Сёньня, 24 лютага, адбудзецца суд, які вызначыць меру стрыманьня Парфянкову.
Справу Васіля Парфянкова разгледзяць у Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева па адрасе: вул. Сьмірнова-Ластачкіна, 10-б.
Як паведаміў Свабодзе камандзір Добраахвотніцкага корпусу «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў» Мікола Каханіўскі, меркавана суд распачнецца а 12.00 па кіеўскім часе.
«Я спадзяюся, што Васіля адпусьцяць. На суд прыйдуць байцы корпусу, каб яго падтрымаць», — сказаў Каханіўскі.
Учора стала вядома, што былы беларускі палітвязень Васіль Парфянкоў затрыманы за ўдзел у акцыі, якую зладзіў Добраахвотніцкі корпус «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў». 20 лютага байцы корпусу разам са сваім камандзірам Міколам Каханіўскім разграмілі кіеўскі офіс Рыната Ахмэтава, офіс расейскага «Альфа-банку» і офіс «Сбербанка России». Каханіўскі расказаў, што акцыя была скіраваная супраць расейскага бізнэсу ва Ўкраіне.