«Дзе для вас больш зручна запісаць інтэрвію? У Брусэлі, Страсбуры ці ў Вільні? — пытаецца мяне экс-прэзыдэнт Літвы, эўрадэпутат Раландас Паксас. Я выбіраю Вільню.
І вось я пра праспэкце Гедыміна, заходжу ў офіс партыі Раландаса Паксаса «Парадак і справядлівасьць». У прыёмнай я бачу партрэты ўсіх былых літоўскіх прэзыдэнтаў з 1919 па 1940 гады і ад 1992 году, уключна з самім Паксасам.
Званьне прэзыдэнта пажыцьцёвае, імпічмэнт на яго не распаўсюджваецца. З атрыбутаў прэзыдэнцтва Раландасу Паксасу пакінулі прэзыдэнцкі ордэн Вітаўта Вялікага на залатым ланцугу, і ён пад шклом знаходзіцца на ганаровым месцы ў кабінэце экс-прэзыдэнта.
Раландаса Паксаса пазбавілі недатыкальнасьці, прэзыдэнцкай пэнсіі і забаранілі балятавацца на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах у Літве. Былы прэзыдэнт больш за 10 гадоў праз нацыянальныя і міжнародныя суды дамагаецца аднаўленьня права балятавацца. І летась у верасьні Сойм Літвы папярэдне зацьвердзіў папраўку да Канстытуцыі, якая дазваляе яму зноў балятавацца на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах.
Зьвяртаю ўвагу, што ўсе фотаздымкі ў кабінэце Раландаса Паксаса — непалітычныя, зьвязаныя зь ягонай сям’ёй і з авіяцыяй. Паводле першай прафэсіі ён — пілёт-выпрабавальнік, дагэтуль бярэ ўдзел у авіяцыйных шоў у розных краінах.
Разам з апэратарам мы выбіраем найлепшае месца для запісу, каб за сьпіной прэзыдэнта быў літоўскі сьцяг. Пасоўваем на ягоным пісьмовым стале некаторыя паперы. І тут сакратарка пытаецца, ці ня варта прыбраць са стала выданьне Канстытуцыі Літвы, каб яно не трапіла ў кадар. Я не адразу сьцяміла навошта гэта, а потым здагадалася. Раландаса Паксаса пазбавілі прэзыдэнцтва паводле абвінавачваньняў у парушэньні Канстытуцыі. Літоўскі суд пастанавіў, што ён парушыў закон, надаўшы сваім указам грамадзянства Літвы расейскаму прадпрымальніку Юрыю Барысаву, які спансіраваў прэзыдэнцкую кампанію палітыка... Я вырашаю ўсё ж пакінуць Канстытуцыю на стале.
Раландас Паксас — пунктуальны, зьяўляецца ў сваім кабінэце роўна ў прызначаны час. Пакуль нам прымацоўваюць мікрафоны, пераглядае раздрукаваныя на паперы пытаньні, насупраць кожнага — ягоныя пазнакі асадкай. Відавочна, што літоўскі прэзыдэнт рыхтаваўся да размовы.
Ён выбачаецца за недасканалую расейскую мову, бо апошнім часам няшмат гаворыць па-расейску, раней практыкі было болей, тым больш, што ён скончыў Акадэмію грамадзянскай авіяцыі ў Расеі.
У Паксаса добрае пачуцьцё гумару, ён знаходзіць трапныя адказы на складаныя пытаньні пра Расею, кшталту: «Мы можам выбраць жонку, ці думаем, што выбіраем жонку, па-мойму, часьцей жонка выбірае будучага мужа, а суседа дае Бог, і з гэтым суседам трэба жыць у згодзе і міры».
Як маё ўражаньне палітычныя выпрабаваньні зрабілі прэзыдэнта Паксаса філёзафам. «Чым палітыка адрозьніваецца ад шахмат? Як быццам падобныя, так? — пытаецца ён, і тут жа адказвае, — Ні чорта не падобныя. Вось шахматная дошка: ты бачыш фігуры, ты можаш пралічыць адзін, два, тры ці дзесяць варыянтаў. У палітыцы шмат фігураў, асабліва тых, якія трымаюць за асноўныя вяроўкі, ня можаш бачыць».
Але найбольш прыемная для Раландаса Паксаса тэма — авіяцыя, якую ніхто ня зможа ў яго забраць. «Прэзыдэнт — гэта праходзіць, авіяцыя застаецца да канца жыцьця... Пакуль я буду дыхаць, я буду лётаць», — перакананы экс-прэзыдэнт.
Пілёт-віртуоз, якому падабаецца прыказка «Самалёты падымаюцца супраць ветру». Першы у сучаснай гісторыі кіраўнік эўрапейскай дзяржавы, які страціў пасаду ў выніку імпічмэнту. Аўтарытэтны эўрапейскі палітык, які скарыстоўваючы трыбуну Эўрапарлямэнту, заяўляе, што межы і сувэрэннасьць Украіны — гэта сьвятое. Палітык, які мае шанец вярнуцца.
Такім я пабачыла трэцяга постсавецкага прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса. А вось ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.