Глод: На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 25 лютага прагучалі дзьве характарыстыкі так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Кіраўнік Беларусі традыцыйна называў яе «лякаматывам інтэграцыйных працэсаў», прэзыдэнт Расеі казаў, што «ідэя будаўніцтва Саюзнай дзяржавы яшчэ не памерла».
У гэтых вызначэньнях мне бачыцца і два розныя падыходы да таго, што адбываецца на расейска-беларускай прасторы. Лукашэнка па-ранейшаму славіць інтэграцыю паміж Беларусьсю і Расеяй. Зразумела, у ягоным разуменьні такая інтэграцыя азначае магчымасьць атрымліваць танныя нафту і газ, расейскія крэдыты і г. д. Пуціну, падобна, болей ня хочацца плаціць Беларусі толькі за прыгожую рыторыку яе кіраўніка.
І гэта, бадай, галоўнае, што можна вынесьці з учорашняй сустрэчы. 25 лютага, як ніколі раней, паказала, што маюць рацыю тыя палітолягі, якія ўжо даўно параўноўваюць праект так званай Саюзнай дзяржавы з славутым чамаданам бяз ручкі. Чаму Лукашэнку гэты чамадан патрэбны, я ўжо тлумачыў. Пуціну ён ужо непатрэбны. Але і кідаць чамадан шкада. Бо калі кінеш, тады трэба публічна прызнацца, што за гэтым так званым інтэграцыйным працэсам не стаіць амаль нічога сур’ёзнага і карыснага.
Дарэчы, адзін просты прыклад. Я добра памятаю самыя першыя праекты гэтак званай саюзнай дзяржавы: «Саюзны тэлевізар», «Саюзны трактар», «Саюзны камбайн», «Саюзны грузавік». Колькі тады было сказана словаў, што Менск і Масква супольна створаць найлепшыя ў сьвеце тэлевізары, трактары, грузавыя машыны! Нават уцягнулі ў гэтую справу Менскі і Яраслаўскі аўтазаводы. Мінула з таго часу два дзясяткі гадоў, і дзе тая найлепшая тэхніка? Няма яе.
Эканаміст Яраслаў Раманчук у фэйсбуку напісаў пра тое, што ня вырашылі ў Менску два прэзыдэнты.
Пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Расею — раз.
Зьніжэньне коштаў на расейскі газ для Беларусі — два.
Стварэньне свабоднага рынку грузаперавозак — тры.
Адмены нетарыфных бар’ераў адзін супраць аднаго — чатыры.
Узьнікненьне дысбалянсаў грашова-крэдытнай палітыкі — пяць.
Якасьць і паходжаньне харчовых тавараў з Беларусі ў Расею — шэсьць.
Доступ у дзяржзакупкі адзін аднаго — сем.
Вольнае перамяшчэньне грамадзянаў без рэгістрацыі, свабодны доступ на рынак працы — восем.
Разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы ў Беларусі — дзевяць.
І нарэшце просьба Беларусі вылучыць ёй крэдыт Расеяй не задаволеная — дзесяць.
І вось бачачы ўсё гэта, Крэмль дагэтуль ня хоча прызнаць стомленасьць і немэтазгоднасьць праекту так званай Саюзнай дзяржавы. На ваш погляд, калегі, чаму?
Навумчык: Я б не зусім пагадзіўся наконт таго, што гэтая Саюзная дзяржава Крамлю ўжо не патрэбная. Калі мы гаворым пра нейкія канкрэтныя праекты ў галіне вытворчасьці, напрыклад «Саюзны тэлевізар», ня трэба ніякіх бюракратычных надбудоваў, каб выпусьціць добры прадукт, тут зусім іншыя мэханізмы працуюць. Справа ў тым, што гэтая Саюзная дзяржава, асабліва зараз, Крамлю вельмі патрэбная. Як гэта было і раней, паколькі гэта цалкам укладаецца ў ідэалягему зьбіраньня рускіх земляў. Далучылі рэальна нейкую краіну ці не далучылі — справа іншая. Прыгадаем, калі гэта пачалося — канец 90-х гадоў, калі ў Ельцына быў вельмі нізкі рэйтынг і ён вось гэтым браў электарат. Так і Пуцін. Крым ён адбірае вайсковым чынам, на ўсходзе Ўкраіны ён вядзе вайну, а Беларусь такім інтэграцыйным праектам. Да расейскага электарату, для расейскай мэнтальнасьці наяўнасьць такой Саюзнай дзяржавы вельмі пасуе. Так званая Саюзная дзяржава, як і так званы выканкам СНД, маюць даволі вялікі апарат, і гэта апарат ня толькі сінэкура. Я паглядзеў, хто працуе ў камісіі, хто працуе ў кіраўніцтве — ня буду называць працэнты, але значная частка — гэта супрацоўнікі ФСБ. Гэта яшчэ адзін выпадак наяўнасьці ў Беларусі расейскай агентуры і кантролю над рознымі сэгмэнтамі не толькі беларускай эканомікі, але і грамадзтва.
Максімюк: Цяжка адказаць, навошта гэтая Саюзная дзяржава сёньня патрэбна Пуціну. Ясная справа, яна стваралася ў зусім іншым кантэксьце, інтэграцыя пачалася пры Ельцыне. Што думае Ўладзімір Пуцін пра такую дзяржаву, ён добра пра гэта сказаў у 2002-м годзе: Беларусь можа ўвайсьці ў Расею як суб’ект Расейскай Федэрацыі або шасьцю абласьцямі.
З Лукашэнкам іншая справа. Акрамя эканамічных выгадаў, Саюзная дзяржава дае Лукашэнку палітычныя выгады. Масква пачала далучаць Крым вайсковымі мэтадамі, а тут няма мяжы, псыхалягічна вельмі цяжка і нязручна абгрунтаваць вайсковую анэксію Беларусі. Кожны беларус сказаў бы — слухайце, мы жывем у адной дзяржаве, чаго вам трэба? Мы ўжо даўно да вас далучыліся.
У сувязі з гэтым мне прыгадалася дамова, якую падпісаў Савецкі Саюз у 1948-м годзе з Фінляндыяй, аб супрацоўніцтве і вайсковай дапамозе. Фінляндыя была вымушаная пагадзіцца, каб застацца незалежнай ва ўнутранай палітыцы, але ў савецкай сфэры ўплыву. Так і Беларусь, пакуль існуе гэтая дамова, будзе заставацца ў расейскай сфэры ўплыву. Але сапраўды, болей бонусаў з гэтай праграмы мае Менск, чым Масква.