Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць кандыдатаў на ўкраінскага прэм’ера: у тым ліку амэрыканка, паляк, грузін


Тры кандыдатуры на пасаду прэм’ер-міністра Ўкраіны абмяркоўвалі сёньня дэпутаты Вярхоўнай Рады ад парлямэнцкай фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі».

Гэта міністар фінансаў Натальля Ярэська, старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімір Гройсман і лідэр партыі «Самадапамога», мэр Львова Андрэй Садавы.

Вось ужо тры тыдні, як у Кіеве распалася кіруючая кааліцыя, і ў Вярхоўнай Радзе няма большасьці. Ўрад Украіны да гэтага часу не прыняў рашэньне, якое дазволіла б выйсьці з палітычнага крызысу.

Галасаваньне аб недаверы ўраду адбылося ў Вярхоўнай Радзе яшчэ 16 лютага. Адстаўку кабінэту міністраў на чале з прэм’ер-міністрам Арсенем Яцанюком падтрымалі толькі 194 дэпутаты з 226 неабходных. У прыватнасьці, Яцанюка абвінавачвалі ў нежаданьні змагацца з карупцыяй і алігархамі. Нягледзячы на правал працэдуры недаверу, палітыкі працягваюць казаць пра неабходнасьць адстаўкі Яцанюка і яго каманды.

На гэтым тыдні парлямэнт можа зноў прагаласаваць за абраньне новага кіраўніка ўраду, заявіў украінскі палітоляг Віцій Кулік у інтэрвію Радыё Свабода. «Цяпер ходзяць чуткі, што ў Вярхоўнай Радзе ёсьць 235 галасоў, каб выбраць новага прэм’ер-міністра. На гэтым тыдні мы ўбачым, ці ёсьць гэтая большасьць», — сказаў ён.

У міжнароднай прэсе абмяркоўваюць верагодных кандыдатаў на пасаду прэм’ера з самага пачатку парлямэнцкага крызісу.


Натальля Ярэська

Народжаную ў ЗША ўкраінку, цяперашняга міністра фінансаў Украіны называюць найбольш верагодным кандыдатам на прэм’ерскае крэсла, паводле крыніцаў брытанскай газэты Financial Times, амэрыканскага выданьня Politico, украінскага інтэрнэт-парталу «Украінская праўда» і шэрагу іншых выданьняў.

Ярэська нібыта папярэдне пагадзілася стаць прэм’ер-міністрам, але з дзьвюма ўмовамі. Па-першае, яна хоча стварыць тэхнакратычны ўрад без партыйных квотаў і ціску з боку. Па іншых зьвестках, яна таксама патрабуе права прызначаць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў.

З-за невялікага вопыту ва ўкраінскай палітыцы і недахопу сувязяў у палітычных партыях, Ярэська наўрад ці можа спадзявацца на безумоўную падтрымку яе рашэньняў у парлямэнце, асабліва, калі яны будуць непапулярнымі. У гэтым выпадку невядома, ці пагодзіцца Кіеў на ўмовы Ярэські.

Андрэй Садавы

Мэр Львова, лідэр палітычнай партыі «Самадапамога» стаў кандыдатам нумар два, прапанаваным прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, паводле заявы яго прэс-сакратара. Мэтай ўраду на чале з Садавым стала б паскарэньне тэмпу рэформаў.

Пасьля правалу галасаваньня за адстаўку Яцанюка партыя Садавога пайшла ў апазыцыю, назваўшы дэпутатаў ад прэзыдэнцкай і прэм’ерскай партый «удзельнікамі алігархічнага перавароту».

Нягледзячы на посьпех Садавага ў Львове, а яго партыі ва Ўкраіне, аналітыкі лічаць, што гэта вынік яго працы выключна на рэгіянальным узроўні. Невядома, ці зможа ён справіцца з працай прэм’ер-міністра.

Уладзімір Гройсман

Былы мэр ўкраінскай Віньніцы, які пасьля прыходу Парашэнкі да ўлады стаў віцэ-прэм’ерам, сёньня займае пасаду сьпікера Вярхоўнай Рады. Па дадзеных брытанскай Financial Times, кандыдатуру Гройсмана прапанавалі, калі перамовы з Ярэськай зайшлі ў тупік.

Сьпікер лічыцца пасьпяховым палітыкам і мэнэджэрам дзякуючы сваёй працы на пасадзе мэра Віньніцы. За восем гадоў горад пад яго кіраўніцтвам стаў лепшым ва Ўкраіне для жыцьця (па вэрсіі часопісу «Фокус» ў 2013 годзе).

Гройсмана лічаць блізкім паплечнікам Парашэнкі. У гэтым парадаксальная нявыгада: яго прэм’ерства б яшчэ больш кансалідавала ўладу ў руках прэзыдэнта, што магло не спадабаецца заходнім партнэрам і крэдыторам Украіны.

Іншыя кандыдатуры : грузін ці паляк?

Кандыдатура былога прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, які ва Ўкраіне займае пасаду кіраўніка Адэскай абласной адміністрацыі, сёньня абмяркоўваецца толькі палітычнымі экспэртамі, але ніяк не ўкраінскімі палітыкамі. Эндру Ўілсан з Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах лічыць, што ў Саакашвілі ёсьць магчымасьць ўзначаліць урад, аднак толькі пасьля стварэньня і папулярызацыі ўласнай партыі ва Ўкраіне.

Паводле інфармацыі «Украінскай праўды» супрацоўнік Парашэнкі праводзіў таксама перамовы з Лешкам Бальцаровічам, аўтарам польскай «шокавай тэрапіі». Камэнтуючы навіну, што яму паступіла прапанова ўзначаліць украінскі ўрад, Бальцаровіч заявіў літаральна: " я не стартую ў гэтым спаборніцтве«. Ён таксама лічыць, што ўкраінскім прэм’ерам павінен быць хтосьці з Украіны, хто гаворыць па-украінску. «Там шмат добрых кандыдатаў », - дадаў Бальцаровіч, падкрэсьліўшы, што гатовы быць «стратэгічным дарадцам» у працэсе рэфармаваньня краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG