Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці знойдзецца разумнік, які расшыфруе, што тлумачаць на «гарачай лініі» ЖКГ?


Бадай, самае папулярнае слова гэтым днямі — «жыроўкі». Са спазьненьнем прыкладна на тыдзень беларусы атрымалі так званыя жыроўкі за студзень — «паведамленьні аб памеры аплаты за жыльлёва-камунальныя паслугі і аплаты за карыстаньне жылым памяшканьнем». У сацыяльных сетках людзі выстаўляюць квітанцыі, у якіх фігуруюць лічбы ў 2 і нават 3 мільёны рублёў. Уражваюць і працэнты: у кватэрах, дзе ніхто не прапісаны, гаспадары мусяць кампэнсаваць кошт камунальных паслуг на 117%, 125% і нават 140%. Хоць 100% аплату паслугаў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі абяцае ўвесьці не раней за 2018 год.

У адной такой жыроўцы пазначана, што платнік павінен кампэнсаваць 117% паслугаў.

19 лютага два тэлефонныя нумары сталічнай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі пачалі працаваць як «гарачыя лініі», па якіх можна атрымаць кансультацыю па налічэньні аплаты. Зь цяжкасьцю, спробы зь дзясятай карэспандэнту Свабоды ўдалося датэлефанавацца на гарачую лінію. Аказваецца, ніякай памылкі няма: налічэньні зробленыя ў адпаведнасьці з вызначанымі тарыфамі. Прыводзім даслоўна, што адказала супрацоўніца ЖКГ:

«У вас налічэньні зроблены ў адпаведнасьці з тарыфамі, прынятымі ў студзені 2016 года. І да аплаты выстаўлена менавіта гэтая сума. А то, што ў вас атрымалася 117% — у гэтым месяцы па фактычных тарыфах вылічаны працэнт, які да налічэньняў ня мае адносін у прынцыпе.

Карэспандэнтка: То бок я ўсё адно павінна заплаціць 117%? І гэта цяпер так заўсёды будзе?

Яны не пасьпелі ўнесьці ў базу дадзеных новы тарыф, таму атрымаліся такія працэнты. У наступным месяцы будзе ўсё нармальна.

— Не-не, справа ў тым, што там працэнт вылічаны зыходзячы з тарыфаў па некаторых пастаўшчыках за сьнежань, а налічэньні за студзень у вас падрасьлі істотна. Таму і атрымліваецца, што 117% налічана, і мінус там стаіць — 17% пагашае дзяржава. Гэта як тэхнічная памылка атрымліваецца. То бок налічэньні зробленыя па студзеньскім тарыфе, але па некаторых пастаўшчыках пазначаны сьнежаньскія тарыфы. То бок яны не пасьпелі ўнесьці ў базу дадзеных новы тарыф, таму атрымаліся такія працэнты. У наступным месяцы будзе ўсё нармальна. Вы ўбачыце лічбу каля 70% — то бок вы будзеце аплачваць самі 70%, і 30% пагашаецца дзяржавай, дзесьці так прыблізна».

Усе ўсё зразумелі?

На пытаньне, чаму за ацяпленьне аднапакаёўкі агульнай плошчай 20 квадратных мэтраў давядзецца заплаціць 745 тысяч, супрацоўніца службы ЖКГ адказала:

«Калі б у кватэры быў хтосьці прапісаны, тарыф быў 133 тысячы 417 рублёў за 1 гігакалёрыю, а ў гэтым выпадку плаціць давядзецца па эканамічна абгрунтаваным тарыфе — 854 710 рублёў за 1 гігакалёрыю».

Ці абавязаны чалавек плаціць за камуналку, калі ён ня згодны з налічанымі сумамі, не разумее, адкуль яны ўзяліся?

Экспэрт у пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, які некалі займаў высокую пасаду ў сыстэме ЖКГ, Іван Анташкевіч кажа, што ў Беларусі фармаваньне затратаў на камунальныя паслугі непразрыстае, таму народ шмат чаго не разумее:

Іван Анташкевіч
Іван Анташкевіч

«Абурыцца можна, але плаціць давядзецца. Прычым спачатку трэба заплаціць, а потым разьбірацца — так пабудаваная наша сыстэма. Інакш давядзецца заплаціць пеню, ды яшчэ і штраф».

Людзі абураюцца вялікімі сумамі за карыстаньне ліфтам — у залежнасьці не ад колькасьці жыхароў, а ад плошчы кватэры. Прычым плаціць даводзіцца і за карыстаньне ліфтам, і за электраэнэргію, якую спажывае ліфт. Абураюцца платай за асьвятленьне і прыбіраньне агульных памяшканьняў:

«Я жыву ў 12-павярховіку, у пад’езьдзе 48 кватэр. Пляніроўка такая, што тамбуры на пляцоўцы, дзе 4 кватэры, ізаляваныя, жыхары самі ўкручваюць лямпачкі, самі прыбіраюць. Месца агульнага карыстаньня — толькі прастора пры ўваходзе ў пад’езд, дзе дзьве лямпачкі, якія часьцяком не гараць. Лесьвіцай даводзіцца карыстацца раз на паўгода, калі не працуе ліфт. Туды страшна ступіць увечары — няма ніводнай лямпачкі. А за электраэнэргію асьвятленьня дапаможных памяшканьняў і месцаў агульнага карыстаньня мне налічылі амаль 30 тысяч. Памножце гэтую суму на 48 кватэр. Амаль паўтара мільёна за дзьве лямпачкі ў пад’езьдзе — гэта што, зьдзек?» — пытаецца жыхарка Шабаноў Тацяна, якая атрымала жыроўку за студзень 750 тысяч за трохпакаёўку ў панэльцы (без уліку электрычнасьці). За студзень яна плаціла каля 500 тысяч. У ЖЭУ ёй патлумачылі, што ідзе рэформа ЖКГ, павышаюцца тарыфы.

Экспэрт у пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Іван Анташкевіч кажа, што размовы пра рэфармаваньне сыстэмы ЖКГ пакуль застаюцца толькі размовамі:

У такіх складаных эканамічных умовах камунальныя плацяжы павінны зьменшыцца, калі дзяржава называе сябе сацыяльнай і хоць крыху думае пра людзей.

«Вось быццам бы ў Менску ўзбуйняюць жыльлёва-камунальныя службы, з трох ЖЭCаў робяць адно ЖЭУ, спрабуюць нешта аптымізаваць. Але людзей гэта абсалютна ня тычыцца. Рэформай ЖКГ гэта нельга назваць. Нічога, на мой погляд, ня робіцца ўнутры сыстэмы ЖКГ. Акрамя павышэньня тарыфаў. Але ў цяперашняй складанай сытуацыі тарыфы на электраэнэргію, газ, ацяпленьне, ваду неабходна пакінуць датацыйнымі зь бюджэту на працяглы тэрмін. Калі павышаць нешта, то толькі тэхнічнае абслугоўваньне, адлічэньні на капітальны рамонт...

А цяпер — у 3,5 раза вырасьлі тарыфы на ваду, на 30–40% квартплата, істотна падаражэлі газ, электраэнэргія, цяпло — на фоне таго, што істотна зьменшыліся ў людзей заробкі. У такіх складаных эканамічных умовах камунальныя плацяжы павінны зьменшыцца, калі дзяржава называе сябе сацыяльнай і хоць крыху думае пра людзей. І гэта не апошняе павышэньне тарыфаў ва ўмовах інфляцыі, дэвальвацыі».

Саломы ў агонь падклаў яшчэ і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён выставіў у сацыяльныя сеткі жыроўку Міхаіла Мясьніковіча, які мае катэдж у Драздах. Праўда, жыроўка была толькі на ваду — 29 тысяч. Але і з гэтай сумы сам Мясьніковіч пакрывае толькі 26% выдаткаў. Эканаміст Міхал Залескі гэта пракамэнтаваў так:

Міхал Залескі
Міхал Залескі

«Народ пытаецца: «А колькі плацяць падзельнікі Лукашэнкі, якія жывуць у Драздах у катэджах коштам па два мільёны даляраў? Чаму жыроўкі іх не хвалююць? Высьвятляецца, што празрыстасьці няма. Іх прыбыткі і выдаткі абсалютна незразумелыя народу. І тады паўстае пытаньне: дзе стаіць іх нерухомасьць? Яна стаіць на зямлі. Адзіная велічыня, якая павінна быць зьвязаная з аплатай, — гэта плошча, якую я займаю на плянэце. Калі ў мяне катэдж у самым прэстыжным месцы горада, дзе сотка каштуе 75 тысяч даляраў, я павінен плаціць адпаведна за яго грошы альбо купіць гэту зямлю ў дзяржавы. Калі я жыву на 12 паверсе ў бэтонным блёку панэлькі, я павінен плаціць менш. І тады ўсё пачне станавіцца на свае месцы. А пакуль — тэлефануйце на гарачую лінію, і вам будуць вешаць локшыну на вушы: „Адпаведна з распараджэньнем такім і такім вы аплачваеце зыходзячы з квадратнага мэтра...“ Усё адно вы нічога не зразумееце, у іх там свая тэрміналёгія...

А калі б была базавая велічыня за зямлю, было б усё інакш. Вось у мяне ёсьць кватэра — 80 квадратных мэтраў на 3 паверсе ў мікрараёне Міхалова. Вось, да прыкладу, 80 даляраў і заплаці. А калі кватэра на вуліцы Карла Маркса, 39 — сума ў 5 разоў большая. У Драздах — яшчэ большая.

Ведаеце, калі ў нас былі магістраты за Магдэбурскім правам, так яно ўсё і рабілася. Вы прыходзіце ў магістрат, кажаце: „Хачу семкамі гандляваць“. Пытаюцца, дзе. У Міхалове — заплаці 5 злотых, на прыступках Карла Маркса, 39 — заплаці 500 злотых за год».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG