Заснавальнік мядовай літаратурнай прэміі, пружанскі пчаляр ды літаратар Мікола Папека ўжо 14 год ушаноўвае пісьменьнікаў Берасьцейшчыны пудам мёду.
Сёлетняя імпрэза адбылася ў Берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі, дзе сабраліся літаратары, сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з розных гарадоў рэгіёну.
Імпрэзу вёў берасьцейскі паэт Мікола Пракаповіч:
«На Берасьцейшчыне ў нас дзьве рэгіянальныя літаратурныя прэміі. Адна — імя Ўладзімера Калесьніка — фінансуецца аблвыканкамам. Напачатку яна была даволі цікавая, але апошнія гады яна перажывае такую мастацкую дэвальвацыю можа быць з-за таго, што перавага стала аддавацца так званым „чэсным“ пісьменьнікам. Але існуе і грамадзкая прэмія — Берасьцейская мядовая літаратурная прэмія».
Паэт Алесь Каско атрымаў самую першую мядовую прэмію. Ён выступіў на ўганараваньні Паўла Ляхновіча:
«Мядовая прэмія — ня так матэрыяльная, як маральная падтрымка для паэта, для пісьменьніка, якому ня вельмі соладка. Гэта сяброўская падтрымка. Павал Ляхновіч вельмі актыўны і працавіты як літаратар. Ён піша пра тое, што думае, што яго трывожыць або нават баліць. У кожным яго творы ёсьць вечнае — чалавекалюбства і патрыятызм», — распавёў Алесь Каско.
Мікола Папека ўручыў Паўлу Ляхновічу вядро мёду, дыплём, а таксама значок «Берасьцейская мядовая літаратурнай прэмія».
«Прысудзіць прэмію Паўлу Ляхновічу вырашыла берасьцейская суполка Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Прэмія ідзе на падмацаваньне творчага настрою пісьменьніка», — распавёў Свабодзе заснавальнік мядовай прэміі Мікола Папека.
Спадар Папека распавёў, што ўлады не зьвярталіся да яго з прапановаю дапамагчы ў правядзеньні штогадовай прэміі.
«Мяне можа падтрымаць толькі пчала. На сёньняшні дзень я выдаў каля 200 кіляграмаў мёду. І тут улады ні пры чым, гэта мая прыватная прэмія. Добра яшчэ, што не перашкаджаюць у гэтым», — кажа пчаляр ды літаратар.
Ляўрэат унікальнай прэміі Павал Ляхновіч у камэнтары Свабодзе выказаўся, што вельмі ўсхваляваны тым, што яго ўганаравалі:
«Гэта моцны штуршок, каб гэтую працу працягваць і імкнуцца пісаць як мага больш дасканала».
Павал Ляхновіч нарадзіўся ў 1954 годзе. Быў мараком падводнага і надводнага флёту, працаваў аўтасьлесарам, дырэктарам прадпрыемства, «выбівалам» у рэстарацыі, трэнэрам па кікбоксінгу, целаахоўнікам, журналістам, будаўніком у Маскве ды Варшаве.
Як распавядае сам Павал Ляхновіч, пісаць яго цягнула з маленства, але выдавацца пачаў толькі ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя.
Павал Ляхновіч выдаў зборнікі апавяданьняў «Пачатак сэзону», «Золата князёўны», «Зялёны дуб». Апошнім часам шмат займаецца перакладамі з польскай. Друкуецца ў часопісах «Дзяслоў», «Абажур», «Тэрмапілы».
Павал Ляхновіч як вернік грэка-каталік дапамагаў расьпісваць айцу Ігару Кандрацьеву царкву ў Берасьці, працаваў над абразамі.
Пісьменьнік любіць граць на старажытным музычным інструмэнце — дрымбе.