Больш за 400 украінскіх вайскоўцаў загінулі ў выніку баявых дзеяньняў на Данбасе пасьля ўступленьня ў сілу пагадненьня аб спыненьні агню, дасягнутага ў Менску год таму, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Намесьнік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпэнтэр, у веданьні якога знаходзяцца пытаньні, зьвязаныя з Украінай, Расеяй і Эўразіяй, заявіў, што ЗША назіраюць «значнае» ўзмацненьне сутыкненьняў на ўсходзе Ўкраіны. Паводле яго слоў, нягледзячы на леташняе пагадненьне аб спыненьні агню, узброеныя сілы Ўкраіны страцілі ня менш за 430 чалавек у сутыкненьнях з сэпаратыстамі.
«Расея падтрымлівае камандныя і кіраўніцкія сувязі з сэпаратыстамі, якіх яна падтрымлівае ва ўсходняй Украіне», — заявіў Карпэнтэр «Голасу Амэрыкі».
Расея пастаўляе на ўкраінскі Данбас цяжкае ўзбраеньне, адначасова займаючыся навучаньнем і кіраваньнем сэпаратыстамі з дапамогай «сілы, якая прысутнічае ва ўсходняй Украіне».
«Гэта праблема, якая заахвочваецца Расеяй», — сказаў Карпэнтэр.
Сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, за апошні тыдзень ажыцьцявілі сотні нападаў на ўсходзе Ўкраіны.
Выступаючы перад камітэтам Сэнату па ўзброеных сілах у аўторак, кіраўнік Эўрапейскага камандаваньня Філіп Брыдлаў заявіў, што за папярэднія суткі была праведзена 71 атака, а за папярэднія сем дзён — каля 450 нападаў.
Брыдлаў паведаміў журналістам у Пэнтагоне у аўторак аб зьяўленьні «трывожных тэндэнцыяў». Ён адзначыў атакі ў рэгіёнах, дзе да гэтага было спакойна, а таксама ўжываньне зброі, якая павінна быць забароненая.
Нягледзячы на гэтыя тэндэнцыі і рэкамэндацыі Брыдлава, якія ўключаюць перадачу летальнай зброі ўкраінскай арміі, адміністрацыя Абамы пакуль не ўключыла летальную зброю ў свае пастаўкі Ўкраіне.
Ключавыя словы: менскія пагадненьні, Брыдлаў, Україна, Карпэнтэр, Данбас, Расея