Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура анансаваў першае за 20 год падвышэньне цэнаў на бэнзін, а таксама рэзкую дэвальвацыю нацыянальнай валюты ў межах «надзвычайнага эканамічнага становішча». Такім чынам краіна рэагуе на падзеньне цэнаў на нафту, якая несла 95% замежных прыбыткаў, тлумачыць The Guardian.
Цэны на бэнзін з актанавым лікам ня меней за 95 у Вэнэсуэле падскочылі на 6086%, ад 0,097 балівара да 6 балівараў. 91-ы бэнзін падаражэў на 1300%. Тым часам афіцыйны курс балівара, які ўжываецца пры імпарце ежы і мэдыкамэнтаў, упаў ад 6,3 балівара за даляр да 10 пры курсе ў амаль 1000 балівараў за даляр на чорным рынку. Нацыянальная валюта цяпер пераведзеная на часткова плаваючы курс на біржы, таму можна чакаць большага падзеньня ў бліжэйшы час.
Адказнасьць за такія меры ўзяў на сябе асабіста Мадура, які тлумачыў у пяцігадзінным тэлезвароце: меры неабходныя, каб збалянсаваць эканоміку, а новыя цэны на паліва падтрымаюць сацыяльныя праграмы па жытлу, мэдыцыне і адукацыі. Разам з тым ад 1 сакавіка ён паабяцаў падвысіць мінімальную зарплату на 20%.
Прэзыдэнт выказаў спадзяваньне на тое, што эканамічныя меры будуць «зразумелыя людзям на вуліцах», магчыма, згадваючы мінулае падаражэньне бэнзіну. У 1989 годзе на эканамічны крызіс і падаражэньне нафты ў два разы народ адказаў масавымі пратэстамі, у ходзе якіх загінулі ад 276 чалавек паводле афіцыйных зьвестак да 2000 чалавек паводле ацэнак праваабаронцаў. Дэвальвацыю і падвышэньне цэнаў на бэнзін ня раз рэкамэндавалі Вэнэсуэле эканамісты па ўсім сьвеце. Але вэнэсуэльскі аналітык Луіс Віцэнтэ Леон лічыць, што прынятыя меры недастатковыя, і кажа, што гэта тое самае, што «пасаліць гнілы стэйк». Цэны на бэнзін давядзецца увесь час карэктаваць, каб эфэкт ня «зьела» інфляцыя, што склала летась 140%.
Упершыню за 17 год у Нацыянальнай Асамблеі, парлямэнце Вэнэсуэлы, большасьць месцаў трымае апазыцыя, якая раней вырашыла не надаваць прэзыдэнту надзвычайных паўнамоцтваў. Але Вярхоўны суд краіны скасаваў рашэньне парлямэнту, што дазволіла прэзыдэнту займець шырокія паўнамоцтвы на 60 дзён і правесьці рэформу. Пасьля прэзыдэнцкага тэлезвароту пра рэформы ягоны апанэнт, двойчы кандыдат у прэзыдэнты ад апазыцыі Энрыке Капрылес Радонскі заклікаў да рэфэрэндуму па адстаўцы Мадуры.