Тры тэмы для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста.
Цыганкоў: Сытуацыя з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках. Мы ўжо рабілі некалькі аналітычных перадач на гэтую тэму, у тым ліку «Экспэртызу Свабоды». Як сьцьвярджаюць незалежныя эканамісты, у сёньняшняй эканамічнай сытуацыя рэальныя альтэрнатывы падвышэньню пэнсійнага ўзросту могуць быць хіба наступныя:
1. Падвышэньне ўнёскаў у фонд сацыяльнай абароны, што азначае рост падаткаў з людзей і далейшае зьніжэньне канкурэнтаздольнасьці прадпрыемстваў.
2. Істотнае зьніжэньне памеру пэнсіяў. Пэнсіянэраў усё болей, працуючых усё меней — лягічна, усім не хапае.
3. Рэзкі і радыкальны рост міграцыі зь іншых краінаў людзей працаздольнага ўзросту, якія будуць тут працаваць і плаціць падаткі ў бюджэт. Гэты варыянт не асабліва абмяркоўваецца, і сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што ён беларусам ня надта спадабаецца.
І гэта сьцьвярджаюць незалежныя эканамісты, якія гадамі пляжаць уладу, але ў дадзеным выпадку канстатуюць відавочнае. Заўважу таксама, што пра непазьбежнасьць падвышэньне пэнсійнага ўзросту кажуць і Сусьветны банк і МВФ.
Дык вось, тыя людзі, часта палітычныя актывісты, якія выступаюць супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту — хацелася б, каб удакладнілі, якую з гэтых рэальных альтэрнатываў трэба выбраць.
Прызнаюся, мяне трошкі зьбянтэжыла рэакцыя дэмакратычнай часткі грамадзтва на інфармацыю пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Кажуць — улада проста падвышае пэнсійны ўзрост, але ня робіць рэформы. Я б больш за іншых хацеў, каб улада рабіла рэформы. Але ж яна іх не робіць.
У эўрапейскіх краінах, дзе эфэктыўнасьць працы ў разы большая за беларускую — пэнсійны ўзрост таксама ўвесь час падвышаюць.
Калі спасылаюцца на тое, што замест падвышэньня пэнсійнага ўзросту трэба падвышаць эфэктыўнасьць працы — можна адказаць, што ў эўрапейскіх краінах, дзе эфэктыўнасьць працы ў разы большая за беларускую — пэнсійны ўзрост таксама ўвесь час падвышаюць, да 65-67 гадоў. Незалежна ад эканамічнага росту ці спаду.
Дзеля дабра краіны трэба радавацца, што ўлада, якая не схільная рабіць рэформы, хоць нешта такое зробіць. Дык няхай хоць пэнсійны ўзрост падвысяць, дэмакратам менш бруднай працы застанецца.
Па-другое, нават у бяднейшых за Беларусь краінах пэнсійны ўзрост вышэйшы. І ў багатых вышэйшы, і ў бедных вышэйшы — незалежна ад эканамічных посьпехаў.
Карбалевіч: Чаму пытаньне пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту раптам стала актуальным? Таму што ў рэжыму заканчваюцца рэсурсы, адбываецца дэмантаж сацыяльнай дзяржавы. Улады ўсё больш перакладаюць на плечы насельніцтва эканамічныя праблемы. У кірунку такой палітыкі і паўстала пэнсійная праблема. Фонд сацыяльнай абароны, зь якога плацяць пэнсіі, мае дэфіцыт. Таму трэба нешта рабіць.
Падвышэньне пэнсійнага ўзросту павінна было б быць часткай глыбокай рэформы ўсёй пэнсійнай сыстэмы.
На добры лад падвышэньне пэнсійнага ўзросту павінна было б быць часткай глыбокай рэформы ўсёй пэнсійнай сыстэмы, пераходу да назапашвальнай мадэлі. Але ўлады адмаўляюцца ад рэформы ня толькі таму, што яна дасьць эфэкт у выглядзе падвышэньня пэнсіяў і зьмяншэньня нагрузкі на Фонд сацыяльнай абароны толькі праз некалькі гадоў. Праблема зноў жа глыбейшая.
Цяпер дзяржава зьяўляецца манапалістам у пэнсійнай сфэры. І я сам сустракаў людзей сталага веку, якія шчыра лічаць, што пэнсіі ім плаціць Лукашэнка, таму за яго і галасуюць. А ў выніку сапраўднай пэнсійнай рэформы зьявіліся б прыватныя фонды, якія б акумуліравалі накапленьні людзей і потым зь іх грамадзяне атрымлівалі б пэнсіі, прычым, больш высокія. То бок рэформа разбурыла б мадэль патэрналісцкай дзяржавы. А гэта ўжо рэвалюцыя сьвядомасьці.
Лукашэнка днямі на нарадзе чарговым разам заявіў, што трэба параіцца з народам. Дык вось у нядзелю я глядзеў інфармацыйныя перадачы беларускіх тэлеканалаў. Там паказвалі, як апытвалі людзей на вуліцах. І высьвятляецца, што народ суцэльна за падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Маўляў, даўно час, мы пра гэта марылі. Такая прымітыўная прапаганда. Хоць вядома, што паводле сацыялягічных апытаньняў, толькі 20% насельніцтва падтрымлівае гэтую прапанову, прычым толькі пры ўмове, што памер пэнсій павысіцца.
Дракахруст: Зараз якраз спаўняецца 30 гадоў з пачатку перабудовы. Тады панавалі такія ўяўленьні, што пазбавім прывілеяў чальцоў партыйнай намэнклятуры і зажывём, як у Нямеччыне. Няма ўжо той партнамэнклятуры, а як ў Нямеччыне не зажылі.
Цяперашнія тэзы пра тое, што ня трэба падвышаць пэнсійны ўзрост, а трэба рабіць рэформы і будзе ўсім шчасьце, крыху нагадваюць тыя перабудовачныя ўяўленьні.
Давайце не будзем браць досьвед заходніх краінаў — гэта надта далёка і надта непадобна на Беларусь.
Давайце не будзем браць досьвед заходніх краінаў — гэта надта далёка і надта непадобна на Беларусь. Давайце паглядзім на справы ў суседзяў — Украіны і Малдовы, «выдатнікаў» эўраінтэграцыі. Што з таго, што прапаноўваюць нашы лібэральныя эканамісты, там ня зроблена? Прыватызацыя прайшла, скарачэньне дзяржапарату — таксама, свабоды прадпрымальніцтва значна больш, чым у Беларусі. Але ж і там давялося падвышаць пэнсійны ўзрост.
Рэч ня ў тым, што скончыліся грошы, што цяпер крызіс. А тым, што няўхільна расьце прапорцыя паміж доляй пэнсіянэраў, і доляй тых, хто працуе. І ў Францыі, і ў Нямеччыне, і ва Ўкраіне, і ў Малдове. І ў Беларусі. Яна расьце і далей будзе расьці. І тут скарачэньне апарату, прыватызацыя — гэта ўсё не дапамагае, хоць гэта ўсё трэба рабіць.