Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы цэнтар» закрые ўсе выбарчыя акругі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, афіцыйна не зарэгістраваная дагэтуль партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду», мае намер вылучыць сваіх кандыдатаў па ўсіх 110 акругах падчас сёлетняй кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Мы ўжо перадалі сваім партнэрам для кансультацыяў сьпіс з 56 прозьвішчаў патэнцыйных кандыдатаў. БХД і рух „За свабоду“, наколькі я ведаю, таксама маюць прыкладна па паўсотні верагодных удзельнікаў выбарчай кампаніі.

Мы, як заўсёды, будзем гуляць па сваіх правілах, а не па правілах улады. 20 гадоў апазыцыя кажа пра тое, што трэба зьмяніць правілы гульні. І за гэты час нічога не зьмянілася. Найхутчэй, так будзе і сёлета. І тады давядзецца рабіць выбар — альбо застацца ўбаку, альбо выкарыстоўваць востры эканамічны і сацыяльны крызіс для таго, каб прасоўваць сваю праграму структурных зьменаў. Мы свой выбар ужо зрабілі — пойдзем да людзей».

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Віталь Рымашэўскі кажа, што БХД будзе моцна працаваць у рэгіёнах:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Цягам апошніх трох год наша стратэгія была і ёсьць у тым, каб рыхтаваць рэгіянальных лідэраў. Мы праводзім шмат менавіта рэгіянальных акцыяў, скіраваных на абарону палітычных і сацыяльных правоў мясцовага насельніцтва.

Вядома, мы будзем змагацца. Але казаць выбарцам, што зараз, калі Лукашэнку падтрымлівае нават Эўропа, мы даможамся свабодных і справядлівых выбараў, значыць падманваць іх. Таму стратэгія нашай партыі на гэтую выбарчую кампанію (а я спадзяюся, што яна стане стратэгіяй і усёй правацэнтрысцкай кааліцыі) будзе ў аб’яднаньні высілкаў лідэраў грамадзкай думкі ў рэгіёнах на стварэньні „народнага парлямэнту“ альбо „грамадзкага форуму“. Назваць яго можна як заўгодна. А сутнасьць у тым, каб пасьля выбарчай кампаніі праводзіць нацыянальныя мерапрыемствы на новым узроўні.

Тое, што прафэсіяналізму пакуль не хапае, паказваюць акцыі прадпрымальнікаў. Акрамя масавых акцыяў на Плошчы, яшчэ неабходная была б каардынацыя і масавая падтрымка гэтага руху ў рэгіёнах».

«Для руху „За свабоду“ парлямэнцкія выбары 2016 году ўяўляюць пэўную цікавасьць», — кажа першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Адбываюцца вялікія зрухі ўнутры краіны. Дый геапалітычная сытуацыя вакол Беларусі таксама моцна зьмяняецца. Таму, натуральна, мы павінны быць больш актыўнымі. І нягледзячы на тое, што выбары прадказальна могуць прайсьці па такім жа сцэнары, як і ўсе выбары за апошнія 20 год, іх трэба выкарыстоўваць. Мы зьвярнуліся да нашых актывістаў і людзей, якія прыхільна ставяцца да руху «За свабоду» з заклікам вылучаць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Мы будзем дзейнічаць у рамках адзінага сьпісу правацэнтрысцкай кааліцыі.

Нам не хацелася падтрымліваць, а тым болей вылучаць кандыдатаў, якія правядуць выбарчую кампанію толькі дзеля птушачкі. Тыя людзі, якіх мы падтрымаем, пройдуць праз усе этапы выбарчай кампаніі. Перадусім яны будуць зьбіраць подпісы выбарцаў, бо рух «За свабоду» — не палітычная партыя і ня можа вылучаць кандыдатаў рашэньнем свайго кіраўнічага органа.

Пра канчатковую лічбу патэнцыйных кандыдатаў казаць яшчэ ранавата. Аднак сёньня можна сьмела казаць: рух будзе прадстаўлены ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Асабліва моцная каманда зьбіраецца ў Менску.

Чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў, найбольш верагодна, пройдуць 11 верасьня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG