Менскі гарадзкі суд сёньня а 15-ай гадзіне пачне разглядаць скаргу журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага, які аспрэчвае накладзены на яго штраф нібыта за нецэнзурную лаянку і супраціў АМОНу.
У скарзе Павал Дабравольскі адзначыў, што ня згодны з пастановай суду, бо яна «неабгрунтаваная, вынесеная без усебаковага вывучэньня ўсіх абставінаў і пры наяўнасьці сур’ёзных супярэчнасьцяў, якія засталіся неліквідаванымі падчас судовага паседжаньня».
Паводле журналіста, пастанова суду грунтуецца выключна на паказаньнях міліцыянтаў, якія яго зьбілі. Таксама паказаньні супрацоўнікаў міліцыі не ўзгадняюцца паміж сабой.
25 студзеня Павал Дабравольскі быў зьбіты ў будынку суду Фрунзенскага раёну Менску, дзе рыхтаваў рэпартаж аб працэсе па «справе графіцістаў».
За месяц, які мінуў з часу інцыдэнту, калегі журналіста зьвярталіся ў некалькі дзяржаўных ведамстваў з просьбай адрэагаваць на сытуацыю. Міністэрства ўнутраных спраў адразу назвала дзеяньні праваахоўнікаў законнымі, міністар інфармацыі таксама стала на бок міліцыянтаў і абараняць журналіста ня стала, такое ж меркаваньне выказаў і міністар юстыцыі Алег Сьліжэўскі.
Сьледчы камітэт да гэтага часу не азнаёміў пацярпелага журналіста з вынікамі праверкі, прызначанай па факце зьбіцьця міліцыянтамі. Паводле Дабравольскага, сьледчыя нават не вярнулі яму мабільны тэлефон з запісам інцыдэнту, які прасілі на адзін дзень.
«Ужо прайшоў адведзены на разьбіральніцтва месяц з моманту майго звароту ў Сьледчы камітэт з просьбай прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасьці за зьбіцьцё. Але адказу ад сьледчых па-ранейшаму няма: яны не тэлефануюць самі і не адказваюць на мае тэлефанаваньні. У СК па-ранейшаму знаходзяцца мае рэчы, парваныя міліцыянтамі, і мабільны тэлефон, на які я спрабаваў зьняць падзеі 25 студзеня. Тэлефон мне абяцалі аддаць празь дзень-другі, але цяпер яны нават на сувязь са мной не выходзяць», — распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» Павал Дабравольскі.
Пакуль не атрымала адказу на свой зварот у СК і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якая зьвярнулася туды на наступны дзень пасьля інцыдэнту з патрабаваньнем прыцягнуць міліцыянтаў да крымінальнай адказнасьці.
«Вось на такім фоне пройдзе суд. У сваёй касацыйнай скарзе я прашу адмяніць штраф у дачыненьні да мяне на той падставе, што суд першай інстанцыі адмовіўся выслухаць сьведак з майго боку. Акрамя таго, у судовай пастанове шмат нестыковак — некаторыя сказы проста супярэчаць іншым. Але я, калі шчыра, гатовы да любога рашэньня. Суд можа як адмяніць папярэдняе рашэньне, так і пакінуць яго ў сіле», — канстатуе Дабравольскі.
28 лютага ў перадачы «Клюб рэдактараў» узяў удзел старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец. Як ён сказаў у інтэрвію Свабодзе, што асноўнай задачай свайго ўдзелу ён бачыў абмеркаваньне на тэлеканале «Беларусь-1» інцыдэнту са зьбіцьцём журналіста.