Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple ня хоча выдаваць праваахоўнікам пароль падазраванага


Кіраўнік кампаніі Apple Цім Кук назваў «жудаснымі» патрабаваньні ўраду ЗША распрацаваць спосаб атрыманьня доступу да абароненага паролем смартфона аднаго з нападнікаў, якія застрэлілі 14 чалавек у каліфарнійскім горадзе Сан-Бэрнардына летась.

У адкрытым лісьце, накіраваным у панядзелак да мільёнаў спажыўцоў прадукцыі Apple, Кук заявіў, што кампанія «зусім не сымпатызуе тэрарыстам», аднак, калі яна выканае патрабаваньне амэрыканскіх праваахоўных органаў і распрацуе спосаб, каб узламаць iPhone Саеда Рызвана Фарука, то гэта створыць прэцэдэнт для шматлікіх далейшых спробаў атрымаць доступ да зьмесьціва смартфонаў іншых асобаў, — паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле Кука, гэта стварае для карыстальнікаў прадукцыі Apple рызыку староньняга доступу да іх асабістай фінансавай і мэдыцынскай інфармацыі, а таксама да дадзеных аб іх месцазнаходжаньні і да фатаграфій, якія захоўваюцца ў смартфонах.

«Ніводзін разумны чалавек не прызнае гэта прымальным», — перакананы Кук.

У панядзелак фэдэральны суд ЗША працягнуў слуханьні, зьвязаныя з адмовай Apple выканаць патрабаваньне Міністэрства юстыцыі ЗША і знайсьці спосаб узламаць смартфон Фарука, атрыманы ім ад працадаўцы.

На мінулым тыдні суд пастанавіў, што кампанія павінна распрацаваць праграмнае забесьпячэньне, якое дазволіць ФБР падабраць пароль да тэлефона Фарука — амэрыканскага грамадзяніна мусульманскага веравызнаньня, які разам са сваёй жонкай-пакістанкай Тафшын Малік учыніў тэракт у Сан-Бернардына.

Аднак кампанія адмовілася выканаць умовы «беспрэцэдэнтнай» пастановы суду і распрацаваць «дзіру» ў сыстэме бясьпекі iPhone, якая паставіць карыстальнікаў пад пагрозу ўзлому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG