі Саюз і маладая незалежная рэспубліка вымушана была шукаць уласнае месца ў новым эканамічным парадку. Але ці карэктныя такія параўнаньні?

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, дасланага Сяргеем Яновічам зь Менску. Слухач піша:

«Некаторыя супакойваюць: маўляў, у 90-я гады было яшчэ горш, атрымлівалі па 50 даляраў на месяц і неяк выжывалі. А вось мне чамусьці здаецца, што тады было лягчэй і весялей. Можа, таму, што ўсе мы тады былі маладзейшыя, што жыла надзея. Усё ж час тады быў сьветлы: мы толькі што здабылі незалежнасьць, краіна выпаўзала з таталітарнага мінулага. Усё бурліла, віравала. За пасяджэньнямі Вярхоўнага Савету сачыла ўся краіна: гэта было цікавей за любыя фільмы.

Асабіста ў мяне было адчуваньне, што ўсё неўзабаве выправіцца, палепшыцца, што ўсе тыя праблемы — часовыя. Была свабода. І была надзея. А цяпер няма ні таго, ні другога.

Адзін чорны беспрасьветны крызіс на тле закасьцянелага аўтарытарнага рэжыму, цемрашальства і поўнай адсутнасьці свабоды».

Сьцьвярджэньне пра тое, што беларусы на пачатку 90-х гадоў жылі значна цяжэй, чым цяпер, у пэўным сэнсе недакладнае і нават памылковае. У тых, хто так сьцьвярджае, кароткая памяць. Так, атрымлівалі па 50 даляраў, але і за камуналку тады плацілі па 5 даляраў, а не на парадак больш, як цяпер. І хлеб у той час каштаваў 5 цэнтаў, а не паўдаляра. А галоўнае, улада ў той час, на пачатку 90-х, да прыходу Лукашэнкі, ставілася да людзей значна мякчэй, больш памяркоўна, па-людзку. Драконаўскіх штрафаў ды пабораў не прыдумляла, дробных гандляроў не прыціскала. І ўвогуле, ня могучы вырашыць шмат якія праблемы, дазваляла выжываць самім — хто як можа. Пры гэтым, заўважце, чыноўнікі тады жылі не нашмат лепш за простых рабацяг. «Царскіх сёлаў» вакол гарадоў не было, завоблачных акладаў у «вэртыкальшчыкаў» — таксама. З кіраўнікамі раёну, вобласьці і нават краіны можна было выпадкова ўбачыцца ў звычайным маршрутным аўтобусе: многія зь іх езьдзілі на працу як усе, у грамадзкім транспарце. Таму і вялікай злосьці на дзяржаву ды на начальства ў той час у простага народа не было.

Цяпер усё абсалютна інакш. Лютая азлобленасьць проста адчуваецца ў паветры. Тыя «вэртыкальшчыкі» і зьвязаныя зь імі алігархі, якія жывуць за высокімі агароджамі сваіх палацаў, магчыма, гэтага не і адчуваюць. Але і палацы іхныя, і лімузыны, і няўцямная палітыка, накіраваная на тое, каб як мага больш абадраць і так даведзенага да галечы чалавека, — вялізныя раздражняльнікі для грамадзтва. І ў цяперашніх умовах — раздражняльнікі вельмі небясьпечныя.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Луцэсь Засьня з Бабруйску заклапочаны праблемай маральнага аблічча цяперашніх беларускіх кіраўнікоў. Слухач піша:

«Летась у адной зь перадач Свабоды паведамлялася, што сям’ю старшыні Партыі КХП-БНФ Юрася Беленькага ўлады залічылі ў праблемныя і пастанавілі ўвесьці кантроль за выхаваньнем дачкі.

Я ў сувязі з гэтым падумаў: а чаму ў такім разе органы апекі ня зьвернуць увагі на сям’ю іншага вядомага беларускага палітыка? Сам ён жыве ў Менску, а законная жонка — чамусьці ў Шклове. Гадуецца ў яго пазашлюбнае дзіцятка. А дзе маці? Ці бярэ яна ўдзел у выхаваньні сына? Чаму малы так часта прапускае школу? Усе ж бачаць, як ён пасярод навучальнага году лётае разам з бацькам то ў Індакітай, то ў Сярэднюю Азію, то на Блізкі Ўсход...

За савецкім часам гэта называлася „маральнай непераборлівасьцю“ і „разлажэньнем“: за такое і партбілет можна было пакласьці на стол. А што ж цяпер, у наш час?

Здаецца, цяпер толькі царква стаіць на варце маральных падмуркаў і сямейных каштоўнасьцяў. Але чаго ад яе чакаць, калі сьвятыя айцы моўчкі б’юць паклоны перад гэтым дзіўным прыкладам сямейнага ўладкаваньня».

Удакладню, спадар Луцэсь, што сям’ю Юрася Беленькага чыноўнікі залічылі ў праблемныя толькі на той падставе, што самога яго перад тым прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасьці за арганізацыю антысталінскага мітынгу ў Лошыцы. Сам апазыцыйны палітык лічыць гэта помстай і формай палітычнага ціску.

Што да іншай сям’і, якую вы згадваеце ў сваім лісьце. Сапраўды, у дэмакратычных краінах той палітык, які прэтэндуе на галоўную дзяржаўную пасаду, павінен адпавядаць высокім маральным стандартам, у тым ліку і ў сямейных дачыненьнях.

У Беларусі такая традыцыя ня склалася. А цяперашні аўтарытарны рэжым зусім не спрыяе таму, каб яна зьявілася і ў будучыні. Калі падчас самай першай прэзыдэнцкай кампаніі, у 1994 годзе, Аляксандар Лукашэнка імкнуўся асабліва не афішаваць сваё ня надта ўдалае сямейнае жыцьцё, то потым, калі грамадзкі кантроль за ўладай аслабеў, а то і зусім зьнік, усялякія маральныя абмежаваньні ў гэтай справе ўвогуле былі скасаваныя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG