Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам забараніў фэст на Дзень Волі ў Палацы спорту з-за этыленгліколю


Дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус
Дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус

Менгарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне 25 сакавіка ў менскім Палацы спорту музычнага фэстывалю «Каго любіш? Люблю Беларусь», спаслаўшыся на ўцечку этыленгліколю.

16 лютага арганізатар фэстывалю «Арт-сядзіба» падпісала з адміністрацыяй Палацу спорту дамову на арэнду пляцоўкі і падала дакумэнты ў Менгарвыканкам на атрыманьне дазволу — гастрольнага пасьведчаньня.

У канцэрце меліся браць удзел такія гурты і музыкі, як Trubetskoy, Akute, Лявон Вольскі, Vinsent, «Крамбамбуля», «Крама», Dzieciuki, Vuraj са «Сьпеўным сходам», Amaroka, «Амплітуда сьмеласьці», «Мутнаевока», «Нейра Дзюбель», :B:N:, «Разьбітае сэрца пацана».

Аднак праз тыдзень кіраўніцтва Палацу спорту паведаміла «Арт-сядзібе», што ў памяшканьні адбылася ўцечка этыленгліколю, таму праводзіць канцэрт нельга:

«21 лютага 2016 году падчас правядзеньня Адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па самба адбылася ўцечка этыленгліколю на лядовай арэне Палацу спорту, якая прывяла да парушэньня працы сыстэмы холадазабесьпячэньня. Рамонтна-аднаўленчыя работы будуць праводзіцца з 21 да 30 сакавіка 2016 г. Па гэтай прычыне правядзенне 25 сакавіка 2016 г. канцэртнага мерапрыемствы не ўяўляецца магчымым».

Празь некалькі гадзінаў «Арт-сядзіба» атрымала адмову і ад Менгарвыканкаму, які ня выдаў дазвол на канцэрт «Каго любіш? Люблю Беларусь!» з-за таго, што 25 сакавіка ў Палацы спорту будуць адбывацца рамонтна-аднаўленчыя работы сыстэмы холадазабесьпячэньня.

«Калі мы першы раз прыйшлі да дырэктара Палацу спорту Сяргея Прановіча, то і дамову, каб падаць на „гастрольку“, за дзень падпісалі, бо дата 25 сакавіка ў графіку была вольная. Таму і прычыну з „уцечкай этыленгліколю“, я ўпэўнены, яму давялося не самому прыдумляць. Бо толькі арэнда пляцоўкі каштуе каля 10 тысяч даляраў, а якое прадпрыемства не зацікаўленае ў атрыманьні грошай, тым больш у такі складаны час? Просты падлік: на канцэрты па-за межамі Беларусі беларускіх гуртоў і выканаўцаў: „Крамбамбулі“, Brutto, Зьмітра Вайцюшкевіча і Лявона Вольскага зьбіраецца да 5 тысяч і больш беларусаў. На адну такую паездку (квіткі, дарога, харчаваньне, гатэль, падарункі, закупы) адзін чалавек выдаткоўвае каля 200 даляраў. Пяць тысяч чалавек вывозяць за адзін такі фэстываль зь Беларусі ў Вільню, Варшаву ці Беласток мільён даляраў. А такіх канцэртаў з-за забаронаў у Беларусі адбываецца 5-10 на год», — пракамэнтаваў адмову дырэктар «Арт-сядзібы» Павал Белавус.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG