Ад сёньняшняга дня Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі пачынае кампанію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Пра гэта заявіў 18 лютага першы намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч:
«Мы маем 217 кандыдатаў на 110 акругаў. Зь іх ліку вызначым па адным на кожную акругу і іх імёны назавем на партыйным зьезьдзе».
Сярод галоўных прыярытэтаў партыйных кандыдатаў будуць жорсткае адстойваньне сувэрэнітэту Беларусі і яе нацыянальных інтарэсаў у Эўразійскім эканамічным саюзе, падтрымка прадпрымальнікаў, паляпшэньне дачыненьняў з Эўразьвязам.
Паводле спадара Гайдукевіча, ЛДП за апошні час значна амаладзілася. Таму пераважная колькасьць кандыдатаў будзе ва ўзросьце 35–45 гадоў.
Канкрэтная дата правядзеньня парлямэнцкіх выбараў яшчэ ня вызначаная. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына неаднойчы заяўляла, што, найбольш верагодна, яны адбудуцца 11 верасьня.