Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец зьбіраецца ратаваць горад, дзе нарадзіўся, і ўжо рыхтуецца да выбараў


Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былы палітвязень Сяргей Скрабец пачаў зьбіраць ініцыятыўную групу, якая будзе падтрымліваць яго на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах.

Пра гэта спадар Скрабец паведаміў сёньня Свабодзе:

«Я ўзнаўляю былыя сувязі ў маім родным горадзе Лідзе, дзе мяне ў 2000 годзе абралі парлямэнтаром. Высьветліў, што старая гвардыя засталася. Ёсьць многа ахвотных яшчэ з той каманды зноў мяне падтрымаць.

Вялікую групу па зборы подпісаў ствараць няма неабходнасьці, бо для рэгістрацыі кандыдатам патрэбна мець толькі адну тысячу сапраўдных подпісаў. Каб іх сабраць, хопіць аднаго тыдня».

Сяргей Скрабец стаў пераможцам выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе. Тады ў яго было яшчэ 10 канкурэнтаў. Дэпутацкі мандат ён атрымаў пасьля другога туру.

Людзей выклікалі ў райвыканкам і там прымушалі адмаўляцца ад подпісаў, якія яны за мяне ставілі.

«Ці спрабавалі вы пасьля гэтага зноў балятавацца ў дэпутаты?»

«Так. Гэта было ў 2004 годзе. Тады мая каманда перадала ў выбарчую камісію аж 10 тысяч подпісаў. Але частку іх забракавалі. Рабілася гэта так: людзей выклікалі ў райвыканкам і там прымушалі адмаўляцца ад подпісаў, якія яны за мяне ставілі. Таму мяне не зарэгістравалі кандыдатам.

У наступных дзьвюх кампаніях, што праходзілі ў 2008 і 2012 гадах, я ня ўдзельнічаў. Разумеў, што гэта бессэнсоўна».

«А чаму тады вырашылі ісьці цяпер?»

На апошніх выбарах у лідзкай акрузе быў адзін безальтэрнатыўны кандыдат ад улады. Я ведаю, што было яшчэ некалькі патэнцыйных кандыдатаў. Але кагосьці папярэдзілі, што будуць праблемы зь бізнэсам, кагосьці пагражалі пазбавіць працы.

«Тут ёсьць дзьве прычыны. Першая — на апошніх выбарах у лідзкай акрузе ў выбарцаў не было ніякага выбару. У бюлетэні быў усяго адзін безальтэрнатыўны кандыдат ад улады. Я ведаю, што было яшчэ некалькі патэнцыйных кандыдатаў. Але кагосьці папярэдзілі, што будуць праблемы зь бізнэсам, кагосьці пагражалі пазбавіць працы. Таму я паспрабую сёлета стаць хоць бы другім кандыдатам.

Другая прычына — сытуацыя, якая, можна сказаць, імгненна зьмяняецца ў Лідзе. Раней гэта быў спрыяльны для працы і жыцьця рэгіён. Цяпер там вялікія праблемы з працаўладкаваньнем. Як кажуць мае сябры, якія там жывуць: жудаснае беспрацоўе. А ў мяне ёсьць канкрэтная эканамічная праграма, я ведаю, што і як трэба хуценька рабіць.

І яшчэ — трэба ратаваць горад, дзе я нарадзіўся, ад злачынцаў, наркаманаў, алькаголікаў... На жаль, гэтыя зьявы ў Лідзе ўсё болей распаўсюджваюцца.

Таму буду дамагацца рэгістрацыі, каб праз маю падтрымку мае землякі паказалі, як яны цяпер ставяцца да гэтай улады».

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Нацыянальнага сходу Беларусі (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Сяргея Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргея Скрабца амніставалі, скараціўшы тэрмін на год, і вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG