Як паведамляецца ў прэс-рэлізе менскага ГУУС, 25 студзеня ў залі суду сталічнага Фрунзенскага раёну «два беспрацоўныя жыхары горада Маладзечна заміналі правядзеньню судовага паседжаньня». Судзьдзя Ала Скуратовіч, як сьцьвярджаецца, вынесла ім папярэджаньне, не якое яны не адрэагавалі. На загад судзьдзі супрацоўнік міліцыі прапанаваў грамадзянам пакінуць залю суду, а калі тыя не падпарадкаваліся, «да іх была ўжытая фізычная сіла».
Таксама «быў затрыманы», як паведамляецца, «грамадзянін П. Дабравольскі, які пранікнуў у службовае памяшканьне, дзе знаходзіліся парушальнікі правапарадку, замінаў законным дзеяньням супрацоўнікам міліцыі, на заўвагі спыніць свае супрацьпраўныя дзеяньні не рэагаваў». Пра тое, што Дабравольскі — журналіст, не ўдакладняецца.
Працэс затрыманьня з ужываньнем сілы добра бачны на відэа «Белсату»:
Пасьля, як распавядаюць затрыманыя Максім Шыцік, Павал Сяргей і Павал Дабравольскі, іх каля 20 хвілінаў зьбівалі 5-6 чалавек. Як удакладняў Дабравольскі, білі па галаве нагамі. Міліцыя ня згадвае пра далейшае зьбіцьцё, адно паўтарае:
«У адпаведнасьці з Законам „Аб органах унутраных спраў“ для спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў ужывалася фізычная сіла. Па факце правамернасьці яе ўжываньня ў ГУУС Менгарвыканкаму прызначаная службовая праверка».
Максіма Шыціка і Паўла Дабравольскага аштрафавалі на 9 450 000 рублёў, Паўлу Сяргею далі штраф у 10 500 000 рублёў. Іх абвінавацілі ў «непавазе да суду» і «законных патрабаваньняў службовай асобы», а таксама ў «дробным хуліганстве». У якасьці сьведкі выступіў міліцыянт Сяргей Кавальчук, які, паводле асуджаных, прымаў удзел у іх зьбіцьці.
Як распавядаў журналіст Дабравольскі, ён ня згодны з абвінавачаньнем, напісаў заяву ў міліцыю, якую мае разгледзець Сьледчы камітэт, і будзе настойваць на незаконнасьці зьбіцьця.
Прэс-сакратарка Вярхоўнага суду да таго прынесла нефармальныя асабістыя выбачэньні перад «усёй журналісцкай супольнасьцю».