Украіна афіцыйна праінфармавала сваіх эўрапейскіх партнэраў аб актывізацыі дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі на Данбасе і аб падрыхтоўцы ёю далейшага ўзброенага наступу на Ўкраіну.
Пра гэта апавёў СМІ кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін пасля перамоў на ўзроўні міністраў замежных спраў у «нармандскі фармаце», паведамляе «Эўрапейская праўда».
Ён заявіў, што цяпер праходзяць сумесныя вучэньні расейскіх вайскоўцаў, якія базуюцца ў РФ, расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца на Данбасе, а таксама наймітаў
«Я паказаў некалькі фота таго, як расейская зброя пастаўляецца празь мяжу. Лаўроў на гэта ніяк не адрэагаваў, не каментуючы гэта», — адзначыў ён.
«Я папярэдзіў і нямецкі, і францускі бок, што вучэньні, якія праходзяць зараз, а таксама проста велізарныя пастаўкі зброі, рост колькасьці абстрэлаў, а таксама тэндэнцыя, што ўвесь час выкарыстоўваецца забароненае ўзбраеньне, цяжкая артылерыя, цяжкія мінамёты — гэтая тэндэнцыя цалкам не спыняецца. Таму я папярэдзіў іх, што гэтая тэндэнцыя вядзе да абсалютна сьвядомай дэстабілізацыі», — сказаў міністар.
«Мы бачым, колькі боепрыпасаў зараз перасякае мяжу, і мы разумеем, што гэтыя боепрыпасы могуць скласьці аснову для далейшай наступальнай апэрацыі», — падкрэсліў Клімкін.
Сеньняшнія перамовы ў Мюнхэне кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў у «нармандскім фармаце» па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне доўжыліся менш за гадзіну. Клімкін паведаміў, што яны сталі падрыхтоўчымі да правядзеньня поўнафарматных перамоваў, а таму не завяршыліся канкрэтнымі вынікамі.
«Канкрэтнага выніку — ні аднаго. Гэта была сустрэча для таго, каб падрыхтавацца да наступнага пасяджэньня ў „нармандскім фармаце“. І мы папярэдне дамовіліся, што яно адбудзецца напачатку сакавіка ў Парыжы», — паведаміў кіраўнік МЗС Украіны пасля завяршэньня перамоваў.