Цягам мінулых сутак у інтэрнэце зьявілася відэа, на якім бачна, як беларус Васіль Парфянкоў, які нядаўна атрымаў сталы дазвол на жыхарства, што дае яму права праз 3 гады падаваць на грамадзянства, удзельнічае ў пагроме аддзяленьня «Альфа-банку» ў Кіеве.
У відэасюжэце бачна, што ў пагроме ўдзельнічае каля 10 чалавек у вайсковай форме, а таксама некалькі чалавек у цывільным. У адным з удзельнікаў пагрому можна ўбачыць падабенства з Васілём Парфянковым.
Васіль Парфянкоў — баец Добраахвотніцкага корпусу АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»). Яго камандзір Мікола Каханіўскі сказаў Свабодзе:
Васіль не зрабіў ніякага разбою, ён дзейнічаў паводле ўказаньня свайго камандзіра, гэта значыць мяне. Я ўзяў на сябе адказнасьць за гэтую акцыю.
«Васіль не зрабіў ніякага разбою, ён дзейнічаў паводле ўказаньня свайго камандзіра, гэта значыць мяне. Я ўзяў на сябе адказнасьць за гэтую акцыю», — сказаў спадар Каханіўскі, які цяпер рыхтуе заяву аб прызнаньні Васіля Парфянкова палітычным вязьнем.
Добраахвотны рух, да якога належыць Васіль Парфянкоў, публічна абвясьціў у Кіеве акцыю па зьнішчэньні расейскага бізнэсу.
Як кажа камандзір, згодна з плянам байцы ягонага атрада «пабілі» офіс Рыната Ахметава, разграмілі офіс расейскага «Альфа-банку» і пабілі вітрыны ў офісе «Сбербанка России».
Такім спосабам мы абвясьцілі пратэст супраць гэтых устаноў, якія зарабляюць грошы на крыві ўкраінцаў. Атрымліваецца, што мы ваюем з Расеяй, а Расея ў нас тут зарабляе грошы. Гэта недапушчальна.
«Такім спосабам мы абвясьцілі пратэст супраць гэтых устаноў, якія зарабляюць грошы на крыві ўкраінцаў. Атрымліваецца, што мы ваюем з Расеяй, а Расея ў нас тут зарабляе грошы. Гэта недапушчальна. Мы афіцыйна абвяшчалі пра гэтую акцыю і выканалі тое, пра што сказалі. Васіль быў актыўным удзельнікам акцыі. Учора яго арыштавалі. Мы, Добраахвотніцкі корпус АУН, будзем за яго змагацца. Я раблю заяву, якая сёньня будзе распаўсюджаная. Мы працягнем барацьбу за свайго пабраціма. І мы абавязкова яго вызвалім», — кажа Каханіўскі.
Паводле Міколы Каханіўскага, Васіль Парфянкоў — адзіны, каго затрымалі ў сувязі з пагромамі.
«Са словаў адваката, які дадзены Васілю дзяржавай, яго абвінавачваюць паводле 296 артыкула, 2 частка Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, у хуліганстве, зьдзейсьненым групай асобаў. За гэта яму пагражае да чатырох гадоў. Зараз мы зьбіраем інфармацыю, зьвязваемся са сьледчым і з адвакатам. Магчыма, будзем браць іншага адваката. Зразумела, што мы прызнаём Васіля Парфянкова палітычным вязьнем і будзем за яго змагацца. Калі дзяржава яго не адпусьціць, то мы арганізуем падпалы расейскіх банкаў. Васіль ваяваў за Ўкраіну так, як гэта разумеў. Ён ваяваў на фронце, у тыле як грамадзкі актывіст. Я думаю, што дзяржава схамянецца і спыніць тэрор супраць добраахвотніка», — упэўнены Каханіўскі.