Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — шырокі распаўсюд у Беларусі п’янства і алькагалізму. Паводле леташняга дакладу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, беларусы ўзначальваюць рэйтынг самых пітушчых краінаў Эўропы. На першым радку Беларусь і ў яшчэ адным сьпісе — па колькасьці самазабойстваў. Дзьве гэтыя сумныя зьявы відавочна зьвязаныя.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Ігар Канановіч зь Менску піша:
«Даўно карцела падняць „алькагольную“ тэму. Вось ізноў, паміж намі кажучы, вымушаны быў адкласьці паездку на радзіму: у тэлефоннай размове мама сказала, што ў бацькі пачаліся „выходныя“... Гэта даўно азначае, што ён паўтыдня будзе выпіваць ад 1 літра гарэлкі ў дзень, і ў кватэры для спакою не застанецца вольнага кутка.
...Яшчэ ў савецкі час намаганьнямі дзяржаўнай прапаганды ў сьвядомасьці чалавека была ўзгадавана такая тоеснасьць: „Адпачынак — гэта тое ж, што і алькаголь“. Таму сёньня ў многіх беларускіх мужчын адразу пасьля выхаду на пэнсію стартуе п’янка, якая перапыняецца толькі тады, калі ўжо няма грошай, ніхто не пазычае, а ў краме перасталі даваць „на вэксаль“. Нярэдка цьвярозыя дні для такіх пачынаюцца ў аддзяленьні „хуткай дапамогі“ ці ў пастарунку.
Бяда. Але дзяржава, на жаль, у гэтым становішчы тушыць агонь бэнзінам. Нізкая якасьць алькаголю адчуваецца нават на смак; кошты пасільныя і для крызіснага часу; прадаецца, лічы, кругласутачна; пітвом гандлюе і любая дзяржаўная крама, і спрытнейшыя з малых прадпрымальнікаў...
Часам усплывае падазрэньне, што такім чынам мэтанакіравана (масава ды яшчэ і з прыбыткам) скарачаецца „пагалоўе“ беларускіх пэнсіянэраў...
Часам усплывае падазрэньне, што такім чынам мэтанакіравана (масава ды яшчэ і з прыбыткам) скарачаецца „пагалоўе“ беларускіх пэнсіянэраў... Нічога не сьцьвярджаю, але на карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць таксама ісьціна, што жыцьцё ў палітыцы схіляе да крайняга цынізму...
Дый маладых шкада. Лядовага палаца ў тваім сяле можа і ня быць, затое гарэлка, самагонка, „чарніла“ будуць абавязкова...», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ігар Канановіч зь Менску.
Ня толькі ў вас, спадар Ігар, склалася такое меркаваньне — пра сьвядомую падтрымку ўладай працэсу алькагалізацыі насельніцтва. Нават самыя сьціплыя спробы абмежаваць продаж алькаголю сутыкаюцца з жорсткім процідзеяньнем чыноўніцкага лобі. Сьвежы прыклад — ухваленая Лукашэнкам адмена забароны на гандаль сьпіртным у начны час. Улады Менску і Гомеля тут жа анулявалі абмежаваньні на продаж алькаголю ўвечары і ўначы, як толькі Лукашэнка скрытыкаваў іх за зьніжэньне аб’ёмаў продажу айчыннай гарэлкі.
Пры гэтым спасылкі на савецкі досьвед і савецкія традыцыі тут не зусім карэктныя. Гарэлка ў СССР была даволі дарагая і зусім не такая даступная, як цяпер. Для параўнаньня: замест паўлітра «Маскоўскай», якая ў 70-я гады каштавала 3 рублі 62 капейкі, тагачасны савецкі рабочы мог набыць 22 боханы хлеба. Цяпер суадносіны зусім іншыя: бутэлька гарэлкі — гэта толькі 7 боханаў хлеба (прынамсі ўтрая меней, чым у савецкі час). Гэта выразна сьведчыць пра стаўленьне ўлады да праблемы. Пры гэтым варта мець на ўвазе: продаж сьпіртнога ў СССР быў абмежаваны па часе. НІ раніцай, ні позна ўвечары, ні тым больш уначы гарэлкай не гандлявалі.
Аўтар наступнага ліста Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну, распавядаючы пра цяперашняе вясковае жыцьцё, піша:
«Жыць становіцца ўсё цяжэй: не заўважаць гэтага немагчыма. Колішнія абяцаньні ўлады пра 500 (ці нават пра тысячу) даляраў заробку цяпер успамінаюцца з горкай усьмешкай.
У гэтым месяцы пэнсіянэраў моцна „парадавалі“ падвышэньнем пэнсіяў — ажно на паўтара працэнта. Лепш бы ўжо нічога не дабаўлялі — гэта проста нейкі зьдзек з народа, кпіны ды насьмешка.
У гэтым месяцы нас, пэнсіянэраў, моцна „парадавалі“ падвышэньнем пэнсіяў — ажно на паўтара працэнта. Лепш бы ўжо нічога не дабаўлялі — гэта проста нейкі зьдзек з народа, кпіны ды насьмешка.
Жыцьцё ў малой вёсцы няпростае. Асабліва ўзімку. Вялікая праблема — дровы. Хоць лес недалёка, але дроў там проста так цяпер ня возьмеш. Нават калі рознае ламачча ды сухастой валяюцца пад нагамі ды гніюць.
Даводзіцца купляць па абвестках у камэрсантаў. А кошты ў іх немалыя: адзін мільён трыста тысяч за машыну, а то і даражэй.
І вось нядаўна я зьвярнуўся ў райсабес, каб дапамаглі мне як інваліду з набыцьцём дроў. А там адказалі: грошай цяпер няма, зьвяртайцеся пазьней... Добра ім казаць, а ў мяне дроў амаль не засталося, а на вуліцы — зіма...
Увогуле, надзеі на зьмены ў краіне — амаль ніякай. Дарваўся да ўлады наш „вялікі хакеіст“, робіць што хоча і саступаць дарогу маладым, відаць па ўсім, не зьбіраецца. Так і жывем — у галечы ды несправядлівасьці», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну.
Так, спадар Генадзь, пра магчымасьць свайго добраахвотнага адыходу ад улады Аляксандар Лукашэнка ня згадваў ні разу за дваццаць два гады прэзыдэнцтва. А вось вынікі ягонага аўтарытарнага кіраваньня такія, што значная частка беларускага насельніцтва пра неабходнасьць зьмены ўлады гаворыць усё больш настойліва. Ці будуць пачутыя гэтыя галасы — залежыць найперш ад самога грамадзтва. _____________________________________________________________________
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by