Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг — усё? Шумчанка заклікаў расфармаваць рабочую групу па пытаньнях ІП


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Старшыня «Пэрспэктывы» заклікае таксама сфармаваць новую рабочую групу, у якую прапануе правесьці адкрыты набор.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка апублікаваў адкрытую заяву з заклікам расфармаваць рабочую групу па пытаньнях дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама ён выказаў недавер да сяброў рабочай групы зь ліку ІП, якія, паводле яго словаў, не адстойваюць інтарэсы ІП.

Раней Шумчанка сам дамагаўся стварэньня рабочай групы дзеля вырашэньня праблемаў прадпрымальнікаў, празь якія яны страйкуюць ад 1 студзеня.

Рабочая група з удзелам прадстаўнікоў улады і прадпрымальнікаў была створаная пасьля публічнай гутаркі Шумчанкі і выканаўцы абавязкаў дырэктара дэпартамэнту па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Пятра Арушуянца. З 8 лютага рабочая група правяла 4 паседжаньні.

Пры наяўнасьці волі ва ўладаў да пераадоленьня існых праблемаў, вырашыць і прыняць кампраміснае агульнае рашэньне можна і трэба было ўжо на 2-ім, максымум 3-ім паседжаньні.

Хоць спачатку Шумчанка вітаў стварэньне рабочай групы, цяпер ён расчараваны яе працай: з прадпрымальнікаў адмаўляюцца здымаць адказнасьць за накладныя, па якіх аплочаны падатак; адмаўляюцца спрасьціць дакумэнтацыю для мікрапартыяў тавару (да €1500) і зьняць кантроль пры ўвозе такіх партыяў; адмаўляюцца скасаваць указ № 222 і вярнуцца да ўказу 2005 году, які даваў «патэнт» на гандаль індывідуальным прадпрымальнікам. Яшчэ да адкрытай заявы Шумчанка заяўляў, што «рабочая група забыла пра прадпрымальнікаў».

Як піша Шумчанка, паседжаньні рабочай групы больш нагадваюць яму не перамовы, а сэмінар па тлумачэньні ўжо прынятых правілаў:

«Пры наяўнасьці волі ва ўладаў да пераадоленьня існых праблемаў, вырашыць і прыняць кампраміснае агульнае рашэньне можна і трэба было ўжо на другім, максымум трэцім паседжаньні, улічваючы абстаноўку ў прадпрымальніцкім асяродку. Відавочнае зацягваньне і зьвядзеньне уладамі ў бок ад асноўных праблемаў прадпрымальнікаў».

У сувязі з гэтым Шумчанка прапануе расфармаваць цяперашнюю рабочую групу, правесьці адкрыты набор у новую. Ён прапануе схему: па тры дэлегаты ад ІП з кожнай вобласьці, адзін дэлегат ад Менску, адзін ад кожнай прадпрымальніцкай арганізацыі — усе абіраюцца на абласным сходзе прамым галасаваньнем індывідуальных прадпрымальнікаў.

Прадстаўляць інтарэсы ІП мусяць не прызначаныя ўладамі людзі, а абраныя прадпрымальнікамі годныя дэлегаты, зь якіх можна потым спытаць альбо адклікаць і замяніць.

«[Я] глыбока перакананы, што ў гэты няпросты час прадстаўляць інтарэсы ІП мусяць не прызначаныя ўладамі людзі, а абраныя прадпрымальнікамі годныя дэлегаты, зь якіх можна потым спытаць альбо адклікаць і замяніць», — рэзюмуе старшыня «Пэрспэктывы».

Паралельна зь дзейнасьцю рабочай групы на Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшлі ўжо два несанкцыянаваныя мітынгі прадпрымальнікаў, у якіх Шумчанка ня браў удзел, бо не хацеў заўчасна трапіць за краты. Наступны несанкцыянаваны мітынг плянуецца на нядзелю, 28 лютага. Шумчанка жа разам са Статкевічам падаў заяўку на санкцыянаваны мітынг 14 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG