Міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын распавёў журналістам пра лёс крэдытаў ад Эўразійскага фонду і ад МВФ.
Паводле Амарына, беларускі бок «знаходзіцца на апошнім этапе працэсу з Эўразійскім банкам разьвіцьця і Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця».
Крэдыт Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, паводле міністра, «можа ўвасобіцца ў рэальнасьць» у бліжэйшыя тыдзень-два.
Дэталяў крэдытнай дамовы Амарын не раскрыў, паведамляе БелТА.
Раней Лукашэнка заявіў, што РФ дапаможа Беларусі праз Эўразійскі банк разьвіцьця, які кіруе сродкамі фонду. Расея — асноўны донар ЭФСР, да якога ў сакавіку 2015 года Беларусь зьвярнулася па крэдыт.
У 2015 годзе афіцыйны Менск падаў заяўку ў Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця на крэдыт у памеры 3 млрд даляраў. У выніку перамоваў сума пазыкі зьменшылася да 2 млрд.
27 лютага пасол Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў заявіў, што рашэньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту Эўразійскага фонду прынята.
Адказваючы на пытаньне пра новую праграму зь Міжнародным валютным фондам, старт якой чакаўся ў студзені-лютым, Уладзімер Амарын паведаміў журналістам, што «бакі знаходзяцца ў паўзе». Яна зьвязаная з абмеркаваньнем пытаньняў праграмы з фондам.
З МВФ беларускі бок абмяркоўвае праграму супрацоўніцтва, якая была б падтрымана крэдытам на 3 млрд даляраў пад 2,28% на 10 гадоў.